Тут ужо некаторыя аж узлаваліся - асабліва ж капцёр, які дужа шкадаваў штаны, бо яны яму вельмі і вельмі падабаліся. Той аж крык падняў:

- Што ты робіш, гад? Гэткую адзежыну сапсуў!

А Мішка тым часам падняўся, стаў на заднія ногі, анучы атрос, скінуў шаблю, бразнуўшы ёю аб хвойку, і з пакрыўджаным выглядам пайшоў панура ў бок ад народу. На ім застаўся адзін толькі мундзір, мундзір без штаноў. Супраць мундзіра Мішка чамусьці нічога не меў, магчыма, таму, што мундзір гэты не замінаў яму асабліва ў хадзьбе. І колькі ні намагаліся потым хлопцы ўладзіць справу з Мішкавымі штанамі, нічога не выходзіла. Чаго, чаго не рабіў ён з імі, з гэтай адзежынай. Тапіў у балоце, хаваў пад корч, і калі намагаліся хлопцы ў чацвёрты раз апрануць артыста, ён зноў урачыста іх скінуў, разадраўшы на дзве палавіны. Але на гэты раз ён не стаў ні хаваць іх, ні тапіць у балоце. З самым суровым выглядам палез Мішка, трымаючы адзежыну ў зубах, на самую высокую хвойку і, прымасціўшыся на самым высокім суку, канчаткова і беспаваротна расправіўся з ненавіснай адзежынай. Парваў штаны на дробныя мэтлухі і, урачыста скінуўшы іх з дрэва, злез і маўкліва прыступіў да выканання сваіх чарговых артыстычных абавязкаў.

- Гм... З характарам Мішка! - пачціва адазваліся аб ім чырвонаармейцы і больш не прыставалі з амуніцыяй.

Так і хадзіў Мішка ў мундзіры без штаноў, без ботаў, без шапкі. Праўда, і мундзір хутка стаў падобны на адну толькі відзімасць, бо ад частага лазання па дрэвах ад мундзіра засталіся адны толькі лапікі. Але Мішка не прыдаваў гэтаму асаблівага значэння, маючы ад прыроды нахіл да прастаты і скромнасці. Так закончыліся ўсе спробы абмундзіраваць Мішку.


Незвычайны кулямётчык


Полк ішоў усё далей і далей. Некаторымі днямі праходзілі больш чым па паўсотні вёрст. Белапалякі адступалі. Часам завязваліся ўпартыя баі, і тады Мішкаў абоз адпачываў. Там пакідалі Мішку з яго артыстамі. Мішка хадзіў з сваімі таварышамі без справы, сумаваў - не было каго весяліць. Якая там, скажам, весялосць з капцёрамі ды з абознікамі. І хадзіў Мішка сам не свой, агрызаўся на Барадатага, намагаўся без дай прычыны Жука пакрыўдзіць і ўсё стараўся наступіць яму лапай на хвост, каб хоць чым-небудзь выказаць сваё нездавальненне. Чырвонаармейцы бачылі такі паганы настрой Мішкі і прымалі меры, каб развесяліць артыста.

- Чаго яму ў абозе ацірацца? З яго баец хоць куды, няйначай прыйдзецца стральбе навучыць...

І пачалі вучыць.

Праўда, справа не клеілася на лад. І калі Мішка яшчэ з поспехам і нават з захапленнем выконваў некаторыя нумары з вінтоўкай: браў на каравул, да нагі, на рамень, на ізгатоўку, - дык калі справа дайшла да стральбы, тут Мішка выказаў самы рашучы пратэст. Не толькі што самому страляць - аб гэтым не магло быць і гаворкі, - але нават і гуку стрэлу Мішка не мог пераносіць. І калі пальнулі пры ім з вінтоўкі, Мішка як дуж кінуўся з усіх ног наўцёкі і зашыўся ў стог саломы, што стаяў каля дарогі. Адны толькі заднія ногі тырчалі з саломы, ды дрыжаў з перапуду Мішкаў куртаты хвосцік. Насілу выцягнулі Мішку са стога за ногі.

- Ай да храбрэц! Саромся, Мішка, чырваней перад Барадатым!

І сапраўды, казёл, даўно звыкнуўшыся са стральбой, не звяртаў на яе аніякае ўвагі і абыякава жаваў жменьку мурожнага сена, скрадзенага з чужога воза. А Жук, той нават вочы ленаваўся расплюшчыць, калі чуў стрэл, і толькі варушыў вушамі, адганяючы імі назойлівых мух. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа, ён ніяк ачухацца не мог, палахліва пазіраў на вінтоўку, і калі казаць па сакрэце, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Так пачалася стралковая вучоба для Мішкі.

