I цяпер вось гэтая другая маці плача. Толькі ж аб чым і чаму?.. Мікола ўстаў з куфра і, басанож па халоднай земляной падлозе, пачаў шарыць у цемры. Рог стала… запалкі… Запаліў адну, пасля лямпу. Разгледзеўся. Старая сядзела на зямлі, ля печы.

— Уставайце, цётка, я памагу.

— Я сама, сынок, я сама, — баранілася яна. I ўстала сама. У выступках патэпала да ўслона. Села. А Мікола лёг ізноў. Доўга маўчалі абое. Ён глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма, а пасля павярнуўся на спіну, уперыўся зрокам у столь…

— У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца, няхай яму бог даруе…

— Я ведаю, чуў.

Ды тут зашлёпалі валёнкі Петруся, пасля грукнулі дзверы, і, не дачакаўшыся яшчэ, пакуль ён увойдзе ў кануру, гутарка абарвалася. Пятрусь распрануўся, патушыў агонь, палез на печ. Там ён нагой аб нагу скінуў з валёнкаў галёшы, і, адзін за адным, яны мякка ляпнулі аб падлогу. Гэта былі апошнія гукі. Потым цемра злучылася з цішынёй.

Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі, і ўчарашняе прыкрае пачуццё вярнулася зноў…

«Які ён дзікі, гэты стары! I як усё ж такі дзіўна складаецца часта жыццё: у такой сям'і, як колас на смецці, узрастае такая адзінка, як той іхні сын…»

Учора ўвечары солтыс, ведучы Міколу сюды на начлег, расказваў аб Грыбавым сыне чамусьці з хітранькай усмешкай…

«Той быў талстовец, але ўсё ж такі неяк імкнуўся да лепшага. Бачыш, не пайшоў за бацькамі, цягнуў за беднатой, загінуў у змаганні з хваробай… А маці яго?.. Усе яны крышку падобныя, нашыя маці… Шкада старой… А стары кулачына — агідны…»

2

Раніца ўстала марозная, ясная. Пакуль парастайвалі ў небе зоркі, збялеў асколак мссяца і зарумяніўся над лесам усход, — вёскі ўжо не спалі. Світанне ніколі не застае іх у сне, бо працоўны зімовы дзень у вёсках пачынаецца ноччу.

У Балотцы, той самай вёсачцы, каля якой быў лес Петруся Грыба, вядома, таксама не спалі. Над стрэхамі шэрых хатак, заваленых снегам, слупамі стаялі дымы. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны. I толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык.

У хаце гарбатага краўца Лапіпкі снедалі пры агні. Раней, як заўсёды, бо сёння тут начаваў па дарозе з горада і цяпер хацеў выехаць раней дзядзька Алесь Жывіца, Алёшачка, як называў яго гаспадар, сябар маленства, сусед з той самай занёманскай вёскі, адкуль быў і Лапінка, прымак у Балотцы.

Прымы яго — нясытыя: загончык поля і хата на курынай ножцы. Ды Лапінка жыў дома пры брату, ліхім чалавеку, у бядзе і паняверцы, і таму ён згадзіўся і перавёз сюды цераз Нёман сваю машыну. 3 таго часу ў старэнькай Марцінай хаце весела сакатаў нястомпы «зінгер», а над ім таксама безупынна малоў і спяваў, спяваў і малоў вясёлы, як шпак, калека-кравец. «Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў», — жартаваў ён з сябе і з Марты, але ўсё ж, як людзі кажуць, дзеткі былі, дый адно за адным.

Два старэйшыя хлопчыкі, Косцік і Шурка, снедалі цяпер разам з бацькам і госцем. Дзеля госця Марта нанякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму.

— Я ж кажу, брат, хлопцы ў цябе — малайцы. I дарма ты ўсё плачаш… — гаварыў госць. — Так і глядзі — год за год…

— Сэрца маё трапечацца, Алёшачка, як пачую… Сам, як той казаў, граша не варты, ды дзеці затое — слава богу, — гаварыў Лапінка. I выходзіла ў яго гэта неяк па-бабску: ня-ня-ня-ня… Маленькі каля дзядзь-кі Алеся, ледзь з-за стала відаць, і ногі не дастаюць падлогі. Ён быў гарбаты без гарба, не ад роду: малым быўшы, зваліўся, накольнік, з вішні і ўбіў, як кажуць, ногі ў с…, не вырас. Галава — без шыі, як у вожыка, і пастрыжаны «пад ярша». — Паглядзі вось, — казаў ён, — Косцік мой — гаспадар, дзякуй богу, навабранец, дванаццаты гадок ад восені. Памагае мне: намёткі выцягвае, грэе ўцюг, гузікі прышывае. Ужо і ў лесе два разы быў. Або Шурка. Дзевяты гадок, чытае — як рэпу грызе, і гусі пасе ўсё лета…

Косцік і Шурка ласа елі, раз за разам абсмоктвалі ацякаючыя салам пальцы і маўчалі, быццтам гутарка іх не датычыла.

— А Колік яшчэ спіць, — гаварыў Лапінка, — як пшаніцу прадаўшы, ні аб чым галава не баліць… Паглядзі!

Дзядзька Алесь чуў гэты перабор сыноў яшчэ ўчора вечарам. I цяпер яму зноў успомнілася тое самае: згніўшыя пенчукі прыдарожных вербаў, абсмаленыя пастухамі, дуплаватыя, а ўсё ж жывыя, бо з-пад карэння іх ідзе падсада маладых, кучаравых лазінак, жывых і вясёлых.