Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
– Куды вы падзелі мае пантофлі, паганы зброд? – закрычала старая і пачала біць па іх палкай, так, што яны з віскатам падскоквалі. – Колькі мне яшчэ стаяць так?
Яны хутка з падскокам пабеглі ўверх па лесвіцы і вярнуліся з парай шкарлупін какосавага арэха, падбітых скурай, якія яны спрытна абулі ёй на ногі.
Цяпер яна не кульгала і не спатыкалася. Яна адкінула кульбу і з вялікай хуткасцю каўзанулася па шкляной падлозе, пацягнуўшы за руку малога Якаба. Нарэшце яна спынілася ў адным пакоі, які, упрыгожаны ўсялякімі аздобамі, быў вельмі падобны да кухні, хаця сталы з чырвонага дрэва і канапы, абвешаныя багатымі дыванамі, больш пасавалі да шыкоўнай гасцінай.
– Сядай, сынок, – сказала старая даволі прыязна, усаджваючы яго ў кут канапы і паставіўшы перад ім стол так, каб ён не мог выкараскацца. – Сядай, цяжка табе было, чалавечыя галовы не такія лёгкія, не такія лёгкія.
– Спадарыня, што за дзівосы вы кажаце? – усклікнуў хлапчук. – Я і праўда замарыўся, але ж я нёс качаны; вы купілі іх у маёй маці.
– Памыляешся, – засмяялася жанчына, падняла накрыўку кошыка і выцягнула чалавечую галаву, ухапіўшы яе за чупрыну. Малы ад страху ледзь не страціў прытомнасць. Ён не мог зразумець, як гэта здарылася, і ўвесь час думаў пра сваю маці: калі хто-небудзь даведаецца пра гэтыя чалавечыя галовы, думаў ён сам сабе, то напэўна ж абвінавацяць маці.
– Трэба ж табе аддзячыць як-небудзь за тое, што ты такі паслухмяны, – прабурчэла старая. – Пачакай хвілінку, я прыгатую табе супчык, які ты запомніш на ўсё жыццё.
Пасля гэтых словаў яна зноў свіснула. Спачатку з’явілася шмат марскіх свінак у чалавечым адзенні. На іх былі павязаныя кухарскія фартухі, а за паясамі былі апалонікі і вялікія кухонныя нажы. Потым прыскакала мноства вавёрак; на іх былі шырокія турэцкія шаравары, яны ішлі на задніх ножках, а на галовах мелі зялёныя шапачкі з аксаміту. Гэта, відаць, былі кухцікі, таму што яны з вялікай хуткасцю лазілі ўверх і ўніз па сценах, прыносілі зверху патэльні і міскі, яйкі і масла, прыправы і муку і падавалі гэта ўсё да пліты, за якой там старая ў сваім абутку ўвесь час каталася туды-сюды, і хлопчык зразумеў, што ёй вельмі хацелася прыгатаваць яму што-небудзь смачнае. Цяпер агонь, патрэскваючы, шугануў вышэй, цяпер на патэльні закурылася і закіпела, па пакоі паплыў прыемны пах, старая ж бегала туды-сюды, а вавёрачкі і марскія свінкі – за ёй. І калі яна прабягала міма пліты, яна, даўганосая, зазірала ў гаршчок. Нарэшце ўсё забулькатала і зашыпела, з гаршка ўзнялася пара, пена выбегла на агонь. Тады яна зняла гаршчок, наліла адтуль у срэбны спод і паставіла перад Якабам.
– Вось, сынок, вось, – гаварыла яна, – толькі з’еш гэты супчык, тады ў цябе будзе ўсё, што табе спадабалася ўва мне. Табе варта яшчэ стаць добрым кухарам, каб ты штосьці значыў, але траўка... не, траўкі табе ніколі не знайсці; чаму ў тваёй маці ў кошыку яе не было?
