Так абстаялі справы з Мішкавым знікненнем і з учыненым ім потым дзёрзкім рабаўніцтвам.

Чырвонаармейцы саромілі чужых капцёраў:

- Гэта вам навука, як чужых артыстаў красці, толькі жывотнае псуеце, дрэнныя звычкі яму прывіваючы...

Урэшце прымірыліся. Узялі з капцёраў пэўную кантрыбуцыю харчамі на ўтрыманне артыстаў і, не пакідаючы ўшчуваць іх, аддалі ім забраныя Мішкам харчы.

Так вярнуўся Мішка ў свой родны батальён, да сваіх заўзятых дружбакоў-таварышаў.


Не ганяйся, Мішка, за пеўнем - у бяду трапіш


Чырвонаармейцы казалі праўду, калі папракалі капцёраў другога палка ў не зусім добрым абыходжанні з Мішкам, у благім выхаванні яго. Мішкава знікненне мела для яго не зусім добрыя вынікі ў яго характары і звычках. І мы раскажам тут, як наш здольны артыст па вялікай несвядомасці сваёй ледзь не загінуў, трапіўшы ў марадзёры. І што яшчэ горш, спакусіў на благі ўчынак і легкадумнага таварыша свайго - Барадатага. Жук, асабіста не зацікаўлены ў Мішкавых справах, у злачынцы не трапіў і застаўся ў баку ад гэтай справы.

Падзеі ж разгарнуліся такім чынам.

Батальёнам даручана было выбіць белапалякаў з аднаго сяла. Пачалося наступленне. Некалькім ротам удалося хутка заняць акраіны сяла, агароды, прыгуменні. У гэты час і трапіў Мішка ў прыгоды. Трапіўшы на агароды, ён напароўся на пеўня і, прызнаўшы, відаць, яго за цецерука, кінуўся спрытна лавіць, ганяючыся за пеўнем па ўсіх агародах і ломячы платы. У гэтым сур'ёзным занятку Мішку актыўна дапамагаў Барадаты, хоць ён і лепш ад Мішкі разбіраўся ў пеўнях і не меў у іх якога-небудзь вялікага асабістага інтарэсу. Ну, што для казла певень? Хіба ён смак у ім адчувае? Але як бы там ні было, Барадаты шчыра хацеў падсабіць свайму таварышу злавіць наравістую птушку і старанна бегаў і скакаў за пеўнем, імкнучыся забегчы яму наперад, каб адрэзаць усякія шляхі да адступлення. І такі тут вэрхал паднялі Мішка з Барадатым, такі грукат і стукат, што белапалякам здалося, нібы заязджае ў тыл цэлая дывізія кавалерыі, і яны паспяшылі як мага хутчэй адступіць і пакінуць сяло.

Толькі гэтая акалічнасць і адратавала потым Мішку пры далейшым разглядзе яго справы і вызначэнні патрэбнае кары за яго і Барадатага злачынствы. Мішка так і не злавіў пеўня. Той спрытна ўзляцеў перад самым Мішкавым носам і, сеўшы на высокай ігрушы, завёў такое гучнае і непераможнае «ку-ка-рэ-э-ку-у-у-у!», што Мішку засталося толькі аблізвацца ды сарамліва лыпаць вачыма. Барадаты і той прабляяў нешта збянтэжана, а што - разбірайся з яго мовай.

На гэтым і кончыліся б Мішкавы злачынствы, каб, ганяючыся за пеўнем, не натрапіў ён на пасеку. Але, як толькі ўчуў пчаліны дух, страціў Мішка ўсякі розум. Забыўся на ўсе свае ганаровыя абавязкі і, нядоўга думаючы, пачаў драць вулей. Сунуўся быў і казёл у пчаліную справу, але хутка, апанаваны пчоламі, густа пасеўшымі на кудлатую бараду, кінуўся ашалелы з пасекі, не пераводзячы дух, маланкай пранёсся ў батальён, нагнаўшы перапуду і жаху на мірнага Жука.

