І яшчэ адно — самае сімпатычнае ў ім — дзядзька любіў дзяцей. За што, вядома, і яны яго любілі. Не толькі сваіх і не толькі свае.

ПРАЛЛЯ І ВАРТАЎНІК


Баба прадзе, мама прадзе, і маленькай унучцы зрабілі нарэшце маленькую прасніцу. Тыдзень таму назад, і Анечка ўжо добра смыкае. Слініць тую кудзелю, нібы клюючы яе губкамі, і нітку цягне, вядзе. Нават сказала, задаволеная ўдачай:

— Во, як я ві-ва-ла-а!

Прыйшоў дзед Алісей. Стаіць у парозе, прыпёршыся плячом да вушака. Спачатку штосьці гаварыў, а цяпер вось глядзіць на маленькую праллю, сам сабе ўсміхаецца, а потым ціха кажа бабулі:

— Катрыно! Га?

І паказвае ёй кіўком галавы на ўнучку.

А тая Анечка нібы і не чуе, не бачыць нічога — вядзе сабе, смыкае з усёй пацешнай сур'ёзнасцю чатырохгадовай памочніцы.

Стары памалу, нібы непрыкметна ды так сабе, здымае сваю ягнячую шапку-каўпак, прыплюшчвае вока, прыцэльваецца і спрытна кідае на праллю. Папаў! — нітка перарываецца паміж кудзеляй і ручкай. Гэта ўжо не ўпершыню, і ўчора так было, і Анечка злуецца, смешна, «па-даросламу»:

— Алісей ты! Ты мне ніколі прасці не даеш!

— А я цябе, Гануся, не баюся! — нараспеў пацвельваецца дзед.

Тады яна ўстае са свае прасніцы, ставіць яе каля ножкі стала і не на жарты прыступае да свайго перашкаджальніка. Неўзабаве дзед ужо ляжыць, «павалены» на падлогу. Анечка то ляпае яго далонькай па пухкім кажусе, то верхам сядзіць на яго жываце і пераможна смяецца. Потым яна ўстае, поўнасцю здаволеная і стомленая, а ён садзіцца на падлозе і пачынае пакрыўджана «плакаць». Як малы, выціраючы кулакамі вочы.

— Набіла, шапку за печ закінула, ы-ы-ы!..

Спачатку Анечка прымае гэта як працяг гульні, а потым у яе маленькім сэрцы абуджаецца далёка-далёкае, будучае матчына шкадаванне.

— Устань! — спачатку крычыць яна на старога. — Сказала табе, устань! — І нават мякка тупае валёначкам.

Гэта яшчэ ўсё толькі гульня.

Дзед плача — зусім як плача. І Анечка пачынае яго шкадаваць:

— Алісеечка мой, сыночак маленькі! Я больш не буду. Я табе малачка.

Гэта — таксама яшчэ ўсё з іхняга рэпертуару.

— І шапку тваю знайду, вушкі твае не памерзнуць.

Дзед плача горка і няўцешна. І тут ужо Анечка бянтэжыцца: а можа, ён і папраўдзе?.. Яна глядзіць на яго, і вочы яе пачынаюць большаць і вільгатнець. Стары яшчэ ўсё хныкае, закрыўшыся рукой, аднак і глядзіць праз карэлыя пальцы і, адчуўшы, убачыўшы, што ўжо тым часам годзе, што і малая можа заплакаць, аднімае ад твару далонь і смяецца:

— Што, Гануся, спалохалася?

І малая таксама смяецца.

— От вы, дзядзько, які! — гаворыць пралліна мама, а ў голасе яе і маладая весялосць, і сталая матчына ўдзячнасць.

Бабуля перастала прасці і ціха смяецца, нічога не кажучы. Да «вычварання» гэткага і іншага яна па-суседску прывыкла даўно.

Задоўга да таго, як на свеце з'явілася Анечка, здарылася аднойчы такое.

У канцы лета, пад вечар, у вёску ўтупацеў, убразгацеўся потны, запылены эскадрон уланаў. Не так, як некалькі гадоў перад гэтым, калі і салдаты разам з паліцыяй шукалі па нашых прыпушчанскіх вёсках чырвоных паўстанцаў, і не так, як гэта пазней рабілася ў Заходняй Украіне ці на Берасцейшчыне, дзе войска ставілі ў сёлах на карны пастой, — цяпер былі проста манеўры. Па двух, па трох, па чатырох, спешыўшыся на вуліцы, уланы з коньмі разышліся па дварах і — усякая праца ў Ніжніх Бандунах спынілася.