Хлопчык не зусім разумеў, што яна казала, і тым большую ўвагу надаваў супу, які яму вельмі падабаўся. Яго маці гатавала яму часам даволі смачныя стравы, але такой смакаты ён яшчэ не спрабаваў. Водар пахучых траваў і вострых прыправаў падымаўся з супа, які быў адначасова салодкі і кіславаты і вельмі моцны. Калі ён дапіваў апошнія кроплі непараўнальна смачнага супу, марскія свінкі запалілі арабскі фіміям, дым якога расплыўся па пакоях, клубы рабіліся ўсё гусцейшымі і гусцейшымі і асядалі ўніз, пах фіміяму дзейнічаў на малога, дурманячы яму розум, ён крычаў і крычаў, што павінен вярнуцца да маці, а калі знемагаўся, то зноў і зноў упадаў у дрымоту, пакуль нарэшце не заснуў на канапе старой жанчыны.
Ён убачыў дзіўныя сны. Яму саснілася, быццам старая сцягвае з яго старое адзенне і ўхутвае ў скурку вавёркі. Цяпер ён мог скакаць і лазіць, як вавёрка: ён бавіў час з астатнімі вавёркамі і марскімі свінкамі – вельмі прыстойным, выхаваным народам, ён разам з імі служыў старой даме. Спачатку яго яму давяралі толькі чысціць абутак – ён павінен быў націраць алеем і шараваць да бляску какосавыя шкарлупіны, якія жанчына насіла замест пантофляў. Гэта давалася яму лёгка, бо і ў бацькоўскім доме ён часта такое рабіў. Яму снілася, што прыкладна праз год яму даручылі больш тонкі занятак: ён разам з яшчэ некалькімі вавёркамі павінен быў лавіць пылінкі з сонечных промняў і калі іх набіралася дастаткова, прасяваць праз вельмі густое валасяное сіта. Старая лічыла сонечныя пылінкі самай вытанчанай ежай, і ад таго, што яна не мела ўжо ніводнага зуба, ёй пяклі з іх хлеб. А яшчэ праз год ён быў пераведзены да слуг, якія збіралі пітную ваду для старой. Для гэтага не трэба было ўкопваць цыстэрну ці ставіць у двары бочку, каб збіраць туды дажджавую ваду – усё рабілася куды танчэй: вавёркі, а з імі і Якаб, мусілі шкарлупінамі лясных арэхаў чэрпаць расу з ружаў, і гэтую ваду старая піла. Піла яна шмат, і праца ваданосаў была вельмі цяжкою.
Праз год яго прызначылі на службу ў самім доме. Яго абавязкам было трымаць у чысціні падлогі; але ад таго, што яны былі са шкла, на якім быў бачны нават след ад дыхання, гэта была нялёгкая праца. Служкі мусілі падмятаць шчоткай і прымацоўваць да падэшваў старыя анучкі і на іх адмыслова рухацца па пакоі.
На чацверты год ён нарэшце быў пераведзены ў кухню. Гэта была ганаровая пасада, на якую можна было трапіць толькі пасля працяглых выпрабаванняў. Якаб там узняўся па службовай лесвіцы ад кухціка да майстра па паштэтах і дасягнуў такога адмысловага ўмельства і досведу ў справе гатавання, што сам дзівіўся. Самыя складаныя стравы, паштэты з двухсот розных складнікаў, супы з зеляніны, прыгатаваныя з усімі траўкамі зямлі, – ён усяму навучыўся, усё ён умеў рабіць хутка і ўпэўнена.
Так прайшло сем гадоў на службе ў старой жанчыны, і тут аднойчы яна, зняўшы з ног арэхавыя шкарлупіны і ўзяўшы ў рукі кошык і кульбу, каб кудысьці пайсці, загадала яму абскубсці кураня, нафаршыраваць яго травамі і, пакуль яна вернецца, прыгожа яго засмажыць, да рудавата-жоўтага колеру.