Падобнае, пра цішыню, чытаў я летась i яшчэ ў адной кнізе, рускай, у дачыненні да самых першых насельнікаў палаца «благородных девиц», якія тут «ходили бесшумно, как того требовал устав заведения».

Трэба думаць, што гэтай даўняй традыцыі прытрымліваліся i «тройкі» з усім дапаможным персаналам інстытута ўсясільных катаў, i гукі расстрэлаў не парушалі рабочай цішыні паверхаў — схаваныя глыбока, за тоўстымі сценамі.

Дзень абяцаў стаць зноў спякотным, але раніца была яшчэ толькі прыемна светлая, молада свежая пасля начной астыласці. Лістота дрэў i травы на адкосе ад вуліцы гусцела сакавітасцю. Урачыста яснелі кветкі. Чысценька ўсюды, злёгку росна. Перачырыкваліся вераб'і. Стары дворнік на ўзбочнай ад вуліцы алеі ішоў сабе па нядаўна палітым асфальце. Мы павіталіся, пастаялі, ён паказаў мне, дзе, за вуглом, цэнтральны ўваход.

Даўні, класічны колер сцен — светла-жоўты. Белыя калоны, белая аблямоўка акон i дзвярэй. Тры паверхі i цокаль, пад якім падзямелле, куды мне трэба заглянуць.

Пажылы вахцёр, калі я пачаў гаварыць яму, што мне трэба, сказаў, што ён тут працуе даўно, але нічога такога не ведае. Аднак начальніку свайму, па маёй просьбе, пазваніў. Неўзабаве да нас спусціўся малады ветлы мужчына і, выслухаўшы мяне, павёў у падзямелле.

Бясконцы лабірынт. Былыя камеры. I сцішна, як пад пірамідай. Хоць я пад пірамідамі i не бываў — проста такое адчуванне чагосьці аграмаднага, цяжэннага над табою... Як быццам усе тыя асобатроечныя фараоны яшчэ ўсё сядзяць наверсе, яшчэ ўсё «судзяць», ціснуць зверху ўсім сваім злавесным цяжарам... Там, дзе былі камеры, карцэры, бойні,— цяпер то нейкія майстэрні, дзе відаць адзін-два чалавекі, а то ўсё дзверы, дзверы, ці так зачыненыя, ці пад навясным замком. Дзе ж тут стралялі? Ад куль на паверхах, з дыванамі i валенкам!, не чуваць было наганных туканняў?.. Ветлы таварыш не ведае. Ідзём, ідзём... I вось ужо выхад — на задні двор.

Тут мой прыязны чычэронэ ўбачыў каля грузавіка старога без шапкі, з мноствам ордэнска-медальных планак, павітаўся з ім i папрасіў падысці.

Пазнаёміў нас. Чалавеку гэтаму, як аказалася, ужо за восемдзесят, сёе-тое ведае i раскажа.

I расказаў, што прыблізна, па чутках, а што i дакладней, вядомае яму. Вазьму з дакладнага.

У вайну гмах быў разбураны бомбамі. Аднаўляць яго сабраліся толькі ў пачатку пяцідзесятых гадоў. Прыбіраючы, вымятаючы ацалелае падзямелле, вёдрамі выносілі кулі. Была тут у той час i механізацыя, транспарцёр для падачы трупаў на грузавікі. Начамі...

Так я выйшаў адтуль — з тою транспартнай стужкай, на якой мне бачыўся i Валодзя, з тымі кулям!, відаць, у большасці расплясканымі аб бетон, кожная з якіх 9 грамаў, стандартных, як i 100 грамаў, агульнанародных, i адна з ix— ягоная, наша.


ПРАЦЯГ

Калі мы развітваліся са следчым, ён нараіў мне пра муштук напісаць у пракуратуру рэспублікі. Даў адрас i прозвішча.

«На гэтым будзе i ўсё»,— падумалася, запісаўшы.

З пракуратуры той мне адказалі тыдні праз два, а паехаць па «вещдок» я сабраўся ажно праз тры месяцы.

