Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Васіль Зуёнак
ВЫЗНАЧЭННЕ

Падрыхтаванае на падставе: Васіль Зуёнак, Вызначэнне: Вершы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1987. — 167 с.


Рэцэнзент: Уладзімір Гніламёдаў

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

* * *

Пaкуль хаджу па гэтай зямлі —
Нішто мне шляхоў не зачэрніць:
Ёсць вехі і знакі, што лёс мой вялі,—
Сутнасці вызначэнне.
Любая бяда для мяне паўбяды,
Во дваццаць другога чэрвеня
Стаіць двайніком за плячыма заўжды —
Пакут i слёз вызначэнне.
Прайшло праз дзяцінства ваенных дарог
Вогненнае перасячэнне.
Са мной— найвялікшая з Перамог —
Мужнасці вызначэнне.
І так, і гэтак дратуюць гады.
І свет наш — не з мёдам пчэльнік,—
За праўду стой, не муці вады —
Нязломнасці вызначэнне.
То сонцам адорыць, то градам паб'е
Ніву маю пад карэнне,—
Жыццё, я за ўсё удзячны табе —
Песні маёй вызначэнне.
Хоць поўдзень высока, ды ўжо на страсе
Мільгнуў мой прамень вячэрні:
Жніўё для парасткаў новых засей —
Няспыннасці вызначэнне.
Ад слова і памяці роднай зямлі
Мяне не грызло адрачэнне,—
І продкі са мной і нашчадкі былі —
Веры маёй вызначэнне.
І сыну бацькоўскі мой запавет,
Апошні наказ, даручэнне:
З імем Радзімы выходзіць у свет —
Будучыні вызначэнне.

ГНЯЗДО НА ЎЗМЕЖКУ

НАША ПЕРАМОГА

Калі з вайны вярнуўся мой парод,
Загойваў раны і падлічваў страты,—
Было адно ў нас: сорак пяты год
І наша Перамога ў сорак пятым.

Што сёння ў нас? Заводаў карпусы —
Хай пазайздросціць самы Форд багаты:
БелАЗ i МАЗ — эпохі галасы
І наша Перамога ў сорак пятым.

Вяселлямі зямля мая гудзе:
Па караваю i па сонцу ў хату.
Як бацька, полем жніўны дзень ідзе
I наша Перамога ў сорак пятым.

Касмічныя арбіты па плячы,
Вітае свет братоў маіх крылатых.
На мове зорнай — БЕЛАРУСЬ — гучыць
I паша Перамога ў сорак пятым.

Якая вышыня! — глядзі, мой сын,
З яе — шляхоў нязведаных пачатак,
Над ёй — чырвоны сцяг: на ўсе часы,
Як наша Перамога ў сорак пятым.


ПОЛЕ

Поле — не толькі зямля,
Гэта і неба, і ветрык,
І васілёк, што здаля
Свеціць душою прыветнай.

Гэта і жаўранка спеў —
Першынца хмаркі вясёлай,
Гэта надзеі пасеў,
Мудрасці жніўная школа.

Гэта i дождж, што ідзе,
Каб з ярыной паяднацца,
Гэта бяссонне людзей
І хлебадайная праца.

Поле — не поле без нас.
І перапёлкаю ў жыце
Кліча:
          — У першы свой клас,
Дзеці, у поле бяжыце!


* * *

Як ад лесу, ад хат не ўцячы:
Хоць крыж-накрыж на вокнах дошкі,
Хоць здзічэла брыдзе па начы
Да астылае печы кошка,

Хоць заплёў над дзвярыма павук
Свае сеці для мух няцямкіх,
Хоць без цёплых дзіцячых рук
Іржавеюць астылыя клямкі,

Хоць Адамамі ў гарады —
Нібы ў райскі сад — з пяцісценак
Мы бяжым — прагрэсу плады
Атрасаць па спакуслівых цэнах,

Хоць па клетках глухіх камяніц
Ладзім новага лёсу пачатак,
Нібы пальцы, што з рукавіц
Паразбегліся ў норы пальчатак,

Хоць часамі носім раба
У душы i як сябру верым,
Хоць i знаем: эпохі сяўба
Зерне кідае толькі наперад,

І хоць будучыню за грош
Не збываем нікому,—
                                 ды ўсё ж —
Пасля стрэсаў i рэвалюцый
Мы да хат яшчэ мусім вярнуцца...


ТАК I ЗАСТАЕШСЯ ЧАЛАВЕКАМ

Калі пачынаеш прыкідваць,
Колькі яшчэ не адкрыў на зямлі
Таямніц і загадан —
У кожнай расінцы,
У макулінцы кожнай,
У кожнай слязінцы...
А яшчэ дадасі, колькі там іх, сакрэтаў,
Дзе ты думкай і то не сягаў,
Бо нельга пра тое падумаць,
Чаго ты не знаў і не знаеш...
Калі ўсё гэта разам складзеш —
Хочацца богам зрабіцца,
Зразумела, міфічным,
Тым, якога няма
І з якога смяёмся,
Ды якому вядома і ўсё зразумела
На свеце...

