- Бе-э-э-э...

Відаць, асцерагаўся за сваю бараду, якую паважаў праз меру, ганарыўся ёю. Пасмейваліся чырвонаармейцы з яго:

- Чаго галосіш, Барадаты? І рогі ёсць, і капыцікі ёсць, а глядзі ты, баіцца... Бліжэй падыходзь, заходзь у кампанію, махоркі дамо...

Але Барадаты не рашаўся, нягледзячы на вялікія махорачныя спакусы. Як-ніяк апасаўся за бараду. Возьме гэты Мішка ды раптам вырве, як жа тады жыць Барадатаму без свае красы. Каб казёл ды без барады! Ніколі не бачана гэта на свеце. А можа, і ад крыўды галасіў Барадаты. Гэта ж трэба, ніхто не звяртае на яго ўвагі. Заняліся гэтым паганцам. І шмат было патрэбна часу, каб памірыць Мішку з Барадатым і Жукам, зрабіць іх шчырымі прыяцелямі, дружбакамі.

Так трапіў Мішка на вайсковую службу.

Калі скончыўся прывал, полк рушыў далей. Мішку зрабілі моцны нашыйнік і прывязалі да воза вяроўкаю. Мішка спачатку ўпіраўся, не хацеў ісці, валокся ўслед за возам. Ну якая ж ахвота на прывязі хадзіць, калі да гэтага часу Мішка хадзіў усюды па сваёй ахвоце, па свайму надуму. Тады пасадзілі Мішку на воз. Гэта здавалася Мішку за лепшае: ніякіх табе клопатаў і трудоў, сядзі ды кругом паглядвай на людзей, на коней, на высокія дрэвы паабапал дарогі. Ды ці мала чаго цікавага можна ўбачыць з воза, чаго раней ніколі не бачыў ён, жывучы ў глухой бярлозе. Ды з воза зусім вальготна назіраць і за Жукам, і за палахлівым Барадатым, махорачнікам гэтым, уся барада ў яго махоркай смярдзіць.

«Любата, а не жыццё!» - хацелася сказаць Мішку. І агледзеўшыся на возе, абнюхаўшы розныя рэчы на ім, Мішка выбраў зручнейшае месца, падмяў пад сябе салому, ямчэй прымасціўся на ёй.

«Ну, што ж: ехаць дык ехаць!»

Падумаў так і задрамаў.

Так выступіў Мішка ў неспадзяваны для сябе паход. Спаў, драмаў. Сніў сны свае лесавыя, мядзведжыя. Усё верзлася ў сне: несусветная ягада-маліна, вялікая-вялікая, у самы раз у дзве лапы ўзяць, на ўвесь рот упіцца сокам малінавым. Ды дзе ты яе возьмеш: ніяк лапай да яе не дастаць. Вось-вось, здаецца, ухопіш яе, нос пах адчувае, па самым носе стукаецца гэта ягада, ды падскоквае потым угору, высока-высока, пад срэбраны месяц, пад сінія зоры. Аж падскочыў Мішка за ёю, за малінай, за ягадай. Падскочыў і прачнуўся. Была ноч. Ціха рыпалі колы ў возе, ды самы воз мякка калыхаўся па дарозе. Сама дарога нібы плыла ў туманах, у месячным святле. Наперадзе коні храплі, палахліва стрыглі вушамі, чуючы Мішкаў дух. Поплеч з возам ішоў маўклівы Жук, за ім Вясёлая Барада. А над дарогай, над лесам, над маўклівымі групамі людзей, над вазамі распасцерлася глыбокае неба, гэтае возера лесавое. У ім хадзіў срэбраногі месяц ды пераліваліся такія яркія і пухнатыя зоры. Было халаднавата. Агледзеўся Мішка, уздыхнуў, нос у цёплыя лапы схаваў і зноў задрамаў.


Дзіўны хворы, цукар і казлоў тытунь


Дзень за днём прызвычаіўся Мішка да вайсковай справы. Праўда, справа гэтая не была дужа цяжкай, бо прывучалі яго паволі, дый спецыяльная для яго навука не была такой ужо хітрай. Трэба было дысцыплінаваць Мішку, прывучыць да парадку, каб ведаў сваё месца і нескладаныя абавязкі палкавога веселуна. З гэтымі абавязкамі ён спраўляўся досыць шчыра, заўзята, і таму любілі яго і паважалі з кожным днём усё больш і больш.

Былі за Мішкам і такія-сякія промахі праз яго выключную прагнасць да ласункаў. Едучы на капцёрскім возе, дзе былі складзены розныя батальённыя харчы, Мішка пранюхаў пра мяшок з цукрам. Употайкі, каб ніхто не бачыў, прадраў Мішка мяшок і на поўны рот пачаў паціхеньку ласавацца цукрам. Ваўсю стараўся і ўдзень і ўначы, сядзіць ды цукар цягае, хрумстае сабе, скасавурыўшы вочы на Барадатага, які не адставаў ад воза ні на крок, бо і яму перападалі часам з гэтага воза тыя ці другія пачастункі: скарынка хлеба, кашы лыжка ці што іншае там па яго густу. Хрумстае Мішка цукар аж сапе і ні пра якія харчы не дбае. Нічога другога ў рот не бярэ, акрамя хіба малака ды вадзіцы чыстай. Занепакоіліся чырвонаармейцы, бедаваць пачалі, пабеглі па доктара ветэрынарнага.

