Праз месяц Віцьку і Жэньцы будзе па чатырнаццаць, і неяк яны менш сталі сябраваць, менш былі разам. У Жэнькі свае сакрэты з’явіліся, ды і знешне яе ўжо за хлапчука не прымеш – вунь як прыкметна невялікія грудзі тапыраць тканіну майкі...

Маці сядзела за сталом, піла чай, Жэнька расстаўляла талеркі – сабе і Віцьку. Падпяразаная невялікім стракатым фартушком, у жоўтай майцы з кароткімі рукавамі і вялікімі выразамі на спіне і грудзях, з каротка падстрыжанымі валасамі, невялічкімі залатымі кропкамі завушніц у вушах. Такая яна была ўся дзелавая, сур’ёзная, што Віцька не стрываў, плюхнуўся за стол на канапу, працягнуў гулліва:

– Афіцыянт! Шампанскаго!

Жэнька зрэагавала нечакана – схапіла яго за вуха і пацягнула ўверх без усялякіх жартачкаў.

– Рукі памыйце, ваша вялікасць.

– Ах ты! – Віцька падскочыў, але Жэнька была ўжо ў некалькіх кроках.

– Я табе пакажу “афіцыянта”! У абед сам сабе наліваць будзеш.

– Дзеці! Жэнька! Віцька! – маці пляснула па стале. – Ну хоць кропля сумлення ў вас ёсць? Не псуйце мне настрой перад працай.

– А чаго яна... – вінавата буркнуў Віцька, вылез з-за стала, пайшоў мыцца.

Хутчэй бы ў маці водпуск пачаўся. Месяц яшчэ ёй трэба ў школе сядзець. Экзамены, тое-сёе...

Маці пайшла, Жэнька паспела паесці і была ўжо ў палісадніку – корпалася ў сваіх руках. Віцька даядаў макароны з яешняй, калі Жэнька зайшла з трыма зрэзанымі ружамі.

– Вось жа чорт! Не здагадалася адразу зрэзаць, – пашкадавала яна, зняла крыштальную вазу з тэлевізара. Наліла ў яе вады і паставіла на сярэдзіну стала ўжо з вадой і ружамі. – Уяўляеш, як бы прыемна было маме: пі сабе чай і глядзі на такую прыгажосць...

– З вечара трэба было, – незласліва упікнуў Віцька сястру, сам залюбаваўся кветкамі: густы, насычаны барвовы колер, кропелькі вады на паўраскрытых бутонах, пяшчотныя пялёсткі.

– Нічога, затое я ім сёння рамантычную вячэру зраблю, – падміргнула ружам Жэнька.

Ім – значыць маці і бацьку. Бацькі ўжо з пяці гадзін раніцы няма – працуе. Ён таксама настаўнік, вядзе ўрокі малявання, чарчэння, працы, але ўжо трэці год запар, як толькі пачынаецца яго летні водпуск, ён садзіцца за руль трактара, а потым – камбайна. Механізатараў на вёсцы не хапае.

– Так, пойдзеш у магазін па хлеб, то купіш пячэння.. не, лепш маргарын, – стала пералічваць Жэнька. – Сама напяку пячэння. Яшчэ смятаны возьмеш, цукру, а то мала засталося і... а, бяры каву! Яны ж пашкадуюць грошай... Потым табе – бацвіння парсюкам наламаць і пасекчы.

– А што сёння за свята?

– Свята! Я вось захацела, каб было свята! І будзе! – Жэнька прытопнула нагой. – Дарэчы, учора, пакуль ты на выгане ў футбол ганяў, прыехаў Зойчын Сяргей.

– Той, інтэрнацкі?

– Ага, той. Зноў ён табе ўсю рыбалку сапсуе, – падкалупнула брата Жэнька.

– Я яму на гэты раз не сцярплю! Дзякуй, – гэта ён сказаў Жэньцы за снеданне, выйшаў з-за стала, выцер рот ручніком. – Калі яму ў мінулым годзе ўдавалася, то ў гэтым не атрымаецца.

Злаваўся Віцька не з-за абы-чаго. Летась ён амаль штовечар бегаў на недалёкую ад вёскі копанку. Рыба ў копанцы была, але лавіць яе можна было толькі з трох бакоў – з чацвёртага ўшчыльную да вады густа падступала кустоўе. А ў вадзе поўна было тых жа старых гнілых кустоў. Закінеш вуду – дзевяць з дзесяці разоў зачэпіцца кручок.