...У чорным канверце ад фотапаперы ў тумбе майго пісьмовага стала вось ужо хутка чвэртку стагоддзя ляжыць страшны здымак. Канверт гэты не адзін, у іншых таксама здымкі, у розны час атрыманыя ад сяброў-фатографаў. Але ж як толькі я, для чаго-небудзь перабіраючы фота, выпадкова ды памылкова загляну i ў той канверт — заўсёды міжволі ахну!.. Там — наш, мой Miшa на белым, пад белым, пакуль прывязуць труну...

Здаецца, першая смерць, што так глыбока мяне ўразіла, нават у параўнанні са смерцю бацькоў, Бацькаву смерць я, шасцігодак, усвядоміў не адразу. Маці памерла ў такім узросце, калі мы, пачуўшы ад знаёмага пра смерць каторага з яго бацькоў, міжволі пытаемся, a колькі ёй ці яму гадоў. Пачуўшы, што i нямала, гаворым, каб перакрыць няёмкасць: «Усё роўна шкада». A Міша памёр так нечакана, так без пары, так адчувальна нагадаўшы мне, што вось i гавары, i спадзявайся, плануй, а яна толькі пстрыкне, як з-за вугла, i ўсё — назаўсёды, беспаваротна...

Пра здымак той я ўспомніў, думаючы, як жа сустрэнуся з муштуком. Стары ўжо, здаецца, i з вопытам, a наіўна падумаў, што яго аддадуць мне ўсё-такі неяк больш-менш урачыста...

Праўда, таварыш, які адказаў мне замест таго, каму я пісаў, сустрэў мяне ветліва, нават здзівіўся, што я прыехаў, бо можна ж было i выслаць мне муштук. Як быццам не сам ён, пракурор i кіраўнік адпаведнай трупы, пісаў мне, што «мундштук будет вручен Вам в удобное для Вас время», i нумар свайго кабінета паведаміў. Я сядзеў, ён шукаў, адамкнуўшы адзін з двух сейфаў каля сцяны. Шукаў марудна, шалпочучы раскалмачанымі папяровымі скруткамі, перабіраючы, абшукваючы ix адзін за адным, некаторыя развязваючы, тады завязваючы, усё гэта няспешна, заклапочана, i толькі ў самым апошнім скрутку знайшоў патрэбнае. Падаў мне, а я... без хвалявання ўзяў яго, амаль зусім спакойна. Распіску напісаў пад дыктоўку, нібы атрымаўшы на складзе нейкую запасную частку.

I таксама спакойна спытаўся, ці можна мне паглядзець у ix братаву справу.

А яна, аказалася, была ўжо не тут, а там, адкуль бралася для следства. Я ўжо ведаў, што іменна гэты таварыш, з кім гавару, не дазволіў у чэрвені даць мне папку яшчэ раз. I я не паверыў яму, што справа не ў ix,— падумаў, што ён адводзіць убок. Але таварыш параіў мне самому зайсці ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі i папрасіць. Назваў адрас, растлумачыў, як даехаць. I я, у тым самым — дзелавым, ці што,— спакоі вырашыў сваё «ісці да сэрца напрасткі» прымяніць яшчэ раз.

Там, пакуль што ў прыёмнай, элегантны прапаршчык прапанаваў мне пасядзець. Намеснік старшыні камітэта якраз заняты іншым наведвальнікам. Мінут праз дзесяць мой папярэднік выйшаў, i я быў запрошаны ў кабінет. Яшчэ ўсё спакойна вылажыў сваю просьбу. Малады чалавек выслухаў мяне, сказаў, што іменна сёння вырашыць гэта нельга. «Гэтаж не проста спусціцца ўніз ды папку тую ўзяць — архіў наш не тут, гэта справа некалькіх дзён». А ў мяне зваротны білет, цягнік праз тры гадзіны. Таварышу намесніку, вядома, трэба i параіцца. А мне, старому, з хворымі нагамі, не так ужо i зручна паехаць-прыехаць... I тут ён параіў зрабіць прасцей: напісаць ім з дому, на імя старшыні камітэта (назваў імя, па бацьку, прозвішча), i папку мне, «у парадку выключэння», вышлюць для прачытання ў ваш, беларускі, Камітэт дзяржбяспекі.