Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
Пер. з чэск. Сяргея Сматрычэнкі; ілюстрацыі Адольф Борн. – Прага: Альбатрос, 2004. – 109 с.
Неяк увесну да Шэбестаў на выходныя прыехала цётачка Вілма, і Шэбестава сказала Маху: «Ну, зноў нешта будзе», — а калі Мах спытаў, хто такая гэтая цётачка Вілма, Шэбестава пачала яму распавядаць, што цётачка Вілма — дама сталага веку, што ў яе безліч сябровак, з якімі яна ўвесь час перазвоньваецца, што калісьці яна была вельмі багатая і ездзіла па ўсім свеце, але цяпер ужо ездзіць толькі да сваякоў, і калі яна з'яўляецца ў іх, тата кожнага разу жагнаецца і гаворыць: «Ну вось, зноў чакай непрыемнасцяў».
А калі потым Мах прыйшоў да Шэбестаў у госці, дык пабачыў тую цётачку Вілму на ўласныя вочы: мажная жанчына кілаграмаў пад дзевяноста ў начной кашулі і з цыгарэтай у вуснах бегала па кватэры і шукала свае акуляры; спадарыня Шэбестава ёй крыкнула: «Цётачка, цябе да тэлефона», — і перадала ёй слухаўку, і цётачка размаўляла і размаўляла бесперастанку, між тым спадар Шэбеста пайшоў у гараж, каб памяняць у машыне тармазныя калодкі, спадарыня Шэбестава пайшла на трэці паверх да спадарыні Ціхачкавай, каб узяць рэцэпт на торт, а цётачка па-ранейшаму ўсё балбатала ды згадвала пра Парыж, дзе яны з той сяброўкай Ірмай былі на экскурсіі; а Мах тады кажа: «Слухай, Шэбестава, я прынёс слухаўку, хадзем мо куды пагуляем, сёння субота, не сядзець жа нам дома», — а Шэбестава ў адказ: «Давай, пачакай толькі, я абуюся і пойдзем», — але пакуль Мах чакаў, сталася нешта жахлівае: тая цётачка Вілма сказала: «Ірма, хвіліначку, я толькі запалю сабе новую цыгарэту», — і паклала слухаўку каля тэлефона, а вярнуўшыся — па-ранейшаму без акуляраў — узяла ў руку не звычайную слухаўку, а чарадзейную, і сказала: «Дык на чым я спынілася? — ага, што я з задавальненнем зірнула б яшчэ разок на Парыж з Эйфелевай вежы», — і толькі з яе вуснаў зляцелі гэтыя словы, як яна знікла.
А Мах пабег у вітальню, дзе Шэбестава абувалася, і закрычаў: «Бяда, Шэбестава, мы з табой сур'ёзна ўліплі, твая цётка ў Парыжы на Эйфелевай вежы», — і ён патлумачыў Шэбеставай, што здарылася, на што тая схапілася за галаву і сказала: «Ну вось, Мах, я ж гаварыла, што трэба чакаць непрыемнасцяў, тата меў рацыю, што ж цяпер рабіць, мы ж не можам кінуць старую жанчыну пасярод Парыжа ў начной кашулі, трэба тэрмінова даставіць яе назад, пакуль мае не вярнуліся, табе гэта, спадзяюся, зразумела?» — а Мах сказаў: «Паслухай, мы ж ведаем, дзе яна, дык трэба па яе злётаць», — пасля чаго падняў чарадзейную слухаўку, якую цётачка з перапалоху ўпусціла, і папрасіў перанесці іх у Парыж на Эйфелеву вежу; у тое ж імгненне яны зніклі разам са слухаўкай.
На Эйфелевай вежы быў моцны вецер, турысты любаваліся горадам і ракой Сенай, што зіхацела ў промнях веснавога сонца, і толькі Мах з Шэбеставай на нейкае там любаванне не мелі часу: яны шукалі цётачку Вілму; нарэшце Шэбестава крыкнула: «Глядзі, вунь яна», — і праўда, цётачка Вілма стаяла ля парапета, турысты на яе касавурыліся, маўляў, што гэтая жанчына тут робіць у начной кашулі; без акуляраў яна амаль нічога не бачыла, а таму схілялася ўсё ніжэй і ніжэй, чаго не варта было рабіць, бо нахіліўшыся залішне нізка, яна раптам перавалілася цераз парапет і паляцела ўніз; Шэбестава закрычала: «Мах, хутчэй, выратуй яе, у цябе ж ёсць слухаўка», — і Мах таропка прамовіў у слухаўку: «Калі ласка, зрабіце з цётачкі Вілмы ваўняны шалік», — а са слухаўкі азвалася: «Ды без праблемаў», — і перш чым цётачка Вілма ўпала на ходнік, з яе атрымаўся мяккі ваўняны шалік, і з ёй нічога не здарылася.
