Расказваючы гэта, я нібы раптам успомніў, што пазычыў у Віктара Валін фотаальбом, а там жа на адным са здымкаў — Валодзя якраз з цыгарэткай у муштуку. Не надта выразна, аднак...

— О, гэта вельмі важна,— сказаў следчы.— Альбом з вамі?

Ён папрасіў прынесці яго з гасцініцы. А я спытаўся пра муштук — ці можна паглядзець. Яго, аказалася, няма, ён у іншым месцы, вось толысі фотаздымак, але ў адным экземпляры, i даць мне хоць здымак нельга.

Калісьці пра аднаго з маіх літаратурных герояў я напісаў, што ён любіў часамі ісці да сэрца другога чалавека напрасткі. Гэтую рысу характару я герою пазычыў. А цяпер, успомніўшы пра яе, вырашыў прымяніць. Пачаў з муштука, што вельмі хацеў бы яго не толькі ўбачыць, але атрымаць, як горкую сямейную рэліквію. А тады сказаў i пра папку. I потым дзякаваў сабе ў душы за тое напрасткі. Пра муштук следчы сказаў, што той, магчыма, пойдзе на экспертизу, аднак ён перадасць маю просьбу. А што да папкі, дык прамаўчаў, а потым знайшоў такі выхад:

— Пачнём з таго, таварышы, што вы цяпер, паколькі транспарт у вас ёсць, паедзеце ў Быкаўню, а пасля абеду пазваніце, каб я быў на месцы, i прыязджайце з альбомам.

Я зразумеў, што тут не ўсё залежыць ад яго, хоць ён i па асоба важных справах, аднак i на яго як чалавека можна разлічваць.

Сябру майму, паглядзеўшы даведку пра таксама пасмяротную рэабілітацыю яго цесця, медыка з дарэвалюцыйнай адукацыяй, ён сказаў «пакуль што» адно: расстраляны — бясспрэчна, але ці ў Быкаўні закапаны, ці ў іншым лесе каля Кіева — цяжка сказаць. Такіх захаванняў знойдзена некалькі, i яшчэ, трэба думаць, яны не ўсе...

Пасля абеду мы званілі з майго гасцінічнага нумара ў пракуратуру доўга i беспаспяхова. «Найгорш даганяць i чакаць» — мудрасць з вялікага вопыту. Толькі зусім пад канец рабочага дня панылыя працяглыя гудкі перасталі нас раздражняць — трубка паднята!

Следчы, яшчэ задыхана, растлумачыў простую прычыну: ездзіў па выкліку, толькі што зайшоў, i ясна, таварышы,— сустрэнемся ўжо заўтра ўранку.

Глядзенне на папку толькі здалёк i на наступны дзень закончылася не адразу. Сябру майму не было чаго рабіць у пракуратуры, i я прыехаў туды адзін. Следчы спачатку пазнаёміўся з «вельмі важным» фота ў прынесеным мною альбоме, папрасіў яго для пераздымкі, прыняў у мяне другія братавы фатаграфіі, копіі ix, захопленыя мною з Мінска, нібы з прадчуваннем патрэбнасці, а тады выклікаў падначаленага, даў яму тую балючую папку, а мяне папрасіў ісці з гэтым таварышам у яго кабінет. Я падзякаваў з пэўнай палёгкай, зразумеўшы, што i прасіць, i чакаць было варта. I ўжо раскрыўся душой на чытанне, якім бы яно ні было для мяне...

У сваім кабінеце новы таварыш сядзеў не адзін, за другім сталом пісаў нешта яшчэ адзін супрацоўнік. А сам ён папрасіў мяне прысесці паўзбоч яго стала, на якім станкачом грувасцілася старая пішучая машынка. Таварыш сеў таксама. А папка лягла на стол — зноў здалёк... Таварышу трэба было спачатку апытаць мяне для справы па Быкаўні, пасля надрукаваць пратакол...

Праз месяц я зноў сядзеў у гэтым пакоі. Таварыш зноў апытваў мяне, дадаткова — пра тыя здымкі, якія я даў следству, а ён тады забыўся спытацца ў мяне, хто там яшчэ на тых здымках, калі яны, здымкі, рабіліся. За другім разам гутарка наша была карацейшая, i таварыш убачыўся больш сімпатычным, асабліва калі сказаў, што тады, у тыя трыццатыя, проста «уничтожались все мыслящие люди», калі да ўсяго, што мною чыталася ды чулася, ён дадаў i такое, новае для мяне, так сказаць — «чыста савецкае». Некаторым жанчынам яшчэ i цяпер паведамляецца пра пасмяротную рэабілітацыю мужоў, а гэтыя цёткі ды бабкі, аказваецца, не проста не ведалі пра тое, што іхнія расстраляны або памерлі ў лагеры, a думалі столькі гадоў, што гэта яны, сволачы, пакінулі сям'ю, удала замёўшы сляды...

А першы раз таварыш апытваў мяне так няспешна, у два пальцы клацаў на сваім «станкачы» так марудна, даваў мне той пратакол прачытаць, падпісаць... А папка ўсё ляжала... i мне ўжо да болю хацелася выбухнуць, толькі ж баяўся, што напсую, i цярпеў, паглядаў. I нарэшце яна, тая ліловая папка з пяцізначным нумарам, чорна, выразна выведзеным пасля стандартна надрукаванага «ДЕЛО», лягла перада мною на суседнім невялікім стале.

Анкета. Ордэр на арышт. Другі — на вобыск. Даносаў няма, допытаў сведак таксама. Пачата справа 27.XI. 1937 года. Пасля — паўза на цэлыя чатыры месяцы, а 22.III.1938-га — «заявление» на імя начальніка аператыўнай групы «куста», падпісанае вязнем белацаркоўскай турмы. Служыў дзянікінцам. Потым дэзерціраваў з Чырвонай Арміі. З 1928 года нямецкі шпіён, цераз консульства ў Кіеве. Шкодніцтва на працы заатэхнікам, знішчэнне маладняку. I перад подпісам вязня — подпісам іншым почыркам! — такая канцоўка:

«Моя работа как шпиона и двурушника заслуживает тяжелейшего наказания, сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться».

Гэта я запісаў.

Ашаломлены болем, ухапіўся пасля таго «заявления » за сведчанні братавых саслужыўцаў, узятыя пад канец 1956 года. Таксама выпісаў з некаторых галоўнае. Перш за ўсё тое — з вочнай стаўкі.

Ветэрынар Л. Клісенка, у адзін дзень з Валодзем арыштаваны за сумеснае шкодніцтва на рабоце, да чаго потым яму дадаліся яшчэ i «антысавецкія анекдоты», праз два месяцы пасля вочнай стаўкі быў выпушчаны з турмы, a ў кастрычніку пяцьдзесят шостага засведчыў, «як камуніст», што на той вочнай стаўцы: