Але ж справа не ў выглядзе. Справа ў натхненні. А Мішка ў гэты дзень граў з выключным натхненнем, з вялікай шчырасцю і любоўю.

Іначай і быць не магло пасля такіх хвалюючых перажыванняў. Даліся ў знакі Мішку гэты няшчасны певень і пчолы. І доўга потым абыходзіў ён за вярсту тыя месцы, дзе пахла мёдам ці пеўнямі.


Мішка ў лётчыкі падаецца, а пасля ў кавалерысты


Як мы ўжо ведаем, Мішку навучылі быць спецыялістам па пяхотнай справе. Добра ведаў маршыроўку, некалькі нумароў з вінтоўкай: узяць на каравул, на рамень, на плячо, умеў падносіць патроны да кулямётаў. Але на гэтым і канчаліся яго веды. І вось здарылася так, што Мішка ледзь не трапіў у лётчыкі, а пасля зрабіўся нават на некаторы час нядрэнным кавалерыстам.

Усё гэта адбылося так.

Аднае раніцы чырвонаармейцы заўважылі над сабою белапольскі самалёт. Ён лятаў зусім нізка, вось-вось, здаецца, зачэпіць крылом за вершаліны елак і хвой, за саламяныя стрэхі недалёкай вёскі. Відаць было па ўсім, што лётчык нібы нечага шукае або выглядае.

«Відаць, на разведку прыляцеў», - думалі чырвонаармейцы і хаваліся па лесе, па абочынах дарог, каб не быць заўважанымі з самалёта, бо адтуль маглі паляцець і бомбы, як гэта часта здаралася. Але ні бомб, ні кулямётнага агню з самалёта не было чуваць. Паспрабавалі абстраляць самалёт, і той хутка знік дзесьці над ляском, знік і не вяртаўся.

«Няйначай, паляцеў да сваіх», - падумалі чырвонаармейцы і забыліся на самалёт.

У Мішкі ж быў надзвычайны нюх. І павёўшы некалькі раз носам у паветры, Мішка заўважыў нешта для сябе незвычайнае. Хутка падаўся ў напрамку да пахаў, якія даносіліся з лесу. Праз якія дзвесце - трыста крокаў Мішка выйшаў на вялікую паляну, недалёка ад свайго батальёна. І тое, што заўважыў ён там, прымусіла яго насцярожыцца і доўга пазіраць з кустоў, хаваючыся за іх лісцем. На палянцы стаяла машына, якую ніколі Мішка не бачыў поблізу. І каля машыны завіхаўся чалавек у нейкай чужой, незнаёмай для Мішкі форме. Доўга стаяў у кустах наш артыст, але ўрэшце не вытрымаў і наважыўся пазнаёміцца бліжэй і з машынай і з невядомым чалавекам. І паціхеньку, хаваючыся за асобнымі кусцікамі, Мішка падыходзіў бліжэй і бліжэй да машыны, не спускаючы вока з чалавека, які вазіўся з нейкімі бляшанкамі, нешта пераліваў з вядра, узабраўшыся на крыло машыны (гэта быў самалёт). Каб ямчэй працаваць ля матора, чалавек скінуў мундзір і папружку з рэвальверам. Улучыўшы хвіліну, Мішка сцягнуў мундзір і пачаў за хвастом самалёта паціхеньку апранацца ў яго. Як мы ведаем, Мішка нічога не меў супраць мундзіраў: яны не заміналі ў хадзьбе, з імі было зручней у дождж. Ад старога ж генеральскага мундзіра астаўся адзін каўнер ды рукавы. Таму і надумаўся Мішка аднавіць амуніцыю. Папружку з рэвальверам ён адкінуў далёка ўбок, бо не разбіраўся добра ў прызначэнні таго і другога. Чалавек жа так заюшыўся каля матора і так, відаць, спяшаўся, што зусім не заўважыў Мішкавых доследаў і яго прысутнасці. Чалавек папраўляў сапсуты самалёт, вымушаны сесці на нашай тэрыторыі. Мішка ж так асмялеў, што абмацаў добра хвост самалёта, потым смела ўзабраўся на самалёт і ўтульна ўлёгся ў задняй кабінцы. Там ён знайшоў некалькі пачак пячэння і надумаўся трохі падмацаваць свае сілы, бо ніколі не адмаўляўся, калі выпадала зручная хвіліна, перакусіць чаго-небудзь, падкінуць што-небудзь на зуб, як казалі чырвонаармейцы. І толькі гэта Мішка распатрашыў пачку пячэння, як на паляне падняўся такі гвалт, такія крыкі, што Мішка аж прыгнуўся, схаваўшыся з галавой у кабіну.

- Стой! Стой! Ні з месца!