А на пасецы ўсё стараўся Мішка. Ён і так і гэтак намагаўся ўзарваць невялічкія дзверцы ў пчалінай калодзе, каб прасунуць лапу да мёду. Але дзверцы былі моцна прымайстраваны, і ўсе намаганні Мішкі канчаліся яўнай няўдачай. Мішка злаваўся, біў лапамі па вуллі, грыз зубамі дзверцы - нічога не дапамагала. Пчолы заўзята абаранялі сваё жыллё, сляпілі Мішку вочы, кусалі ноздры, язык, лезлі ў кудлатую поўсць. Пах мёду кружыў Мішку галаву, і ён не думаў адступаць, не паспытаўшы салодкага. І калі ўбачыў, што ўсе яго намаганні ні да чаго не прыводзяць, тады прыйшла яму ў галаву геніяльная думка. І без лішніх разваг ухапіў Мішка аберуч вулей і кінуўся з ім наўцёкі, туды, дзе стаяў яго трэці батальён. Жука і Барадатага як вадой змыла - уцяклі ў кусты ад пчол. Урэшце здаўся і сам Мішка. Апанаваны пчоламі, ён кінуўся бегчы ў рэчку і толькі там пазбавіўся ад іх нападу, крыху ачухаўся ад сваіх злачынных прыгод.

Тут і злавілі чырвонаармейцы Мішку, каб пакараць яго за ўсе злачынствы: і за пеўня і за пчол. Пчаліны вулей, крыху падкурыўшы яго дымам, каб не дужа кусаліся пчолы, аднеслі назад на пасеку і паставілі на месца. А Мішку прыцягнулі да суровага адказу разам з актыўным саўдзельнікам злачынных спраў - Барадатым. Доўга ўшчувалі яны Мішку за ўсе ягоныя правіннасці, якія ўскладняліся яшчэ тым, што Мішка ўцягнуў у злачынства маладога і маласвядомага Барадатага. І парашылі чырвонаармейцы: за ўсе ганебныя ўчынкі пазбавіць Мішку і Барадатага іх артыстычнае годнасці і прагнаць з палка...

Мішка сядзеў ні жывы ні мёртвы і толькі соп, пачосваючы пакусаныя пчоламі месцы. Пыса ў яго ўся распухла ад пчаліных пакусаў. Запухлі вочы і нос, і ўвесь ён быў змізарнелы, разгублены, укачаны ў саломенную пацяруху і рэп'і - нахапаўся, ганяючыся за пеўнем. Барадаты ад страху не ведаў, дзе прылегчы, і ўсё трос барадой, намагаючыся сказаць нейкае слова ў сваё апраўданне, але яно ніяк не выходзіла ў яго. І толькі можна было разабраць аднастайнае, палахлівае:

- Бе-бе-бе-бе...

Жук прыслухоўваўся да справы з філасофскім спакоем: ён заўсёды паважаў закон і парадак.

Паглядзелі чырвонаармейцы на сваіх актораў, пашкадавалі. Як-ніяк Мішка і Барадаты зрабілі свае правіннасці па выключнай сваёй несвядомасці. Гэта - раз. А па-другое, правіннасці гэтыя змякчаліся і тым, што акторы, ганяючыся за пеўнем, здорава напалохалі ворагаў, белапалякаў. І чырвонаармейцы палічылі магчымым пакараць абодвух вінаватых умоўна і пакінуць іх і надалей у палку: «Няхай, моў, выпраўляюцца ды на справе пакажуць стараннасць сваю».

Тут ужо не вытрымаў і Жук. Ён кінуўся з усіх ног да вінаватых, лізнуў аднаго ў распухлы нос, другога ў тытунёвую бараду, і хутка ўсе трое бегалі і скакалі на сваю і агульную радасць. Іх віталі, мякка папярэджвалі:

- Дык глядзіце ж, чэрці паласатыя, каб болей не падкачалі!

Так закончылася справа з вялікімі Мішкавымі злачынствамі, якія ён так легкадумна зрабіў. І тут жа нашы артысты неадкладна прыступілі да свае справы, да паказу «сусветнай гідры». «Гідра», якую паказваў сам Мішка, мела сапраўды ў гэты дзень такі сумны і смешны выгляд, што ўсе чырвонаармейцы качаліся са смеху. І сапраўды, як было не смяяцца, калі сам Мішка быў так забінтаваны ад пчаліных пакусаў, так перамазаны ёдам, што быў падобны на агароднае пудзіла, якое ставяць ад вераб'ёў. Выгляд меў далёка не ваяцкі.