Але хто ж такія Жук ды Вясёлая Барада? Адкуль яны ўзяліся? Як апынуліся ўсе разам? І пры чым тут чырвонаармейцы?

Жук быў звычайным сабакам, звычайнай пароды. Ні асаблівымі здатнасцямі, ні асаблівымі талентамі ён не мог пахваліцца. Сабака, як і ўсе сабакі. Толькі вось бок хіба крыху падпалены, дык гэта ўжо ад паходнага жыцця, прыпаліў, ля цяпла грэючыся ў халодную восеньскую ноч. Не такі ўжо прыгажун Барадаты - шэрая ўзлахмачаная поўсць, вечна ў рэп'ях, у саломе. Левы рог напалавіну збіты - страціў дзесьці ў гарачых бойках. Куртаты хвост - адна відзімасць. Але затое ж барада - сапраўдная краса і гонар Барадатага. І хоць абскублена яна была крыху, і няроўныя валасіны былі ў ёй, і рэп'яў хапала ў ёй, - усё ж была яна барадой, якой і належыць быць у паважаючага сябе казла. За гэту бараду і празвалі казла Барадатым... Ідзе ён, барадой трасе. Бяжыць - барада падскоквае. Пачне есці - барада матляецца. Прыго-о-о-жая барада!

І Жук і Барадаты былі да некаторай ступені вайсковымі асобамі. Жук быў у першым батальёне, Барадаты - у другім. І хадзілі штодня з палком у вялікіх паходах. Ці холад, ці спякота, ці снег, ці дождж - ідуць баявыя батальёны чырвонаармейцаў. І хоць цяжка ў дарозе - і ногі ныюць, і муляе плечы, - не сумуюць байцы, песні спяваюць, жарты ладзяць, гармонік заводзяць. А калі заціхае часам гармонік, тады выступаюць батальённыя веселуны - Жук ды Барадаты. І чаго толькі не робяць яны. Пераскоквае Барадаты цераз Жука. Жук намагаецца ўхапіць Барадатага за бараду. Але, напароўшыся на рог, спрытна ўцякае ў кусты, адкуль робіць спробу нечакана атакаваць свайго прыяцеля. Такі часам вэрхал узнімуць, такую тузаніну, што хоць ты вадой іх разлівай. Спектакль, дый годзе. А кончаць спектакль, ходзяць па шарэнгах, у вочы байцам пазіраюць. Ну, ясна, трэба скарыначку хлеба даць, цукрам пачаставаць. І давалі, і частавалі. Любілі чырвонаармейцы сваіх веселуноў і з батальёна іх не адпускалі. Да таго любілі, што нават ганарыліся імі і задзіралі носа перад трэцім батальёнам, які не меў нікога - ні казла, ні Жука.

Калі часам Барадаты па сваёй несвядомасці заходзіў пачаставацца ў трэці батальён, яго адразу ж знаходзілі і выводзілі адтуль. Чырвонаармейцы другога батальёна баяліся, каб трэці батальён не скраў часам іхняга веселуна, іхняга барадатага актора. Скрасці не скрасці, а падкупіць маглі - дужа ласы быў Барадаты на цукар і на махорку. Жук быў больш свядомым і свайму батальёну здрадзіць не мог - ніякія подкупы на яго не дзейнічалі. Нават агрызаўся часам на такія подкупы, і яго пакідалі ў спакоі. Ён быў таксама і больш храбрым, больш адважным, чым яго прыяцель. Ён не баяўся страляніны, бою. Разам з байцамі ішоў у атаку, хадзіў ноччу ў дазоры і старанна выконваў там дазорную службу: ніякі вораг не мог падкрасціся непрыкметна ўначы да нашых часцей. А Барадаты пры першым стрэле страчваў увесь свой ганарысты выгляд, з усіх ног кідаўся назад у абоз, за што і звалі яго часам дэзерцірам і саромілі перад усім батальёнам. Але якое ж у Барадатага сумленне? Стаіць, нізка апусціўшы галаву, вокам не міргне. Страсяне барадой ды завядзе сваю жаласлівую песню:

- Бе-э-э-э...

Ну, што ты з ім зробіш!

Дык вось якія былі Жук ды Барадаты. І не дзіва, што чырвонаармейцы ганарыліся імі, частавалі іх, сваіх актораў, веселуноў, і задзіралі носа перад трэцім батальёнам. Але ў хуткім часе здарыліся тыя падзеі, пра якія мы абяцалі расказаць яшчэ ў канцы першага раздзела. Гэтыя падзеі паставілі на другі план і Жука і Вясёлую Бараду, а трэці батальён пачаў задзіраць носа і перад першым і перад другім батальёнам. Аб гэтым мы далей і раскажам.


