Хутка прыйшоў да памяці і лётчык. У яго была вывіхнута нага, і ён непамерна стагнаў, пакуль доктар завіхаўся ля нагі. Але потым аправіўся і ўсё дзівіўся, як гэта магло здарыцца так, каб па ім стралялі свае. І яшчэ больш дзівіўся саўдзельніку свайго апошняга палёту - Мішку ў мундзіры. Лётчыка ўзялі ў палон, самалёт сцягнулі з дрэваў, падправілі, перафарбавалі і адаслалі ў нашу эскадрыллю.

Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётніцкую кар'еру, абмежаваную, як мы бачым, адным палётам, які меў для яго не зусім вясёлыя вынікі - вока падбіў, лапы троху пашкодзіў, сям-там памяў рабрыны. Адным словам, пешака хадзіць было дужа цяжка для Мішкі пасля яго лётнай аварыі. Таму і вырашылі: паправіцца Мішка - зрабіць яго кавалерыстам, паколькі не было вольнага воза, дзе можна было б вазіць Мішку. Магчымасці ж для кавалерыйскай справы былі ў выглядзе вялікага старога мула, якога нязручна было запрагаць у воз, а верхам на ім не адважваўся ехаць ніводзін з чырвонаармейцаў, бо паводзіў мул сябе надзвычай непрыемна, як і належыць патомку звычайнага ішака. Мул быў зусім вольны, хадзіў без усякіх абавязкаў і толькі псаваў дарма харчы. Таму на яго і паў выбар вазіць на сабе Мішку да таго часу, пакуль канчаткова ачуняе няўдалы лётчык. Чырвонаармейцы прымайстравалі на мула некалькі звязаных мяшкоў з сенам, выйшла не сядло, а цэлая мядзведжая раскоша. Мішка мог садзіцца, мог ляжаць, мог нават станавіцца на гэтым сядле на заднія ногі. Адным словам, мог масціцца так, як таго пажадае яго генеральская воля.

І Мішка важна сядзеў на высокім муле і ўрачыста пазіраў наніз, дзе ішлі Жук і Вясёлая Барада. З мулам было багата клопатаў, быў ён наўздзіў упартым, наравістым. Упрэцца часам і з месца ні на крок. І колькі ні ўпіраецца Жук - а яму даручылі вадзіць мула ўслед за сабою - за вяровачку, - колькі ні скача навакол Барадаты, падганяючы кавалерыю, - мул ні з месца. Тады спрытны Жук змяніў тактыку. Ён кідаў повад, за які вадзіў кавалерыю, і адбягаў назад, каб, ухапіўшы мула за хвост, цягнуць яго назад. Упарты мул не паддаваўся, зразумела, на Жукавы намаганні пацягнуць яго назад і смела рушыў наперад. А гэта толькі і трэба было Жуку і ўсёй нашай палкавой капэлі, як празвалі чырвонаармейцы Мішку, Жука і Вясёлую Бараду. Капэля ўрачыста сунула па дарозе, каб спыніцца, дзе была патрэба ў ёй, дзе прасілі паказаць «сусветную гідру» ці іншае якое «прадстаўленне». Тут жа, на сядле, як на добрай шырокай сцэне, і пачынаў Мішка паказваць «гідру».

Але тут часта здараліся ў Мішкі буйныя непаразуменні з мулам. Толькі гэта Мішка на спіну ўляжацца і нагамі задрыгае, паказваючы кананне «сусветнай гідры», як мул возьме і зараве, і такім голасам, што ўсякаму прадстаўленню канец. Да чаго майстар быў мул крычаць і да чаго быў голас яго пранозлівы, можна меркаваць хаця па тым, што нават Барадаты - да чаго ўжо скромная асоба, не меўшая асаблівага музычнага слыху, - і той бег без памяці куды-небудзь у кусты, каб падалей схавацца ад мулавых галасавых практыкаванняў. Мішка, як артыст, не мог цярпець такіх мулавых зняваг і, спыняючы паказ «гідры», пачынаў вучыць добрым манерам гэтага патомка асла. Але як ты навучыш яго добрым манерам? І варта было мулу атрымаць разы два па загрыўку ад Мішкі, як ён зусім вар'яцеў і пачынаў выкідваць такія нумары, што Мішка адчуваў сябе як на самалёце: мул брыкаўся, кідаўся на дыбкі, імкнучыся скінуць артыста на зямлю, альбо кідаўся ў такі шалёны галоп, што ў Мішкі духі заходзіліся.

