Сядзелі ўсе мокрыя і змрочныя, бурчэлі і сварыліся, пакуль Ойн з Глойнам пакутавалі над агнішчам. Більба сумна разважаў пра тое, што прыгоды — гэта не толькі прагулка верхам на поні пад травеньскім сонейкам, і тут Балін, які заўсёды назіраў за наваколлем, сказаў: «Паглядзіце, вунь там святло!» Непадалёк, на схіле пагорка, густа парослага дрэвамі, віднелася святло, чырванаватае, утульнае, быццам зіхацела паходня ці вогнішча.

Калі яны нагледзеліся на святло, пачалі спрачацца. Некаторыя казалі «так», некаторыя — «не». Некаторыя — што трэба ісці і што гэта ўсяляк лепей, чым убогая вячэра, яшчэ бяднейшы сняданак і мокрая вопратка ўсю ноч.

Іншыя казалі: «Месцы тут не надта знаёмыя, горы паблізу. Падарожнікі з'яўляюцца тут рэдка. Ад старых мапаў карысці мала: шмат што змянілася да горшага, дарогу не ахоўваюць. Тут пра каралёў чуць не чулі, і чым менш пытанняў задаеш, тым менш клопату маеш». Некаторыя казалі: «Аднак жа нас чатырнаццаць!» А астатнія: «Куды ж Гэндальф падзеўся?» Гэта паўтараў кожны. Потым дождж паліў як з вядра, а Ойн з Глойнам пачалі біцца.

На тым спрачацца скончылі. «У рэшце рэшт, з намі ўзлом-шчык!» — сказалі яны і пайшлі да святла, трымаючы поні за аброць- Хутка дайшлі да пагорка і зайшлі ў лес. Сталі ўздымацца па схіле, але ж добрай сцежкі ці шляху, якія маглі б весці да хаты ці фермы, не ўбачылі. Прадзіраючыся ў паўнюткай цемры праз лес, шоргату, хрусту ды грукату (ды буркацення з праклёнамі) нарабілі яны безліч.

Раптам чырвонае святло зырка палыхнула паміж дрэваў зусім побач.

«Зараз — чарга ўзломшчыка», — сказалі гномы, маючы на ўвазе Більба. «Вы павінны пайсці ды выведаць пра святло: і чаму яно, і дзеля чаго, і ці бяспечна там і добра, — сказаў Торын хобіту. — Наперад! Калі ўсё добра, вяртайцеся хутка. Калі не, вяртайцеся, калі здолееце. Калі не здолееце, прагукайце двойчы як сыч і раз як пугач, і мы паспрабуем зрабіць што-небудзь».

I скіраваўся Більба на разведку, не паспеўшы нават рас-тлумачыць, што гукаць як пугач ці сыч ён можа не лепш, чым лётаць як кажан. Аднак жа перасоўвацца па лесе цішком хобіты надта здольныя. Яны гэтым ганарацца, і Більба не аднойчы пасмейваўся з таго, што зваў «гномавым грукатам». Аднак не думаю, што мы з вамі ў ветраную ноч заўважылі б хоць нешта, нават калі б уся кавалькада прамаршыравала за два крокі. А што датычыцца Більба, які набліжаўся да чырвонага святла, — і сабака б вухам не варухнуў. Так што, вядома, пракраўся ён да самага вогнішча (бо тое ж было менавіта вогнішча) нікога і нічога не патурбаваўшы. I вось што ён пабачыў.

Вакол вогнішча, складзенага з бярозавага палення, сядзелі тры бамбізы. Яны смажылі бараніну на доўгіх драўляных пожагах і аблізвалі з пальцаў тлушч. Водар плыў апетытны. Побач стаяла бочка з нечым вадкім. Яны чэрпалі адтуль вялікімі куфлямі. I былі гэтыя бамбізы тролямі. Відавочна, тролямі. Нават Більба, няіледзячы на сваё не надта вандроўнае жыццё, іх пазнаў. Вялізныя, фубыя твары, памеры, форма ног, што ж тычыцца мовы, яна, мякка кажучы, асаблівай вытанчанасцю не выдзялялася.

— Бараніна ўчора, бараніна сёння, і трасца мне ў бок, калі тое самае не паўторыцца заўтра, — сказаў адзін з троляў.

— Хоць бы на зуб чалавечыны, — сказаў другі. — Якой халеры Вільям нас зацягнуў сюды, ашалець, і чьш толькі думаў? Вось і піць хутка не будзе чаго, — сказаў ён, піхаючы за локаць Вільяма, які толькі глынуў са свайго куфля.

Вільям папярхнуўся. «Закрый пашчу!» — зароў ён, яктолькі хапіла моцы. — Што, лічыш, людзі самі пабягуць сюды, каб вы з Бертам пуза напхалі? Ужо паўтары вёскі злопалі пасля таго, як з гор спусціліся. Што вам яшчэ? Сказалі б хоць «дзякуй, Біл, за такі добры шматок бараніны». Ён адкусіў вялізны шмат ад барановай нагі, якую смажыў, і выцер вусны рукавом.

На жаль, тролі звычайна паводзяць сябе менавіта так, нават аднагаловыя. Паслухаўшы ўсё гэта, Більба адразу ж вырашыў што-небудзь учыніць. Можна было б хутка вярнуцца да сяброў ды папярэдзіць: побач тры тролі, ды яшчэ ў настроі, далёкім ад зычлівага, і надта ахвочыя да смажанага гнома ці поні, каб разнастаіць меню. А можна было б хуценька зрабіць крыху ўзломніцтва. Сапраўды першакласны казачны ўзломшчык ужо абчысціў бы тролевы кішэні — туды амаль заўсёды варта зазірнуць, калі здолееш, — сцягнуў бы бараніну з пожагаў, экспрапрыяваў піва ды спакойна пайшоў бы прэч, нікога не патурбаваўшы. Іншыя, не такія прафесійныя, затое больш практычныя, кальнулі б паціху кожнага троля ножыкам. Ва ўся-лякім разе, прыемная ноч была б забяспечаная.

Більба гэта ведаў. Ён чытаў пра вялікую шлькасць рэчаў, якія ніколі ў жыцці не рабіў. Узбуджаны ён быў надзвычайна і адчуваў агіду, жадаў быць за сотню міляў адсюль і адначасова не хацеў вяртацца да Торына і кампаніі з пустымі рукамі. Так ён стаяў, схаваўшыся ў цень, і вагаўся. 3 усіх разнастайных узломшчыцкіх здзяйсненняў, пра якія хобіт чытаў, найбольш лёгкім падавалася абчысціць тролевы кішэні. Таму ён запоўз за дрэва акурат за Вільямавай спінай.