Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
Але, як кажа бабуля, свой лёс на кані не аб’едзеш. Ася ў свае дваццаць пяць дасюль баіцца сур’ёзных адносінаў і “спажывае” мужчын у разумных межах, абы самота зусім не заела. А Маргарыце падчас сумеснага турпаходу па Карпатах заімпанавала эрудыцыя маладога земляка ў акулярах, ягоная здольнасць прамаўляць бясконца, павучальна-пераканаўча і пра ўсё, што заўгодна. І бацькі Гошыны ёй пасля, па прыездзе ў Мінск, спадабаліся. Інтэлігентныя, вясёлыя… Абодва ў тэхнікуме выкладаюць.
І Марго трохі разгубілася, калі за два дні да вяселля інтэлігентныя выкладчыкі згрузілі Гошу са сваёй машыны перад нявестчыным пад’ездам з усім ягоным пасагам: чамаданчыкам з майткамі, стосам кніжак і магнітафонам “Самсунг”. З’ясавалася, што прымаць нявестку ў сваёй кватэры, таксама “двушцы”, яны не разлічвалі. Праз год Маргарыта нарадзіла Косціка. А Гоша страціў працу трэці раз – і апошні. Бо дасюль шукае вартае сваёй выбітной эрудыцыі месца.
Таго, што пісала Ася, Гоша, вядома, не прачытаў, апраўдваючыся, што яму цяжка чытаць па-беларуску. Хаця два часопісы з яе аповедамі стаялі за шклом галоўнай шафы, побач з улюбёнымі бабулінымі парцалянавымі статуэткамі ў стылю “нямецкі кіч”. Можа, і лепей, што не чытаў, а то паздзекваўся б… Першы аповед называўся ”Закінутая хата” і распавядаў пра прывід маладога інсургента, які ў згаданай закінутай хаце праліваў начыма слёзы па сваёй каханай, якая ўцякла з расейскім жандарам. Другі аповед, “Зруйнаваны палац”, апісваў каханне юнага князя і прыгоннай актрысы, якую закатаваў бацька княжыча… Прывіды таксама меліся ў наяўнасці, у эпілогу яны, як належыць, луналі, стагналі і заклікалі да нашчадкаў… Твор-р-рчасць… Вартае жалю перайманне вядомага аўтара беларускага фэнтэзі Вячкі Скрыніча, у даславутым дзяцінстве, якое прайшло ў адным класе з Асінай сястрой, Славіка Скрынкіна. Славік, будучы Вячка, па ўспамінах Марго, нават на ўроках увесь час нешта запісваў у агульны сшытак… А Ася? За чатыры апошнія гады – адны накіды, дзесяці старонак няма. Нібыта набрала поўныя лёгкія паветра, стоячы над глыбокай ракой, а тая раптам узяла – ды ўся высахла. А няўдалая плыўчыха ўсё чакае, пакуль можна будзе даць нырца. Як казаў Асі адзін стары паэт, які даўно не піша вершаў: мордай аб асфальт табе трэба пару разоў, тады зможаш нешта вартае напісаць.
Ася не была ўпэўненая, што гэта правільны рэцэпт, старому паэту ён жа не дапамог, але правяраць на сабе неяк не хацелася.
Яна неяк чытала, што мастацтва развівалася па такой схеме: напачатку – мегалаграфія, захапленне агульным, адлюстраванне велічнага і вялікага. Потым – ропаграфія. Выяўленне дробных прадметаў, захапленне сузіраннем, разглядваннем, медытацыяй… І непазбежна ўсё сыходзіць да рыпараграфіі – адлюстравання адкідаў, усяго агіднага і заганнага.
Большасць Асіных аднагодкаў, што сцвярджаліся ў літаратуры, адзін за адным кідаліся найперш у абдоймы апошняй стадыі, спаборнічаючы ў скептыцызме, цынізме і цытаванні філосафаў, і назаўсёды замураваўшы ў школьных сшытках наіўныя меладычныя радкі пра любоў да радзімы і супрацьлеглага полу.
Ася не любіла кідацца некуды разам з усімі. А куды ёй хочацца самой – не ведала. Таму пакуль што яна фатаграфавала… паветра. Свой асабісты прывід. А што – паветра ж таксама матэрыяльнае… Трэба толькі, каб яму трошкі нехта падыграў – сухое лісце, пыл, вада, снег, пара – і ягоныя абрысы рабіліся відочнымі нават для недавяркаў. Вось, напрыклад, гэтае жнівеньскае паветра ля Шэрай Будыніны выяўляў першы сухі лісток, што зляцеў з таполі і лена кружляў, і яшчэ не ведаў, што ён памёр…
Калі Ася паведаміла сваім сямейнікам, што яе ўласную кватэру ўжо пабудавалі, і яна збіраецца хутка туды пераехаць, маці крыўданула, што дачка не дзялілася з ёй навінамі пра будоўлю, але ўсё-ткі накрыла ўрачысты стол… Бабуля паглядала на малодшую ўнучку з прыхаваным гонарам – яна цаніла ў людзях самастойнасць. А Гоша, падвыпіўшы, пачаў гучнагалосна наракаць на несправядлівасць – вось, Ася адзінокая, і ў яе цяпер будзе асобная кватэра. А яны з Марго – сямейныя, дзіця малое… І няхай бы Ася засталася тут, а іх пусціла пажыць у новую хату “по родственному”, альбо яны згодныя застацца тут, а няхай Ася забярэ з сабой маці і бабулю…
– Самыя ж блізкія твае людзі! – пранікнёна гарлаў Гоша, а Марго маўчала, гледзячы ўбок, нібыта гэта яе не тычылася, але ўсё-ткі дзесьці, падобна, спадзявалася – а раптам у буржуйскай душы сястры прачнецца мецэнацтва. Косцік, хударлявы і пракудны, як гарадскі верабей, першакласнік, меланхалічна жаваў скрылёк сыравэнджанай каўбасы і паныла пазіраў у бок калідору – як і цётка, ён пры найменшай магчымасці намагаўся ўцячы з дому.
– Гэта мая кватэра! –скрозь зубы прамовіла Ася і пайшла на балкон – адзінае месца, дзе магчыма было хоць сімвалічна адасобіцца. А пасля ўсю ноч ціха плакала ў падушку, не ў змозе перамагчы адначасова пачуццё віны і крыўду. І не выратоўвала, што маці і бабуля доўга адчытвалі Гошу на кухні: лайдак, труцень, пасаромеўся б рот раскрываць, жывеш у чужым доме, на чужым хлебе, хто табе не дае крэдыт узяць ды кватэру пабудаваць, дзяўчына сваім гарбом кватэру займела, мае права на асабістае жыццё.