Звычайна капэля ў такія хвіліны мела надзвычай трагічны выгляд. Мул шалёна скакаў, як мага вышэй падкідваючы заднія ногі. Мішка, учапіўшыся абедзвюма лапамі за сядло і спаўзаючы з гэтым сядлом уніз, пачынаў несусветна раўсці, наганяючы яшчэ большую паніку на свайго скакуна. Побач з кавалерыяй ляцеў Жук, намагаючыся ўхапіць кавалерыю за павадок, каб спыніць яе. Зразумела, і ён не адставаў у агульным канцэрце, удзельнічаючы ў ім басавітым брэхам. Услед за капэляй, высалапіўшы язык, ледзь паспяваў Барадаты і галасіў на ўвесь свой дрыготкі і хліпкі голас:

- Бе-бе-бе-бе-бе-бе...

- Зноў артысты кур'ерскім паімчалі! - пасмейваліся чырвонаармейцы са сваёй капэлі. Кончыліся Мішкавы кавалерыйскія курсы даволі трагічна для яго скакуна. Узлаваны мул, калі Жук павёў яго ў балотную канаву на вадапой, ніяк не хацеў варочацца на дарогу і ўсё намагаўся ісці далей праз балота. Упіраўся да таго часу, пакуль не загруз на ўсе чатыры нагі.

Прыйшлося Мішку з мулам расстацца. Добра яшчэ, што да гэтага часу і лапы пазагойваліся пасля палёту, і ён зноў мог трапна хадзіць пешака, як і хадзіў дагэтуль.


Мішка - герой


Так жыў і ваяваў Мішка, быў артыстам, а калі даводзілася, рабіўся ваякам. Было ў яго жыцці багата і смешнага, бо быў ён надзвычай вясёлай асобай. Любіў сябе ўсцешыць і другіх пасмяшыць. І за гэта любілі яго, як толькі могуць любіць веселуна ў такіх цяжкіх і грозных умовах, як вайна, як доўгія паходы.

Было ў жыцці ў Мішкі багата чаго і гераічнага. Але сам ён ніколі не думаў аб тым, як бы спецыяльна стаць героем, выкінуць які-небудзь асаблівы гераічны ўчынак.

Нам і асталося расказаць аб апошнім учынку Мішкі, калі ён зрабіўся самым сапраўдным, самым поўным героем.

Падыходзіла вайна да канца. Людзі пачалі пагаворваць аб блізкім замірэнні, але бойкі не сціхалі і зачыналіся часамі з яшчэ большай упартасцю, чымся з пачатку вайны. Была ўжо даволі позняя восень. Мішкаў батальён стаяў у тыле, адпачываў ад боек, хаця кожную хвіліну быў напагатове сустрэць ворага. Першы і другі батальёны былі на фронце на перадавой лініі. Чырвонаармейцы трэцяга батальёна начавалі ў глухім лесе і хаваліся ад назольнага восеньскага дажджу пад высокімі ялінамі, пад кустамі алешніку і ляшчыны. Сям-там расклалі пад дрэвамі невялічкія цяпельцы, грэліся, высушвалі мокрыя гімнасцёркі, мокрыя шынялі.

Непрытульна ў лесе позняй восенню. Непрытульна і холадна. Мішка грэўся таксама каля цяпельца. Нават лапу адну крыху абсмаліў, стараючыся падсунуць бліжэй у агонь канец смалістага карча. Прыгрэўся Мішка і заснуў каля цяпла. А калі прачнуўся, пачало ўжо трошачкі развідневаць. Чырвонаармейцы яшчэ спалі, стаялі паміж дрэвамі вартавыя. Не сунімаўся дождж. Ён сеяўся як праз сіта і вільготнай імглой засціў дрэвы, засціў нізкае восеньскае неба і да самых касцей працінаў халоднымі дрыжыкамі анямелае ад сну Мішкава цела. Каб крыху сагрэцца і размяць здранцвелыя са сну ногі, Мішка палез на высокую хвою. Так практыкаваў ён кожную раніцу, і гэта называлася Мішкавай гімнастыкай, яго фізкультурнай зарадкай.