Як Мішка трапіў на вайсковую службу


Была ціхая летняя раніца. Сонца яшчэ не паспела забрацца высока і пералівалася мільёнамі агеньчыкаў у роснай мураве, на палянах, паблісквала на вільготным лісці бяроз, рассыпалася залацістымі плямамі праз лапкі ялін, праз кучомістыя верхавіны хвой. І калі трапляла сонца на спелыя ягады маліны, яны гарэлі як камні-самацветы. І пах ад іх ішоў далёка-далёка, праз лес, праз балота, да самае лесавое дарогі. Ягады пахлі летам, сонцам, зялёнаю муравою палян, ды чым толькі яны не пахлі! Знай толькі адно: еш, не лянуйся! І Мішка стараўся. Спачатку абскубаў ягады лапай, еў, хапаўся, соп, набіваў повен рот малінай разам з лісцем, з маленькімі мурашкамі, з недаспелымі ягадамі. Калі ж наеўся, стаў больш пераборлівым: стаіць, прыглядаецца, самую спелую ягадзіну выглядае. Выгледзіць маліну, на якой сонца больш пераліваецца, і нацэліцца паважна языком, старанна зліжа ягадзіну і вочы прыжмурыць ад вялікага задавальнення.

Вялікі ласун быў Мішка! А ў гэты час па дарозе ішоў полк. Ішлі батальёны, адзін за адным. За батальёнамі ішоў абоз, паскрыпвалі колы, пастукваючы на карэннях хвой і ялін. Зрэдку ржалі коні. Чуў гэта ржанне Мішка, але заняты ягаднай справай і не падумаў, што б то магло значыць. Ці мала коней іржуць на балоце, яшчэ часам балабонамі пазваньваюць, калі бываюць там на начлезе. Дык вялікі то клопат гэтыя коні, дужа яны Мішку патрэбны!

А полк тым часам спыніўся на адпачынак каля дарогі. Чырвонаармейцы пачалі разыходзіцца па лесе: хто па ваду, хто па сушняк для цяпла, а хто ў грыбы ды па ягады падаўся. За імі следам пацягнуліся Жук і Вясёлая Барада. Хоць іх і не цікавілі дужа ягады, але ж не маглі адстаць ад кампаніі. Такую прывычку займелі за сваё паходнае жыццё.

А Мішка тым часам думаў ужо, як бы гэта падацца назад да роднай бярлогі, але троху пабойваўся маткі: няйначай дасць цяпер па карку за самавольную адлучку. Ды і месца было дужа прыгожае. Прыгравала сонца. Маліннік пах. Пад нагамі пасцілаліся пухнатыя махавіны, мяккія, цёплыя. Зялёнае лісце бруснічніку ярка блішчэла на сонцы. Ну, як не пабегаць тут, не пабязуліць, не перакуліцца некалькі разоў цераз галаву ды, лёгшы на спіну, падняць угору свае куртатыя лапы і ўзірацца ў глыбокае сіняе неба, якое здавалася Мішку вялікім-вялікім возерам лесавым. Толькі дзіва - на возеры сонца плыве, углядаецца з вышыні. Аж вочы прыжмурыў Мішка, да таго хораша на свеце жыць, калі гэта матка ёсць, і маліннік ёсць, і маленькія птушкі малінаўкі табе песні спяваюць ды сама ягада ў лапу просіцца. Не жыццё Мішку - маліна!

І толькі гэта ён на лапах падняўся ды сухую ігліцу з хрыбта абтрос, як, зірнуўшы перад сабою, амаль не самлеў, аж захаладала ў пятах. Проста перад ім вытыркнуўся з-за куста ніколі нябачаны ім звер. Быў ён увесь белы, меў чатыры нагі, як і кожны звер, але былі ў яго яшчэ рогі. І самае страшнае - была ў звера дзіўная барада, яна матлялася з боку ў бок, наганяючы яшчэ болей страху на Мішкава сэрца. Ніколі і нідзе не бачыў Мішка такой барады, ні ў бацькі свайго, ні ў шэрых ваўкоў, што трапляліся часам на лесавых сцежках, ні ў другіх звяроў і звярушак, з якімі даводзілася сустракацца. Ні ў зайца, ні ў лісаў, ні ў тоўстых барсукоў, ні ў калючага вожыка.