А Мах з Шэбеставай імчалі ўніз, быццам ветрам гнаныя, але ўявіце сабе: на ходніку ніякага шаліка не было, і Мах Шэбеставай сказаў: «Ну вось, няма больш цётухны», — але Шэбестава не слухала: «Зірні, Мах, вунь на таго спадара», — Мах паглядзеў, куды яна паказвала, і ўбачыў японскага турыста з фотаапаратам, які трымаў у руцэ чырвоны ваўняны шалік і цікаўна яго разглядаў, а потым завязаў яго сабе вакол шыі, бо сапраўды было ветрана, і тады Мах сказаў: «Слухай, Шэбестава, па-мойму, гэта яна, што ты думаеш?»
А Шэбестава сказала: «Я таксама так думаю, але ж ты сабе толькі ўяві, што здарыцца, калі мы гэты шалік ператворым у цётачку Вілму, ведаеш, як гэты маленькі японец спалохаецца, калі раптам адчуе, што ў яго вакол шыі абматаная цётачка Вілма», — а Мах сказаў: «А ўяві, як гэты маленькі японец бразнецца, бо цётка важыць мінімум дзевяноста кіло, яшчэ паламае — крый божа — гэтаму небараку хрыбет, карацей кажучы, нам трэба пачакаць, пакуль ён здыме з сябе гэты шалік».
І так яны за тым японцам хадзілі і хадзілі, былі з ім у Луўры, дзе ў суботу ўваход бясплатны, былі ў Люксембургскім садзе і на вялікіх бульварах, а ён усё хадзіў і хадзіў, у Маха і Шэбеставай ужо ногі балелі, але той японец быў нястомны, як жэўжык, спыняўся і тутака і тамака ды ўсё нешта фатаграфаваў, і раптам ён спыніў таксі; тады Мах зусім збянтэжыўся і сказаў: «Шэбестава, гэта канец, я ўжо ледзь ногі валаку, а зараз яшчэ давядзецца за таксі бегчы», — але Шэбестава адказала: «Без панікі, Мах, супакойся, мы за гэтым таксі не пабяжым і нават не пойдзем, мы за ім спакойненька паляцім», — і папрасіла слухаўку ператварыць іх у вераб'ёў; так яны за тым таксі і паляцелі, пакуль не даляцелі да заапарку, а там сталася самая нечаканая штука, якая толькі магла здарыцца: вецер падзьмуў трошкі мацней, і ваўняны шалік у японца ўзяў ды зляцеў, і як на ліха, проста ў клетку з ільвом.
А леў, якому не было чаго рабіць і які страшэнна сумаваў, схапіў той шалік, уладкаваўся ў клетцы зручней і ўзяўся яго жаваць — паволі і разважліва, каб гэтага занятку яму хапіла надоўга, а Мах з Шэбеставай, якія ўсё яшчэ былі вераб'ямі, падумалі: «Вось ліха, не будзем жа мы проста глядзець, як гэтую няшчасную старую зжарэ нейкі знуджаны леў, ды яшчэ толькі за тое, што яму няма чым заняцца», — і яны, пашчабятаўшы паміж сабой, дамовіліся, што рабіць: заляцелі разам у клетку, Мах сеў ільву проста на нос і пачаў яго няшчадна дзяўбці, леў зароў і ўскочыў, каб з Махам расквітацца, а Шэбестава толькі таго і чакала: яна схапіла шалік у дзюбу і пацягнула яго з клеткі, ляцець з ім яна не магла, бо шалік быў мокры, абслінены і важыў найменш паўкіло; карацей кажучы, перш чым леў ачомаўся, шалік апынуўся па-за клеткай, а цар звяроў ад таго, што нейкія два вераб'і скралі ў яго чырвоную жуйку, раз'юшыўся і зароў зноў, ды так гучна, што наведнікі заапарку пачалі збягацца да ягонай клеткі, каб паглядзець, што гэта робіцца, але нашых герояў там ужо не было, бо Шэбестава, вылезшы з клеткі, тройчы ціўкнула, і гэта быў умоўны знак, на які слухаўка перанесла іх дадому разам з шалікам.
І так яны вярнуліся да Шэбестаў; спадарыня Шэбестава праз хвілінку вярнулася ад Ціхачкаў з рэцэптам, убачыла мокры шалік, узяла яго двума пальцамі і спытала: «Што гэта за брудная анучына?»; Мах баяўся прызнацца, што гэта цётачка Вілма, і таму нясмела сказаў, што гэта ягоны шалік, а спадарыня Шэбестава сказала: «Фу!» — і кінула шалік у пральную машыну, заўважыўшы, што з нечым падобным Маха дадому не пусціць, бо што тады скажуць ягоныя бацькі.