Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
На дзесятым паверсе нікога не было. Адна цётка-наглядчыца, сівенькая, як восеньскі туман, сядзела ў куце і вязала бэзавы шаль.
На сценах перамігваліся сонечнымі зайчыкамі пейзажы: бярозкі, хваінкі, аблачынкі… Цямнела некалькі старых партрэтаў – сурдуты, ордэнскія стужкі, капоты, каптуры… Але Арсенія бачыла толькі адну карціну. Проста насупраць уваходу, на супрацьлеглай сцяне… Партрэт у поўны рост. Дзяўчына ў цёмнай сукенцы з вузкім белым каўнерам, валасы гладка расчасаны на прабор, рукі цнатліва складзеныя пад грудзямі… Арсенія павольна падыходзіла бліжэй, і немажліва было пазбавіцца адчування, што набліжаешся да люстра…
На адлегласці шэпту ад карціны Ася замерла. Намаляваная дзяўчына паглядала зверху вялікімі цёмнымі вачыма гэтак рахмана і даверліва, яе тварык з высокім белым ілбом, маленькімі, амаль дзіцячымі вуснамі выпраменьваў асаблівую чысціню… “Мордай бы цябе аб асфальт!” – недарэчна прагучаў у Асінай галаве звяглівы голас старога паэта, які развучыўся пісаць вершы.
Не. Палохацца не варта. Што тут асаблівага? Чалавечы мозг так зладжаны, што ва ўсім шукае падабенства. У тосце з сырам бачаць партрэт Багародзіцы і прадаюць яго на аўкцыёне за шалёныя грошы… У воблаку ўгадваюць абрысы самога д’ябла, і ў паніцы рыхтуюцца да канца свету. А Уладзімір Караткевіч, між іншым, пазнаваў сваё аблічча ў партрэце хлопчыка работы італьянскага мастака эпохі Адраджэння Пінтурык’ё. І праўда, падабенства незвычайнае. А тут… нічога звышнатуральнага. У дзяўчыны на партрэце і вусны меншыя, чым у Асі. І вочы больш цёмныя, і нос… вось тут, пасярэдзіне, трошкі танейшы… І прыгожая, не тое, што Арсенія. І… урэшце, гэта сапраўды мог намаляваць колішні знаёмец – упадалі за Марго студэнты з Акадэміі мастацтваў, адзін дамоў да іх хадзіў, здаецца, яго звалі Андрусь Камароўскі. І ўсё спрабаваў з малодшай сястрой сваёй дамы загаворваць, некуды запрашаць, толькі Ася, вядома, палохалася і бянтэжылася, што абражае мастакоўскае вока сваім страхавітым абліччам (прынамсі, на гэта намякала Марго). Але, можа, хто з гэтых мастакоў мімаволі і выкарыстаў Асін вобраз, калі ўяўляў старасвецкую паненку?
Рэдактарка з палёгкай уздыхнула. Ніякай таямніцы. І перавяла вочы на шыльдачку ля багетнай рамы: “Партрэт графіні Марыі Корб-Варановіч. Невядомы мастак, пач. XIX ст.”.
Усё, цяпер ніякага ратунку ад містычнага жаху… Адкуль ён толькі ўзяўся? У прынцыпе, нічога ж страшнага не адбылося – падумаеш, убачыла намаляваную падобную да сябе дзяўчыну… Гэта ж забаўна… А за сэрца нібыта нехта халоднай рукой крануў. І сціснуў… Так.
Бо Арсенія шалёна ненавідзела гэтую намаляваную дзяўчыну, такую чыстую, датклівую, рахманую...
Выплеск нейкай інстынктыўнай, незразумелай да містыкі нянавісці…
– Гэта ваша сваячка, напэўна?
Зацікаўлены голас бабулькі-наглядчыцы ледзь не змусіў Асю падскочыць.
– Вы, выпадкова, не з Корб-Варановічаў?
– Не… нічога я пра гэтых… Корб-Варановічаў… не ведаю! – знервавана прамовіла Арсенія і памкнулася прэч, пакуль яшчэ хто не заблукаў на нешчаслівы паверх. Прэч, далей ад ненавіснага аблічча.
