Аставалася нявырашанай пакуль што справа з яго абмундзіраваннем, з Мішкавай амуніцыяй. Але аб гэтым далей.


Справы з генеральскім мундзірам


На адным з прывалаў, калі адпачывалі і весяліліся чырвонаармейцы, Мішка выкідваў свае чарговыя нумары. Як артыст, ён набываў з кожным днём усё большую кваліфікацыю, і яго «спектаклі» рабіліся ўсё больш разнастайнымі і цікавымі. І калі ў першыя дні Мішка мог выконваць толькі самыя звычайныя фокусы - станавіцца на галаву, хадзіць на пярэдніх лапах, - дык цяпер мог паказаць, як аблізваецца Антанта, гледзячы на савецкую зямлю. Як фанабэрыцца польскі пан і точыць зубы на нас. Як паны мужыкоў бізунамі частуюць. Як рабочы пану галаву звярнуў. Шмат чаго навучыўся паказваць Мішка, і ў яго артыстычнай справе актыўна дапамагалі Барадаты і Жук. Жук звычайна падносіў у зубах Мішку якія-небудзь артыстычныя рэчы: палку, капялюш альбо барабан. Падносіў і, пачціва вільнуўшы хвастом, адыходзіў і скромна пазіраў на «прадстаўленне», падымаючы ў патрэбную хвіліну гучны або ціхі брэх. Гэта былі своеасаблівыя Жукавы апладысменты. Барадаты ж сам павінен быў выконваць з Мішкам некаторыя нумары. Асабліва не падабалася яму адна сцэнка, дзе даводзілася пакутаваць яго барадзе. І як толькі Барадаты чуў каманду: «Ану, Мішуха, патрасі-тка сусветнага буржуя, сусветную гідру за бараду», - ён кідаўся звычайна куды-небудзь наўцёкі. Але ўцякаў толькі для прыліку. Яго хутка лавілі і прыводзілі сілком да Мішкі. Давалі зноў каманду, і Мішка паважна браўся абедзвюма лапамі за казлову бараду і даволі энергічна трос яе злева направа, торгаў уніз, прыгінаючы Барадатага да самай зямлі, ставячы яго на каленкі. Трос датуль, пакуль «сусветная гідра» не пачынала прасіць паратунку, не зусім мілагучна выводзячы на ўсе галасы сваё нязменнае:

- Бе-э-э-э...

- Асцярожна, Мішка, асцярожна! Трасі ды не растрасай, не лезь глыбока ў ролю! - папярэджвалі Мішку, і ён, падняўшы казла за рогі, пакідаў яго ў спакоі і важна раскланьваўся з публікай. Барадаты, атросшыся ад пылу, хуценька бег да чырвонаармейцаў, каб раней Мішкі перахапіць адпаведную плату за прадстаўленне.

«Вось ненасытны, ніколі не нажарэцца!» - думаў Мішка пра казла і за гэта крыху яго недалюбліваў.

У заключным нумары Мішка выступаў адзін. Хто-небудзь з чырвонаармейцаў урачыста аддаваў каманду:

- Ану, Міша, слаўны артыст яго вялікасці народу ўсяго трэцяга батальёна і ўсяго непераможнага стралковага палка, пакажы ворагам на страх і нам на забаву, як канае пад чырвоным штыком сусветная гідра контррэвалюцыі.

Мішка станавіўся на заднія лапы, хапаўся з жахам за бакі, валіўся на зямлю, пераварочваўся на хрыбет і дрыгаў куртатымі нагамі ў паветры, старанна высунуўшы язык. Мішка з такой дасціпнасцю выконваў гэты нумар, што ўсе хапаліся за жываты ад смеху. І да чаго быў скромны і ціхі Жук - і той паддаваўся агульнай весялосці і кідаўся бегаць з усіх ног, казла дражніў, брахаў на ўсіх. І нават Барадаты кідаў сваю заўсягдашнюю жвачку - заўсёды ў зубах сцяблінка якая, саломінка - і глядзеў не мігаючы вокам на Мішку, адабральна трос барадой ды ціхенька праз зубы выцэджваў:

- Бе-э-э-э...