- Бяда, таварыш доктар, гора вялікае навалілася!

- Што здарылася?

- Мішка захварэў: ні сухой макавінкі ў рот не бярэ, поўная адсутнасць апетыту, харчам - нуль увагі...

Прыйшлі да Мішкі. Ён важна разлёгся на возе, падставіўшы хрыбет пад сонца, і ленавата паміргваў вокам, пазіраючы на людзей.

«Відаць, фокусаў чакаюць!» - падумаў Мішка і тут жа павярнуўся зручней, потым перакуліўся цераз галаву, а затым і зусім стаў на пярэднія лапы, падняўшы высока ўгору заднія ногі і балансуючы імі ў паветры.

- Мішка, не трэба! Не турбуйся, Мішутка, ты ж такі хворы, такі слабенькі... - кінуліся чырвонаармейцы ўгаворваць свайго артыста, каб кінуў ён свае практыкаванні. - Ты ж адпачываць павінен, вось і доктар да цябе прыйшоў!

Насілу адгаварылі Мішку ад фокусаў.

- Дзіўна, дзіўна, - гаварыў доктар, аглядаючы хворага. - Хварэе і такія выкрунтасы вырабляе! Дык не есць, кажаце?

- Ані ў зуб... Акрамя чыстай вады нічога ў рот не бярэ! Бачыце, схуднеў як, перапаў зусім...

- Гм... схуднеў... добра схуднеў, калі хрыбет на сонцы блішчыць, як маслам памазаны... Але ж паглядзім...

Доктар важна адзеў акуляры, трубку выняў.

- Ну, што ж, дазвольце агледзець! - ветліва звярнуўся ён да хворага, выслухваць пачаў.

Усе ўважліва назіралі за аглядам, нецярпліва чакалі вынікаў. Мішка ахвотна падстаўляў свае шэрыя бакі, задзіраў угору лапы і ўсё намагаўся пацалаваць доктара ад сваіх вялікіх пачуццяў. Яму здавалася, што яго пястуюць, што з ім весела жартуюць. А таму з вялікай ахвотай ён пераварочваўся з боку на бок, падстаўляў жывот, нахіляў галаву. Дужа любіў ён, калі хто за вухам пачэша. Урэшце прыладзіўся, добра нацэліўся і патрапіў-такі лізнуць языком у самы доктарскі нос.

- Дзіўна, дзіўна! - праказаў зноў доктар, выціраючы хустачкай нос. - Сэрца нармальнае, працуе як матор, і ніякіх шумаў і перабояў... Дык не есць, кажаце?

- Ні сухой скарыначкі... І вось трэці дзень галадуе...

- Гм... Рэдкі выпадак... Цікавы выпадак... Зноў жа тэмпература нармальная і выгляд бадзёры... Можна сказаць, што хворы ў поўнай спраўнасці...

- Якое там, доктар, у спраўнасці... Вы заўсёды вось так, мікстуры якой, відаць, шкадуеце... - пачалі не на жарты крыўдаваць чырвонаармейцы, нездаволеныя медыцынскім аглядам хворага.

- Ну, што вы, што вы! Не ў мікстуры тут справа... - заспрачаўся доктар. - Відаць, ваш хворы пакутуе з нейкіх асаблівых прычын... Магчыма, перамена прафесіі, некаторыя змены ў жыцці... А магчыма, і такая вось дальняя дарога на яго падзейнічала... Могуць быць усялякія прычыны, навукай дасканала яшчэ не ўстаноўленыя...

І доктар распачаў такія доўгія развагі пра розныя загадкавыя выпадкі ў медыцынскай практыцы, што твары ва ўсіх чырвонаармейцаў адразу выцягнуліся, зрабіліся сумнымі, і кожны з іх адразу падумаў: «Ну, Мішку няйначай капут, калі хвароба зайшла так глыбока».

І адразу ўсе накінуліся на доктара:

- Доктар, даражэнькі, выратуйце Мішку! Хіба мы без яго жыць можам?..

- Ну, што з вамі зробіш... - задумаўся доктар, падбіраючы найлепшыя спосабы лячэння Мішкавага занядужання. - Няма на свеце такой хваробы, супроць якой не знайшлося б належных лекаў... Ва ўсякім выпадку можна паспрабаваць... Ну, дайце яму хаця б рыцыны... Можна таксама клізму... Толькі не пазніцеся... І галоўнае - спакой, абсалютны спакой для хворага...