Мой хросны, кравец Рафалак, чалавек душэўны і трохі бывалы, растлумачыў мне гэта так:

— Ваня Бохан-Калоша, каб жыў у горадзе, дык, можа, і жыў бы як-небудзь па-людску. А тут — ні вала яго, ні асла яго...

Такое прыстасаванне да беднасці, такое прачытанне дзесятай Майсеевай запаведзі пра грэх зайздрасці: «Не пожелай дома ближнего твоего... ни жены ближнего твоего, ни вола его, ни осла его...» і гэтак далей.

— Папо, вы мне купілі чаравічкі?

Нясмелае дзіцячае пытанне, ад якога ў іншага бацькі душа перавернецца. А ён, Іван Сцяпанавіч, прыехаў з кірмашу падвыпіўшы.

— Цібе — чаравічкі?абараняецца ён.Цібе — сукеначку?Тое дзяўчаткам, а гэта — сыну, хлапчуку: — А цібе, можа, гальштук ілі шляпу-канацье? А ці спрасілі вы, сцервяцы: а здароў лі ты, папенька? А?

Дзеці былі маўклівыя, пакорныя, як быццам усе трое, і дзяўчаты, і Веня — толькі па маме. На такім пытанні, пра чаравічкі ці пра што-небудзь іншае, прэтэнзіі іхнія і канчаліся. Дый бывала такое толькі тады, калі яны былі малыя. Падраслі, разышліся па службах і самі ўжо стараліся, не толькі сабе, але і ў хату.

А папенька доўга быў маладым. Калі ў іхняй хаце вечарынка, дык ён яшчэ і павучыць моладзь танцаваць гарадскую ойру. (Яшчэ адна яго, таксама доўгая, мянушка: «Ой, цыдрыца, ойра, ойра!») Хлопцам-пажарнікам, калі яны часамі наладжвалі святам свае заняткі, Лётчык паказваў, што такое сапраўдная гімнастыка, нават на прыблізным турніку. А найдаўжэй дык ён спяваў. І ў партызанах, бывала, вечарам, у аціхлай зямлянцы. Ужо стары, нямоглы, але яшчэ ўсё молада моцным, хоць і ніколі не гучным, грудным, прыемным голасам.

...Толькі гэтым і падобны на бацьку Веня Бохан-Калоша, мой ціхі сябар з маленства. Працуе ён у Горадне, слесарам на заводзе, бачымся мы часамі ўлетку, у Ніжніх Байдунах. Аднойчы, спяваючы за сталом, дайшлі і да такой: «Звенит звонок насчет поверки» — пра Ланцова, што ўмеў уцякаць з-за кратаў.

— Мой Лётчык вельмі любіў гэтую песню, — сказаў тады Веня, дабрадушна, спагадліва, як пра кагосьці малодшага. І, памаўчаўшы трохі, засмяяўся: — Помніш, як яны ваявалі калісьці з Захарай, Тангу і Пецяргоф?..

Гэты разумны, добры смех і мне дазволіў апісаць яго бацьку — не для здзеку, а толькі з усмешкай.

НА САЛАМЯНАЙ ЭСТРАДЗЕ


Перакрываюць хату.

Салома шчацініцца сонечным золатам яшчэ не вельмі высока; крыльцы (у нас казалі і стрыхарэ) дайшлі да палавіны страхі. Аднак і там яны — вышэй над усёю сваёй будзённасцю, у прыўзнятым настроі.

Мне так здаецца. Я падаю ім знізу то цяжкія, тугія кулі саломы, то доўгія, гнуткія повязкі, то кручаную лазу. І слухаю іх філасофскі дыспут. Гутарка ў большасці сваёй, як гаворыцца, не да друку.

Мне пятнаццаць гадоў. Я сам не вельмі лаюся, нават воддаль ад дому, у мужчынскай кампаніі, але да вясковай «скаромнасці» і я прызвычаены змалку.

З горада мы вярнуліся пазней за ўсіх іншых, хто быў у бежанцах. Мне пайшоў тады пяты год, і новыя сябрукі вельмі смяяліся з мяне, калі я кідаўся абараняць курыцу ад пеўня. Свіныя пастушкі, яны, па загаду бацькоў, самі ганялі свіней да кныроў. Ганяў потым і я. Ну, а калі ўжо да Туркавага жарабца, страшэннага, залівіста-іржыстага красуна, прыводзілі кабылу — ад нас, і большых, і меншых, не засланіцца было ні платамі, ні варотамі.

Малых нас, хлопчыкаў, у лазню бралі мамы, а то і старэйшыя сёстры. Цяпер, бываючы ў роднай вёсцы не вельмі часта, моладзь я пазнаю па бацьках. Вунь у Алесі якая красуня вырасла, яе апошняя, — уся як маці калісьці была. Маці тая сёння ўжо проста бабуля, а я ўспамінаю з хвалюючым сумком, як прыглядаўся да яе, сам яшчэ зусім смаркач, а яна ўжо дзеўка. У лазні, калі Алеся ўваходзіла ў парнасць з халодных сенцаў, там распрануўшыся і так блізка цяпер адкрыўшы ўсе свае таямніцы. Яшчэ і ўсміхаецца або і злуе, ці што: «Ну, уталопіўся! Цікуеш...»

Мамы, купаючы нас, смяяліся: «Во, закрываецца, бачыш! Што ты хаваеш, што там у цябе хаваць? Раней я ў цябе гэта бачыла, чым ты сам». І тады, і потым, калі я ўжо быў падлеткам, бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт, які таксама збольшага быў зразумелы.

Ну, а мужчыны — тыя з самага нашага малку адукоўвалі нас, сваю змену, з поўнай свабодай слова.

Як жа мне тут цяпер перадаць яе, тую свабоду, хоць на якую-небудзь яе палавіну?..

Крыльцоў (ці стрыхароў) на хаце чатырох. Злева, ад вуліцы, Яўхім Заяц. Дзядзька салідны, маўклівы, вядомы на ўсю аколіцу цесля. Ён — хросны нашага Андрэя, майго, на пяць гадоў старэйшага, брата. Андрэй ад хроснага авалодаў няпростым майстэрствам стрыхарства. Крайні справа, ад гумна, сектант-пяцідзесятнік Брат Арсеній. А паміж ім і Андрэем — рагатун Косця Бяляк, па мянушцы Асечка або «Дай я гахну».

Недзе там дзецюкі калісьці хацелі камусьці «гахнуць» з высокай прызбы ў нізкае акенца, і кампанейскі Косця папрасіўся зрабіць гэта першы, спаслаўшыся на гарох з панцаком. Але не гахнуў і, як нядаўні салдат, яшчэ і сказаў: «Эх, асечка!» — набыўшы такім чынам дзве мянушкі за адзін раз.

Было гэта даўно, цяпер ужо Косцю за сорак, а ён яшчэ ўсё кавалер, яшчэ ўсё кажа: «Паспеем! Нажывёмсё!» Чалавек ён вясёлы і добры, у бядзе якой ці ў патрэбе паможа першы.

Брат Арсеній, інакш дзядзька Арсень Паходня, у секту, што завялася ў суседняй вёсцы Плёхава, пайшоў следам за сваёю Параскай, плёхаўскай бабай, драпежнай да ўсяго. Яна і дзяцей нараджала яму поўную хату, адных дзяўчатак. Раней ён мог і выпіць, і пабуяніць, а цяпер і сам прыціх, і іншым прапаведуе, як і дзе толькі можна. І тут, на хаце, таксама.