Пітэр высілкам волі справіўся з хваляваннем. Адкашляўся, рашуча падсунуў да сябе мікрафон.

— Увага персаналу! Прыступаю да перадстартавай працэдуры. Тэставанне ўсіх сістэм...

Падначаленыя заклацалі клавішамі. Запусцілі праграму праверкі. Праз некалькі хвілін з усіх бакоў пачуліся даклады аб гатоўнасці да старту.

— Цудоўна! — Кіўнуў кіраўнік праекта. — Аб'яўляю хвілінную гатоўнасць. Пачынаю адлік часу. Шэсцьдзясят секунд... пяцьдзясят дзевяць... пяцьдзясят восем...

Тым часам фермы, якія падтрымлівалі ракету-носьбіт, пачалі плаўна адыходзіць у бакі.

— Далажыць аб агульным стане! — Загадаў Пітэр.

— Ціск ў норме... — адгукнуўся дыспетчар. — Прадуўка завершана. Мач­та сілкавання адышла. Ёсць адлучэнне штуцэраў. Пацвярджаю пераход на ўнутраную крыніцу энергіі. Ціск у баках палётны. Тэлеметрыя ўключана. Гідраўлічныя сістэмы адключаныя. Запушчаны галоўны рухавік...

Хваляванне імкліва нарастала. Здавалася, Цэнтр кіравання палётамі тоне ў цяжкіх густых хвалях. Палкоўнік неадрыўна сачыў за імклівым бе­гам секунднай стрэлкі. Як толькі яна наблізілася да запаветнай лічбы «12», націснуў кнопку. Вуркатанне рухавіка «Тытана ІІІЕ-Цэнтаўра» было чуваць нават на шматкіламетровай адлегласці. Дробна зазвінела шкло. Загайдаліся плафоны.

Янкоўскі перавёў погляд на лётнае поле. Ракета агарнулася густымі клубамі дыму. Скрозь яго выбіваліся яркія ўспышкі рэактыўных струменяў, якія білі з соплаў. Некалькі пакутліва доўгіх імгненняў нічога не адбывалася. Сэрца Пітэра сціснулася ад страху. Здавалася, касмічнаму апарату не хапала цягі для пераадолення зямнога прыцягнення. Аднак праз імгненне ракета ўсё ж такі пачала павольна паднімацца, пакідаючы пасля сябе зачаравана прыгожы вогненны струмень у абрамленні дымнага вэлюма.

Зала выбухнула аглушальнымі апладысментамі і крыкамі захаплення. Спецыялісты ўскочылі, пачалі абдымацца, віншаваць адзін аднаго. Ніхто не застаўся абыякавым. Нават госці і тыя ўсміхаліся.

Палкоўнік Янкоўскі расцягнуў губы ва ўсмешцы, а затым сказаў у мікрафон:

— Віншую вас, хлопцы! Мы зрабілі гэта!

Адказам кіраўніку праекта было свята ўрачыстасці, скрозь якое з цяжкасцю прабіваўся голас дыспетчара:

— Дзесяць секунд. Палёт нармальны... Дваццаць секунд. Без змяненняў. Галоўны рухавік працуе на магутнасці восемдзясят працэнтаў ад максімальнай. Усе сістэмы функцыянуюць без збояў...

Пітэр паглядзеў услед ракеце-носьбіту. Касмічны карабель быў падобны на дробную парушынку, якая хутка растваралася ў небе. Палкоўнік Янкоўскі, ледзь стрымліваючы скупую мужчынскую слязу, прашаптаў:

— Шчаслівай дарогі! Няхай у нас усё атрымаецца!

Зорка АС + 79 3888. Сузор'е Змеяносца.

Праз 40 000 гадоў.

Кава была цудоўнай. Матрыкс-45-Зэд, прыцмокваючы ад задавальнення, сёрбаў гарачы напой дробнымі глыткамі. Чатыры пары вачэй уважліва сачылі за маніторам, па якім беглі доўгія слупкі даных. Аператар назірання за станам Сусвету без асаблівых праблем арыентаваўся ў вар'яцкай мітусні значкоў, час ад часу робячы паметкі ў кантрольнай дырэкторыі. Працэс быў настолькі звыклым, што Матрыкс-45-Зэд дазволіў сабе крыху расслабіцца. Усё роўна нічога экстраардынарнага здарыцца не магло. Служба Касмічнай Раўнавагі сваю справу ведала на «выдатна». У зародку перарывала любую небяспеку, якая тэарэтычна магла пагражаць Універсуму.

Але раптам нудны, абрыдлы за некалькі тысяч гадоў працэс быў парушаны. На экране замільгацеў папераджальны сігнал. Аўтаматычна адкрылася новае «акно».

Матрыкс-45-Зэд адставіў кубак, падсунуў крэсла бліжэй да пульта, прабегся шчупальцамі па клавішах. З немалым здзіўленнем прачытаў: «Атрыманы новы ліст». Адрас адпраўніка значыўся як «Зямля». Пакапаўшыся ў памяці, аператар так і не змог ідэнтыфікаваць месца, адкуль прыйшло пасланне. А ведаў ён нямала.

Разгублена хмыкнуўшы, Матрыкс-45-Зэд запусціў праграму сканіравання ліста на вірусы. Па экране паплылі даныя праверкі. Пераканаўшыся ў тым, што іншапланетнае пасланне не ўтрымлівае вірусаў і «чарвякоў», аператар рызыкнуў адкрыць яго. Прабегся вачыма па тэксце. Адзначыў прымітыўнасць выкладання і ўбогасць прымацаваных файлаў. Мімаволі чмыхнуў.