То беглі чырвонаармейцы, якія заўважылі спуск падстрэленага польскага самалёта. Чалавек, што корпаўся ля матора, шалёна кінуўся да вінта самалёта, пачаў яго раскручваць. І не паспеў Мішка падняць галавы, каб зірнуць, што здарылася, як з машынай пачало рабіцца нешта несусветнае, ніколі нябачанае і незнаёмае Мішку. Яна пачала ліхаманкава дрыжаць, потым сарвалася шалёна з месца і як маланка панеслася па паляне, адарвалася ад яе. Калі перапалоханы не на жарт Мішка высунуў галаву з кабіны, ён ледзь не самлеў, - машына імчала над лесам, і цяжка было нават заўважыць і адрозніць паасобныя дрэвы, - усё ляцела насустрач нейкім дзіўным, шэра-зялёным віхорам. Мішка высунуўся яшчэ болей з кабіны і ўбачыў, што зямля апусцілася яшчэ ніжэй, па ёй бегаюць невялічкія людзі, усё роўна як мурашы, і падкідваюць угору шапкі. То было польскае войска, апазнаўшае свой самалёт па знаках на крыллях. А самалёт ляцеў, свісталі крыллі ад ветру, надрыўна гудзеў матор. Зірнуў яшчэ ўніз Мішка, і моташна яму стала - нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Захацелася як мага хутчэй на зямлю. Ды так захацелася, што Мішка месца сабе не знаходзіў. Аж узлаваўся Мішка і пачаў выкідаць з кабіны розныя рэчы, якія там стаялі. Перш узяўся ён за пустыя бляшанкі з-пад бензіну і ну іх шпурляць уніз. А белапалякам здалося, што гэта бомбы ляцяць. Ім падумалася, што гэта чырвоны самалёт ляціць. І такая тут страляніна пачалася, такая пальба з гармат і з ружжаў, што збіты з усякага толку лётчык павярнуў самалёт назад і паляцеў зноў на савецкую тэрыторыю. Лётчык кіраваў машынай і палахліва азіраўся навакол, не разумеючы, чаму па ім, па польскім самалёце, так заўзята страляюць палякі.

Зірнуў ён і назад, на заднюю кабіну. Зірнуў і - вочы на лоб палезлі: проста на яго пазіраў і не хто-небудзь іншы, а самы сапраўдны мядзведзь, ды прытым у лётчыцкім мундзіры. «Сон дурны, страшны сон!» - падумалася лётчыку, і ён ушчыпнуў сябе некалькі разоў да крыві, каб прачнуцца. Нічога не выходзіла. «Сон» не праходзіў. Мядзведзь як сядзеў у кабіне, так і сядзеў, ды яшчэ намагаўся стаць на заднія ногі. Пабялеў лётчык, надумаўся ўцякаць з кабіны, падалей ад такога госця, прыўзняўся на сядзенні. Але Мішка таксама прыўстаў у кабіне і пярэдняй лапай так паціснуў за плячо лётчыка, што той не асмельваўся болей і рухацца. А бензін тым часам сыходзіў, пачаў захлібацца матор, перабоі даваць. Самалёт ляцеў зноў над самым лесам, лётчык напалохана выглядаў мясціну, дзе б зручней сесці. І не паспеў выбраць, як змяшалася ўсё ў стракатую кучу, і абодва нашы лётчыкі - сапраўдны і па няшчасці - Мішка - страцілі памяць, яны праляцелі некалькі сажняў у паветры, збілі цэлую гару хвойнага галля і, перакуліўшыся некалькі разоў па ўскраіне паляны, улягліся непадалёчку адзін ад аднаго, ледзь варушачы рукамі і нагамі. Перакулены самалёт павіс на высокім хваёвым гушчарніку. «Апусціліся» на тую ж паляну, з якой падняліся.

Збегліся чырвонаармейцы, вылілі на лётчыкаў вядры са два вады, доктара прывялі. Той даў нашатыру, уліў па чарцы спірту ў рот. Вярнулася памяць да лётчыкаў, заварушыліся жвавей. Першым ачухаўся Мішка. Ён прыўзняўся на пярэднія лапы і асалавелым вокам - другое было падбіта, запухла - пазіраў на ўсіх, не зусім добра разумеючы, што з ім здарылася. А навокал смяяліся, жартавалі, віталі яго.

- Герой, Мішка! А мы ўжо думалі, што ты здраднік. Гэта ж трэба - у польскія лётчыкі падаўся, мундзір надзеў, уцякаць у Польшчу надумаўся... Аж глядзім, ляціць Мішка назад, цэлы самалёт цягне!.. Малайчына, Мішка, што прымусіў яго назад ляцець...

І толькі тады, калі заўважыў Мішка Жука і Барадатага, якія прыбеглі падзівіцца на здарэнне, прыйшоў канчаткова ў памяць і, цалуючыся са сваімі таварышамі, сумна ківаў галавою. Нібы хацеў сказаць: «Паляцеў бы ты, Вясёлая Барада, вось так як я, даведаўся б, пачым фунт ліха, абскуб бы сваю бараду аб хвойнік!»