— Прашу прабачэння, — сказаў ён, — я выпадкова падслухаў вашую размову. Не буду рабіць выгляд, што зразумеў, пра што вы кажаце, ці тое, што вы прыгадалі «ўзломшчыка», аднак жа магу меркаваць, што вы лічыце мяне ні на што не вартым. Добра і цудоўна! Аніякага знака на дзвярах маіх няма: іх тыдзень таму зноўку пафарбавалі — і я больш чым упэўнены, што дом вы пераблыталі. Падазраваць я гэта пачаў, ледзь убачыўшы вашыя дзіўнаватыя твары. Аднак жа лічыце, што не памыліліся. Кажыце, што мне рабіць, і я паспрабую, нават калі мне давядзецца цягнуцца ў апошнюю ўсходнюю цьмутаракань ды змагацца з паўзунамі-хобітажэрцамі. У мяне быў пра-пра-пра-пра-дзядзька, Хват Бугай-Роў, які…

— Так, так, але ж было гэта шмат часу таму, — сказаў Глойн, — а я гаварыў пра вас. Запэўніваю вас: на дзвярах вашых знак быў і якраз такі, што звычайна ўжываюць у вашай прафесіі ці ўжывалі раней. «Узломшчык жадае знайсці працу, з добрай узнагародай і цікавую», — менавіта так. Зразумела, можна сказаць «эксперт-паляўнічы кляйнотаў», калі вам не падабаецца «ўзломшчык». Некаторым не падабаецца. Для нас аднолькава. Гэндальф казаў, што тут ёсць такі, хто тэрмінова шукае працу, і што ён дамовіўся пра сустрэчу ў гэтую сераду.

— Зразумела, там быў знак, — сказаў Гэндальф, — я сам яго там пакінуў. I не проста так. Вы прасілі мяне знайсці вам чатырнаццатага ўдзельніка, і я знайшоў спадара Торбінса. Ну няхай хто-небудзь скажа, што я знайшоў не таго, ці памыліўся домам, — калі ласка, ідзіце ўтрьшаццацярых, і ўсіх вам поспехаў, якія прыпадаюць на лічбу «трынаццаць». А не — дык вяртайцеся капаць вугаль.

Ён так сувора зірнуў на Глойна, што той ажно ўціснуўся глыбей у фатэлю, а калі Більба паспрабаваў адкрыць рот, то павярнуўся і так пагаядзеў, падняўшы бровы, што хобіт аж зубамі ляснуў, спяшаючыся рот закрыць.

— Цудоўна, — сказаў Гэндальф. — Не трэба больш спра-чацца. Я выбраў спадара Торбінса, і гэтага для вас для ўсіх павінна быць дастаткова. Калі я сказаў, што ён будзе ўзломшчыкам — значыць, ён узломшчык, ці будзе ім, калі час надыдзе. У ім ёсць значна больш, чым вам здаецца, і нават больш, чым ён сам сабе уяўляе. Вы мне яшчэ скажаце «дзякуй» за яго. Цяпер жа, Більба, хлопчык, прынясі-тка лямпу, зірнем сюды!

На стале ў святле вялікай лямпы з чырвонай засняй ён разаслаў кавалак пергамену, падобны да мапы.

— Яна была зробленая тваім дзедам Трорам, Торын, — адказаў чараўнік на ўзбуджаныя пытанні гномаў. — Гэта план Гары.



— Не бачу, як гэта можа дапамагчы нам, — зірнуўшы, сказаў расчаравана Торын. — Я добра памятаю Гару і вакольныя землі. I ведаю, дзе Ліхалессе і дзе Псаваная Пустэча, у якой пладзяцца цмокі.

— Чырвоным адзначана, што на Гары — цмок, — сказаў Балін. — Якраз яго і так няцяжка знайсці, калі дабяромся.

— Адзінае, чаго вы не заўважылі — таемнага ўваходу, — сказаў чараўнік. — Бачыце вось гэтую руну на Заходнім баку і руку, якая паказвае на яе ад іншых рунаў? Так адзначаны тайны праход да Ніжніх Заляў.

— Таемным ён быў, — сказаў Торын, — ды адкуль жа нам ведаць, ці застаўся ён таемны. Стары Драк жыў там досыць часу, каб усё выведаць пра тыя пячоры.

— Магчыма — але ж ён не карыстаўся ім доўгія гады.

— Чаму?

— Таму што ён малы для яго. «Пяць лакцёў у вышыню дзверы, трое могуць ісці побач», — гаворыцца ў рунах. Драк не змог бы прапаўзці ў дзірку такой велічыні, нават калі быў малады цмок, не тое што цяпер, калі ён зжэр столькі гномаў ды людзей з даліны.

— Мне гэта здаецца вельмі вялікай дзіркай, — прапішчэў Більба, жыхар дзіркі-нары пад Стромай, які з цмокамі быў знаёмы не вельмі добра. Ён захапіўся зноў, і забыўся трымаць рот за-крытым. Ён вельмі любіў мапы, акурат тут, у залі, вісела вялізная мапа Наваколля Стромы, дзе чырвонымі чарніламі былі адзна-чаныя яго ўлюбёныя сцежкі. «Як магчыма схаваць такія вялікія дзверы ад каго любя, не кажучы ўжо пра цмока?» — спытаў ён. Не забывайцеся, ён быў усяго толькі маленькі хобіт.

— Мноствам спосабаў, — сказаў Гэндальф. — Аднак жа якім чынам схавалі гэтыя дзверы, мы не даведаемся, пакуль не дойдзем да месца. 3 таго, што я бачыў на мапе, здаецца мне, што дзверы выглядаюць у дакладнасці як схіл Гары. Звычайны гномавы метад — так?

— Так, — пацвердзіў Торын.

— Яшчэ, — працягнуў Гэндальф, — я забыўся дадаць, што разам з мапай быў і ключ, маленькі і надта цікавы. Вось! — сказаў ён і працягнуў Торыну доўгі ключык з вычварнай срэбнай бародкай. — Беражыце яго!

— Буду, — адказаў Торын і прычапіў ключык да файнага ланцуга на шыі. — Зараз справы выглядаюць не так безнадзейна. Такая навіна сапраўды добрая. Да гэтага часу мы не мелі яснай ідэі наконт таго, што ж дакладна нам рабіць. Лічылі, пойдзем на Усход так ціха ды непрыкметна, як толькі магчьша, да Доўгага Возера. А пасля таго ўжо і пачнецца…

— Пачнецца задоўга да таго, — перабіў Гэндальф, — альбо я нічога не ведаю пра дарогі на Ўсход.

— Адтуль можна ісці ўверх па рацэ Струмяніцы, — сказаў Торын, не звярнуўшы ўвагі, — і да руін Дола — гэта стары горад у дапіне, пад ценем Гары. Але нікому з нас ідэя ісці да галоўнай брамы не падабалася. Побач з ёй цячэ рака, праразаючы вялізную скалу на Поўдні Гары, з брамы часта вылятае цмок — надта часта, калі ён не здрадзіў сваім звычкам.