Здымаліся сёдлы з танканогіх узмакрэлых коней. Коні, усе аднамасныя, задаволена пырхалі. Бразгацелі, звінелі страмёны, цуглі, шпоры. Былі сапраўдныя шаблі, пікі, карабіны, якія можна было нават пачапаць. Чулася польская гамана — то каманда якая, то проста гутарка, жарты, нязлосная лаянка, смех. Рассядланыя, расцугляныя «ганчакі» зусім па-конску хрупалі сена і, як свае, глядзелі добрымі, глыбокімі вачыма. Перад Качкамі, дзе шырэйшая вуліца, спачатку толькі дыміла, а потым і незвычайна духмяніла кавай палявая кухня. Кіславата пахла хлебам, пабразгвалі кацялкі. Уланы, вызваліўшыся ад усіх сваіх патранташоў ды рамянёў, сталі з ваякаў звычайнымі хлопцамі з розных далёкіх вёсак і гарадоў, асабліва свойскімі тады, калі захацелі «купіць» малака, а «наша мама» (бо так было ледзь не на кожным двары) вынесла ім цэлы збан і грошай, вядома ж, не ўзяла.

У дваццаць чацвёртым — дваццаць пятым гадах, ганяючыся за «бальшавіцкімі бандытамі», ніякае войска ў Ніжнія Байдуны не заходзіла, крыўды ад яго ніхто не памятаў. І раней, у польска-савецкую вайну, нашу вёску абмінулі і бітвы, і ваенны пажар. А цяпер, ужо даўно не на першым годзе пасля крывавага ліхалецця, многа і нашых хлопцаў служыла ў польскім войску, і ў кавалерыі, і ў пяхоце, — служылі і раней, і ў тое лета, далёка ад роднага дому...

Таму яны, матчыны сэрцы, і раскрываліся.

Цётка Катрына не была яшчэ тады бабуляй Анечкі. Будучы бацька малое праллі ў салдаты пойдзе яшчэ не хутка. Ды матчын клопат, яе трывога, насцярожанасць даходзяць у прадбачанні вельмі далёка. І цётка, вядома ж, таксама вынесла гэтым уланам непачаты збан малака і паўбохана хлеба — проста як нечым сынам.

А ўсё ж, калі пачало сутуняцца, яна, руплівая ўдава, паклікала меншага сына-падлетка і ў сенцах, каб ніхто не чуў, сказала:

— Пойдзеш спаць у аўсяныя мэндалі за Алісеева гумно. Чорт ім верыў, яшчэ снапы пакрадуць сваім коням.

Хлопец, як яму ні хацелася застацца дома, на вуліцы, зблізку пачуць, як трубач зайграе «цапштык» — адбой, паслухмяна пранікся матчынай асцярожнасцю. Ніхто не чуў, няхай жа ніхто і не бачыць. Загарнуўшы кажушок у посцілку, нібы так сабе клунак нейкі нясе, ён перайшоў цераз вуліцу, цераз Цівунчыкаў двор, міма аціхлых там людзей і коней, заўважыў, што ні самога дзядзькі Алісея, ні цёткі Зосі, ні Шуры іхняга, ні дзевак там няма, перайшоў цераз загуменную дарогу і ціха пашамацеў мяккім аўсяным іржышчам да першых мэндлікаў. Паслаўся паміж імі на цёплых яшчэ снапах, лёг і накрыўся посцілкай і кажушком.

Хлопец успомніў, як ён нядаўна, гэтай вясною, вяртаючыся познім вечарам з Плёхава, ад цёткі, свіснуў на скрыжаванні за сваёю вёскай. Кажуць, што, калі там свіснуць апоўначы, — з'явіцца чорт. Хлопец свіснуў, а чорт не з'явіўся. Можа, таму, што яшчэ не поўнач была? Яму, аднак, стала страшна, ён спачатку пайшоў памалу, а потым не вытрымаў — азірнуўся, пайшоў хутчэй і, нарэшце, пабег. І толькі ўжо на вуліцы, а яшчэ больш на сваім двары падумаў, што вось і не вельмі спалохаўся.