Але тут жа згадаеш:
А колькі яшчэ застаецца
Аблогі,
Не ўзнятай нарогам,
Колькі трэба засеяць,
А потым пажаць, змалаціць...
А тут яшчэ ўчуеш:
Карова мычьщь,
Свінні рохкаюць,
Куры сакочуць,—
Трэба ўсіх накарміць, напаіць,
Бо інакш яны знацца з табой не захочуць..
Калі ўсё гэта ўспомніш —
За шапку хапаешся,
Кажушок ці куфайку —
Словам, тое, што ёсць пры даробку тваім
Ускінеш на плечы
І, адклаўшы да свята наступнага
Боскія тыя замашкі,
Неадкладную працу абрупіць бяжыш,
Бо, выходзіць, не толькі богам —
Трэба крышку пабыць чалавекам...

Так штодня, так штодня
Застаешся ім назаўсёды.


* * *

Перад судом галоўным,
Перад вялікаю стратай
Не называю віноўных,
Бо знаю: я вінаваты.

Я — вінаваты самы,
Самы пагубца галоўны,
Перад табою, хата,
Што засталася бясслоўнай.

Перад табою, мова,
Перад табою, мама,
Я не збярог ваша слова,
Я — вінаваты самы.

Я не пачуў на радзінах,
Я не спыніў па хаўтурах,
Я не сагрэў — адзінае,—
Што ад смярцей ратуе.

Я не знайшоў такое,
Каб страшным судом судзіла,
Каб не давала спакою
Адступнікам i за магілай.


ПЕСНЯ ВЕЧНАГА АРАТАГА

I кожны поле сваё ўзарэ,
Перш чым пайсці да зор...
З ненапісанага верша

Двое пас і два цені —
Полем крочым і крочым...
Дзень усё карацее,
І даўжэе шнурочак.

Конь спацелы натужна
Галавою хітае...
Век загонамі кружым —
І не знаем вяртання...

Прад зямлёй за паслугі
Я ўгінаюся крукам,
Зросся ўчэпіста з плугам —
Не разняць нашы рукі.

Баразной — грак панылы,
Нібы лес мой — з падлётам:
Неба ўзняў бы на крылах,
Ды не мае ахвоты...

Так і скача надозір
Па разорах суглею...
А ўжо ноч на парозе —
Хутка сонца датлее...

Поўня дзень мой надточыць,
Каб адолець аблогу...
Ары, ары, мой канёчак,
Да апошняга ўпрогу...


* * *

Табý супрацьлегласці — «ёсць i няма»,
«Усё ў сваёй скуры адвечнай» —
Нікому яшчэ не ўдалося зламаць,
І, зрэшты, ламаць недарэчна.

Адзіны міністр неразгаданых спраў
Дае ў невядомасць візу —
Мой розум, мой козыр між дрэў i траў...
Ды ёсць яшчэ тэлевізар.

Блакітны экран, блакітны каран —
Дзівіся i моўчкі маліся:
Кузюрка наўзе, i аэраплан
Ламае бар'еры ў высях.

Упобачкі ходзяць, ядуць i п'юць,
З жыццём гуляюць у фанты,
Нібыта ношку адну нясуць,
Крывавы Дантэс i Дантэ.

Касметыка з космасам, мітрапаліт
З метрапалітэнам зжыліся,
Як быццам яднае ix не дынаміт,
Як быццам яны сябры ўсе.

Шукаю гармонію —
                             нельга забыць:
Я — Розум, Адзіны, Вялікі,
Шукаю гармонію —
                             нельга завыць:
Я — Музыка, хоць не музыка.

«Усё ў сваёй скуры...»
                             Спытаю: чаму
Натура мая не збегла
У лясы? —
                І палец шматзначна ўзніму...
Пачую адно: супрацьлегласць.

Спытаю: чаму адступае снег
І сонца ломіцца ў грудзі?
Пачую: вясна,—
                        не вялікі грэх:
Было так і, пэўна, будзе.

Хвала супрацьлегласці! Па крылу
Да палюсоў прыбіта...
Здабудзеш славу, бяссмерця імглу —
Ды зорак не зрушыш з арбіты.


НАША ПРАЎДА

Я верую, и мне не так больно...

Чэхаўская Ліка з кінафільма

«Сюжет для небольшого рассказа»

Праўда наша была сярмяжная,
Па-дзіцячы была сарамяжная,
Праўда наша — як птушка весняя:
Толькі воляю, толькі песняю,
Праўда шчырая i зычлівая,—
          Гэтым праўда наша шчаслівая.

Праўда наша была бясспрэчная:
Toe ісціннае, што чалавечнае,
З праўдай мы, нібы корань з кронаю,
Кругавою жывём абаронаю,
Праўда крэўная i адзіная,—
          Гэтым праўда наша праўдзівая.

Праўда наша была суровая.
Мы за праўду — на плаху галовамі,
У пятлі з Каліноўскім гінем мы,
Плацім Дальвамі і Хатынямі,
Праўда мужная і нязломная,—
          Гэтым праўда і векапомная.

Векапомная і суровая,
Наша мужная і нязломная,—
          Не была ты ніколі бяздомнаю.
Беларуская, ды не вузкая —
Чалавечная і праўдзівая,—
          Не была ты ніколі шкадліваю.

Сарамяжная, і зычлівая,
І шчаслівая, і сярмяжная,—
Не была наша праўда прадажнаю.

Читать книгу онлайн Вызначэнне - автор Василий Васильевич Зуёнок или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1987 году, в жанре Поэзия. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.