Дні тры Віцька выцягваў карчы з аднаго месца, рваў зелле, ламаў пад вадой слізкае сучча, выцягваў на бераг. Тут было досыць глыбока, з галавой схаваешся, і даводзілася ныраць, валтузіцца пад вадой, пакуль хапала паветра. А потым па вечарах Віцька крадком прыносіў сюды вараныя крупы, кавалкі хлеба – падкормліваў. А калі праз тыдзень быў пайшоў раніцай – ух і рыбалка ж была! Сем такіх карасёў выцягнуў – грамаў па трыста! Жоўтыя, тоўстыя, аж у руках трымаць прыемна. Бегаў на копанку ранкам праз дзень. І тут нечакана браць стала менш, чапляліся толькі невялікія, з далонь, карасі. Смажыць то можна, і падсушыць можна, але вось каб зноў такіх – залацістых, вялікіх...

Двойчы роснымі ранкамі ён заўважаў, што на яго месцы расы на траве не было. Прыглядзеўся ўважлівей і пабачыў сляды. Адчуў сябе, як быццам яго абакралі. Ды і хіба не абакралі?! Назаўтра ён выйшаў з дому не ў палове сёмай, а ў палове шостай. Вось там і адбылася іх сустрэча. Сяргея, сына вясковай п’яніцы Зойкі, Віцька ведаў. Але не сябраваў, не падабаўся яму гэты зладзеяваты хлопец. Ды і маці неяк вельмі сур’ёзна сказала:

– Не вадзіся з ім! У дзяцей алкашоў адна дарога – у турму!

Тады бацька, праўда, не ўтрымаўся:

– Сяргей нарадзіўся ў нармальнай сям’і. Ён не вінаваты, што загінуў бацька, а маці спілася.

– А ты не абараняй! – нервова адгукнулася маці. – Ты яшчэ парай свайму сыну, каб пасябраваў з гэтым злодзеем, ад якога ўся вёска плача.

Бацька толькі раздражнёна махнуў рукой.

...Сяргей тады якраз сачыў за паплаўком – клявала. Пачуў крокі, азірнуўся – сын настаўніцы, Віцька.

– Ану, вымятайся адсюль! – загадаў Віцька яшчэ без злосці.

– Чаго гэта? Ты што, копанку купіў? – агрызнуўся Сяргей, не зводзячы позірку з паплаўка.

– Гэта маё месца! – на правах жыхара вёскі, на правах чалавека, які столькі часу патраціў, каб выцягнуць ламачча з вады і штовечар падкормліваў, прывабліваў сюды рыбу, уладна сказаў Віцька.

– То трэба было падпісаць, – кпліва адазваўся Сяргей. – Глядзіш, я б і не прыйшоў.

Сяргей толькі напачатку трохі напужаўся – думаў, Віцька не адзін. Цяпер жа, агледзеўшыся, ён асмялеў: хлопцы былі амаль аднолькавага росту, і не скажаш адразу, які з іх мацнейшы. А біцца Сяргей не баяўся – не раз даводзілася.

– Ты, бадзяжнік, давай вымятайся! – са злосцю выгукнуў Віцька.

Ён таксама зразумеў, што без бойкі справа можа не абысціся, але біцца не хацеў, не любіў проста. І таму тут жа выдаў свой козыр:

– А то вечарам мы цябе так прыціснем, забудзеш, як чарвяк на кручок чапляць, – прыгразіў ён спакойным голасам, стараючыся, каб кожнае слова гучала ўпэўнена і пераканаўча.

Сяргей, нечакана для Віцькі, хутка зматаў вуду, падхапіў мяшэчак, у якім Віцька згледзеў аднаго ладнага карася, і знік за кустамі.

“Спужаўся,” – прыемная думка прыўзняла настрой – абыдзецца без бойкі, ды і пачуццё гаспадара дадало радасці.

Сяргей, па праўдзе, і не спужаўся, але адчуваў, што ў пагрозах Віцькі была праўда. І двое на аднаго – ужо яму пападзе добра, а сяброў у вёсцы ў яго не было. Ён ні да каго не лез, а яго цураліся. Больш з-за матак – тыя запалохвалі сваіх сыноў: раз інтэрнацкі, а маці п’яніца, то калонія па ім плача. Ды яшчэ злодзей, нахабны і дзёрзкі. Звядзе ў свет…