І вось, калі скончыў Мішка чарговае прадстаўленне, выступіў адзін з маладых камандзіраў:

- Братцы, артыста мы любім, але ж не клапоцімся аб ім як трэба. Дзе гэта відана, каб артыст босы хадзіў? Дзе гэта відана, каб артыст, даруйце мне, без штаноў гуляў? Як-ніяк блізка восень... Як-ніяк Мішка можа прастудзіцца.

- Амуніцыю Мішку! Штаны Мішку! - у адзін голас крыкнулі чырвонаармейцы і без усякага лішняга галасавання пастанавілі абмундзіраваць Мішку, надаць яму выгляду баявога. Мішка, канешне, нічога не меў супраць гэтай пастановы, бо асабліва не разбіраўся ў такой тонкай справе, як амуніцыя.

Доўга думалі і гадалі, у якую форму апрануць артыста: у пяхотную, кавалерыйскую або лётніцкую. Але які ж з Мішкі лётчык? Ды яшчэ паспрабуй апрануць яго лётчыкам, ён тады і самалёт захоча, а дзе ты лішніх самалётаў набярэшся на фронце? Кавалерыстам хіба апрануць? Дык тады ж каня патрэбна. А які ж з Мішкі яздок? Спыніліся на пяхотнай форме, бо да пяхотнай справы Мішка быў дужа ж здатны, пешака ўвесь свой век малады прайшоў. А каб адзначыць усе Мішкавы заслугі перад палком, парашылі Мішку абмундзіраваць: боты даць, шаблю даць, мундзір уланскі, штаны з лампасамі залатымі.

Заваляўся-такі мундзірчык у палкавых запасах, з трафеяў, узятых у бойцы пад Баранавічамі. І хоць мундзір уланскі быў кавалерыйскай формы, але доўга не спрачаліся хлопцы - варожая кавалерыйская форма можа і пешака хадзіць.

І прыступілі да справы.

Але тут аказаліся сякія-такія цяжкасці. Калі Мішка даволі абыякава прымаў пастанову аб яго амуніцыі, дык калі справа падышла да яе практычнага вырашэння, Мішка стаў на дыбкі. І тут усе ўбачылі, што Мішка, які меў вялікі спрыт да ежы, нічога не разумеў у адзежы і выступіў супраць яе досыць сурова.

Спачатку ўсё ішло ціха і мірна. Мішка дужа ўпіраўся, соп, крактаў, касавурыў вокам, нават намагаўся на спіну легчы, калі некалькі чырвонаармейцаў прыводзілі яго да баявога выгляду, нацягвалі мундзір і штаны. Нават спрабаваў кусацца, калі пачалі чобаты нацягваць, але, атрымаўшы злёгку па загрыўку, артыст супакоіўся і даўся, каб прывязаць шаблю і прымацаваць шапку. Выгляд у Мішкі быў сапраўды важнецкі - мундзір блішчаў, лампасы блішчалі, а раззлаваны Мішка грозна і сурова пазіраў навокал.

Прыняўшы гэта за надругу над сваёй асобай, Мішка кінуў такі ўзлаваны позірк, што Барадаты, які стаяў побач, сігануў маланкай у кусты, ды і Жук палічыў за лепшае адысціся ад яго падалей. І тут пачалося прадстаўленне, якога яшчэ ніколі не бачылі чырвонаармейцы. Мішка панюхаў лампасы, учапіўся ў іх зубамі і ў адзін міг сарваў іх, як тое лыка з дрэва. Адны чырвонаармейцы ахнулі ад такой неспадзяванай надругі над галіфэ, а другія кінуліся ў рогат, падбадзёрвалі Мішку:

- Так, Мішутка, так! Руйнуй панскую форму!..

Але Мішка нічога не слухаў і, доўга не думаючы, стаў на галаву ды пачаў так старанна дрыгаць заднімі нагамі, што чобаты адзін за адным са свістам пранесліся ў паветры і адзін трапіў на елку, другі - у балота. Дайшла чарга і да штаноў. І праз які міг адна калашына ляцела ў адзін бок, другая - у другі.