Але трэба сказаць, што ў хуткім часе Мішка змяніўся і зрабіўся такім адважным байцом, што Барадаты і Жук пачалі з яго проста дзівіцца. Ці свядомасць была тут прычынай, ці Мішка не хацеў плесціся ў хвасце Барадатага, але праз якія тры-чатыры дні вучобы Мішка спакойна пераносіў не толькі вінтовачныя стрэлы, але мог, не хмурачы вока, стаяць ці ляжаць каля кулямёта і спакойна выслухоўваць самую гарачую стральбу. І нават патроны падносіць навучыўся. Кулямётчыкі страляюць, а Мішка бегае да павозкі і каробкі з кулямётнымі істужкамі падносіць, набярэ цэлую груду пад пахі і нясе, з нагі на нагу перавальваючыся, крэкчучы, сапучы.

У хуткім часе і падаўся Мішка на фронт у кулямётную каманду і прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх бойках на перадавой лініі. І часта дзівіліся белапалякі, назіраючы за незвычайным байцом-кулямётчыкам. Ведалі яны, што стаіць за горкай чырвоны кулямёт, але збіць яго ніяк не маглі. Часам здаралася, што маўчыць кулямёт, ні адным стрэлам не абзавецца. І толькі гэта надумаюцца палякі ў атаку рушыць, каб горку забраць, як бачаць - па лагчыне, побач з горкай, хуценька-хутка перабягае дзіўны баец - няўклюдны, здаецца, кашлаты, нязграбны. Ад горкі бяжыць на чатырох, а назад на дзвюх нагах, прыгнуўшыся як мага да зямлі, і пад пахамі цэлыя склады патронаў. І толькі прамільгне ён у лагчыне, тады ў атаку не хадзі, - захлібаецца чырвоны кулямёт, ваўсю строчыць сваёй ніткай свінцовай, смяртэльнай. Паспрабуй сунься на гэтую нітку. То Мішка хуценька бегаў па патронныя істужкі на патронную двуколку, якая стаяла за лагчынай, схаваная ў кустах. І як толькі прыносіў новы запас, кулямёт пачынаў страляць так, што белапалякам і ў галаву не магло ўзбрысці сунуцца ў атаку. І доўга намагаліся яны ўлучыць зручную хвіліну, каб падстрэліць Мішку ў лагчыне. Але дзе там. Нязграбны з выгляду баец так спрытна бегаў, так зліваўся сваім колерам з шэрым колерам зямлі, што не толькі падстрэліць, але і прасачыць за ім было надзвычай цяжка.

Так зрабіўся Мішка сапраўдным франтавым байцом. А хутка пачаў у героі выходзіць, аб Мішку загаварыла ўся дывізія. Падзеі адбываліся позняю ноччу, пры выступленні, пры пераходзе праз шырокую і глыбокую раку. Мішка з кулямётчыкамі перапраўляўся на паплаўках на другі бераг. З імі быў кулямёт, былі патроны. Мішка сядзеў на плыце, прыслухоўваўся да начной цішыні, прыслухоўваўся да ўсплёску вёслаў, да ледзь чутных галасоў на рацэ - побач плылі яшчэ паплаўкі. На іх былі чырвонаармейцы. Цішыня прарывалася рэдкімі вінтовачнымі стрэламі. То стралялі з другога берага белапалякі, стралялі ўсляпую, не бачачы і не ведаючы, што падбіраецца пад іх немінучая бяда. Слухаў гэтыя стрэлы Мішка, успамінаў матку, родную бярлогу, заліты сонцам маліннік. Барадатага, які застаўся ў абозе. Успамінаў і засумаваў трошкі. Але адчуўшы Жукаў брэх - той дзесьці паблізу таксама прымаў удзел у пераправе, - павесялеў Мішка, прыбадзёрыўся, пачаў веслярам дапамагаць, заграбаючы, як вяслом, ваду сваёй шырокай і кіпцюрыстай лапай.

Былі ўжо недалёка ад берага. І тут нечакана іх заўважылі палякі. Пачалася шалёная страляніна. Задзвінкалі кулі навокал, уздымаючы цэлыя фантаны пырскаў і ўздзіраючы пеністыя дарожкі на вадзе, калі траплялі ў раку. Вось заўважыў Мішка: шыпяць пад імі два паплаўкі, прабітыя куляй. Шыпяць паплаўкі, выходзіць з іх паветра, і ўсё ніжэй і ніжэй нахіляецца плыт, ужо Мішкавы лапы ў вадзе, халоднай, чорнай, імклівай. Яшчэ хвілінка, і перавернецца плыт, паляціць на пясчанае дно кулямёт, захлібнуцца ў вадзе кулямётчыкі. І, доўга не думаючы, кінуўся Мішка ў ваду, нырнуў з галавой. Выплыў, ухапіўся зубамі за вяроўкі, якімі былі падвязаны перабітыя паплаўкі, і паплыў, цягнучы за сабою ўвесь плыцік.