Школа стаяла наводшыбе ад вёскі, на ўзгорку. Сама старая і ў акружэнні старых бяроз, што засланялі яе ад зімовых вятроў. Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы. Не раз вясною ён глядзеў, як дзеці, што ўжо вучыліся, праскрабалі гэтыя дарожкі ў мураве, пасыпалі іх жвірам і абсаджвалі касачамі. А ўсярэдзіну школы, дзе вучацца, так дагэтуль яму і не ўдалося прабрацца.

Настаўнік, яго ў вёсцы называлі пан Цаба, Даніку не вельмі падабаўся.

Неяк улетку яны, пастушкі, спаткалі яго на пашы. Ішоў ён з-пад рэчкі з трыма вудамі, са збанком і з нейкай торбай за плячыма. Школьнікі, а з імі і меншыя хлопцы паскідалі шапкі і, адзін перад адным, як гусі, загаманілі: «Дзень добры! Дзень добры!..» Спыталіся нават, ці хутка ўжо ў школу.

— Яшчэ будзе тры нядзелькі ды тады ў чвартэк[7], — сказаў настаўнік.

Потым пан Цаба паглядзеў на Даніка і спытаўся па-беларуску:

— А чый гэта такі Іванка, га?

— Ён не Іванка, ён Данік, — адказалі старэйшыя хлопцы. — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата.

— Дык, значыцца, ты — пан Даніла Малец, — засмяяўся настаўнік. — Ты таксама прыйдзеш вучыцца. Ходзь ту, не буй сен[8]. — Ён узяў хлопца за плячук і падцягнуў бліжэй да сябе. — А які ж ты, пане Малец, сівы, мурзаты, нястрыжаны!..

Пастушкі засмяяліся.

— Ну, дык хочаш вучыцца?

Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў:

— Ыгы.

— Не ыгы, а хачу. А рыбу вудзіш?

— Хачу.

Дзеці зноў засмяяліся. А чаго? I пэўна ж, хочацца з вудай на рэчку, але рэчка далёка за пашай, на лузе, і не заўсёды можна туды пайсці.

У руцэ пана Цабы пагойдваўся жоўты збанок, падвязаны за шыйку вяровачкай. Сівы цікнуў у яго раз, другі раз і, нічога не ўбачыўшы, спытаўся:

— Што там?

— Рыба, — адказаў настаўнік. — Не пашанцавала мне сёння, пане Даніла Малец, аднаго толькі акунька ашукаў.

— А чаму ж у торбе поўна?

— У торбе? Там сон руўнеж рыбы[9].

— А вы ж кажаце — толькі адну злавілі.

— Ну адну. А гэтыя купіў.

— Дзе купілі?

— Дзе? У склепе, ктуры называ сен Немэн[10]. Ха, ха, ха!.. Не, злавіў усе, пане Малец, толькі адну нясу жывую.

— А чаму вы ілжаце?

— А што, ты ніколі не ілжэш?

— Ыгы.

— Бачыў ты яго — ыгы. Ну, што ж, пане Малец, я табе за гэта ксёнжку дам, калі прыйдзеш у школу. З цацкамі.

На развітанне хлопцы зноў паздымалі шапкі і, адзін перад адным, загаманілі: «До відзэння! До відзэння!..» А Данік стаяў разгублены, не ведаючы — верыць ці не верыць?.. I неяк прыкра было, невядома чаму…

3

Пан Цаба не ашукаў, — як толькі Данік прыйшоў у школу, ён даў і яму кніжку з цацкамі і неяк смешна назваў яе — «элемэнтаж»[11].

Літары даліся хлопцу няцяжка. Толькі з дзвюма з іх Данік, як і ўсе іншыя навічкі, меў многа клопату. Нейкае «а з хвосцікам» і «э з хвосцікам»; першае трэба вымаўляць, як «не то а, не то он», а другое — «не то э, не то эн»… Так муштраваў іх настаўнік. I вымаўляць удавалася толькі яму. Малыя неўзабаве вырашылі, што тут уся справа ў носе — які ў каго нос. У пана Цабы нос быў доўгі, чырвоны, і настаўнік гугніў у яго неяк вельмі ж адмыслова. А ў іх яно так не выходзіла гладка — ні «он», ні «эн»…

Пасля пачалі складаць з літар словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»… Мама і тата — таксама як і ў нас. Анеля — гэта імя дзяўчынкі. Такой дзяўчынкі ва ўсёй Галынцы не было, і таму Данік назваў Анеляй іхнюю пярэстую, вельмі ж пацешную цялушку.

Неяк зімой, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі, як ён рабіў цяпер, ужо не пасучы, заўсёды. Мамы не было дома. Ён сам дастаў з печы капусту, з паліцы — хлеб, пад’еў, прыбраў са стала і разгарнуў «элемэнтаж». Пачаў чытаць вершык, які трэба было вывучыць на памяць. У вершыку польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. А потым:

Ловіл Янэк до полудня,
Маёнц пружнон храпкэн…[12]

На гэтай «храпкэн» Сівы і засеў. Што гэта за «храпка»? Думаў, думаў — дарэмна. Успамінаў, успамінаў… Не, настаўнік не гаварыў ім нічога пра гэтае слова. У мамы не спытаешся: яна пайшла з кудзеляй. Ды, зрэшты, колькі ў яе ні пытайся, толькі і будзе адказу: «А Багі яго ведаюць! Адчапіся. Што я табе — пані ці настаўніца? Бабуля твая, нябожчыца, пакаёўкай у пана была: тая табе адказала б!..»

Раптам Данік успомніў, у каго сёння маці з кудзеляй, і ўсё яму стала ясна. Ну, калі не адразу цяпер, дык хутка будзе ясна, — вось толькі ён пойдзе туды, да Кужалевічаў, ды пакажа гэтую «храпкэн» сябру свайму — Міколу.

Мікола — сябар Даніку? Вялікі дружыць з малым?.. А што ж тут дзіўнага? Пасябравалі яны… Хто яго ведае калі — ці тады, летась вясною, як Мікола абараніў яго ад салтысёнка, ці тады, як і Данік дапамог Міколу? Відаць, і тады, і тады.

Месяцы тры таму назад, увосень, хлопчык бег з пашы дахаты. Іван Цярэшкавых, з якім ён «пускаўся ў школу», прыйшоў з першай змены і пусціў Даніка на другую. Сівы спяшаўся, трусіў подбегам, а тут, з загуменнай дарогі, што за капуснікамі, нехта гукнуў яго:

— Данік! — і памахаў рукою.

Ён пазнаў, хто яго кліча, і пабег па капусце туды.

Пачаўшы ад дарогі новую баразну, Мікола сядзеў на плузе і курыў.

— Вось што, браце Даніла, — сказаў ён. — Дар за дар, а дарма нічога. Я цябе выручыў, і ты мяне выруч. Збегай ты да нас у адрынку[13], дзе я сплю… Глядзі толькі, каб маці мая не ўбачыла. I вазьмі ты там, у кутку каля дзвярэй, адну штуку. Схавай толькі, каб ніхто не бачыў…