– А як падобныя! – крычала ўслед бабулька, але Ася ўжо ірванула на сябе дзверы галерэі.
Міргатлівыя лямпачкі над ліфтамі сведчылі, што кабіны паволі кіруюцца на першы паверх, а чакаць хацелася не больш, чымся драпаць пазногцямі бетонную сцяну. Ася, прытрымліваючы рукой доўгую спадніцу, імкліва пабегла ўніз па “чорнай” лесвіцы, вечна пракуранай настолькі, што варта было спусціцца на суседні паверх, і валасы двое сутак патыхалі табакай. Хаця Ася пару разоў сфоткала паветра, абазначанае цыгарэтным дымам, але гэта было паветра не для яе дыхання.
На кожнай лесвічнай пляцоўцы блішчэлі мадэрновыя попельніцы на высокіх жалезных ножках, падобныя ці да металёвых грыбоў, ці то да маленькіх робатаў. Але падваконні былі застаўленыя звычайнымі бляшанкамі з-пад кавы і марынаваных алівак, якім курцы “Сокала-прынта” аддавалі перавагу, пра што сведчылі горы недапалкаў у бляшанках і сіратлівая пустэча, парушаная некалькімі пляўкамі, у попельніцах на жалезных ножках. Паміж сёмым і шостым паверхамі на лесвічнай пляцоўцы злева ад вакна мелася глыбокая ніша, а ў ёй – вузкія дзверы, абабітыя бляхай, без аніякай шыльды. Нейкае тэхнічнае памяшканне. Аб гэтыя дзверы супрацоўнікі любілі гасіць недапалкі, спаборнічаючы ў мастацкасці чорных сыпкіх росчыркаў.
На шчасце, курцы на гэты раз не тоўпіліся перад вакном. Але калі Ася, спяшаючыся, прабягала паўз нішу з дзвярыма, нехта моцна схапіў яе за перадплечча, ірвануў убок – і Арсенія апынулася ў нішы, прыціснутая да нападніка, як у перапоўненым ліфце.
– Тс-с-с… Ціха…
Арсенія ледзь стрымала абураны крык… Перад ёй стаяў Вячка Скрыніч уласнай літаратарскай персонай! І нават моцна трымаў яе за руку (між іншым, на Асінай далікатнай скуры неадменна ўтворыцца сіняк). Худы твар Скрыніча здаваўся яшчэ больш напятым, чым звычайна, зялёныя вочы гарэлі, як у дзіцёнка, якога зараз тата пасадзіць у вагончык амерыканскіх горак. Прамыя цёмныя валасы зблытаныя, як быццам уладальнік толькі што прабег не адну літоўскую вярсту, ноздры драпежнага носа раздзімаюцца… Вочы Асі апынуліся на ўзроўні Скрынічавага падбароддзя, на дзіва паголенага (дзе ж рамантычнае шчэцце?). І паху алкаголю не адчувалася, толькі гаркавата-палыновая парфума… Ад шалёнага Вячкі можна чакаць, чаго заўгодна. Арсенія, праўда, ужо гады з два яго не сустракала, бо зусім перастала цягацца па літаратурных тусоўках. Толькі інтэрнэт час ад часу абурана гуў вакол абвестак, што Вячку, які славіўся незалежніцкай пазіцыяй, не пусцілі некуды выступаць ці не надрукавалі артыкул са станоўчай рэцэнзіяй на ягоны раман. Хаця курсавых і дысертацый па ягонай творчасці, Ася дакладна ведала, абаранялі шмат.
Скрыніч нідзе не працаваў. Адны казалі, што ён някепска зарабляе тым, што піша сцэнарыі серыялаў для расейскіх кінастудый, таму й можа пачувацца незалежна. Другія пляткарылі, што ён проста зусім апусціўся, спіўся, скалоўся, галадае, жыве на міласціну прыхільнікаў… Іначай даўно з’ехаў бы за мяжу, на які літаратурны грант. Можа, і праўда падсеў на якія наркотыкі? Вунь што вытварае… Як яго толькі ў “Сокал-прынт” прапусцілі?