— I мне, — сказаў Торын.

— Ды малінавага сочыва, ды пірог з яблыкамі, — сказаў Біфур.

— Ды пірог з вантрабянкай, ды сыр, — сказаў Бафур.

— Ды пірог са свінінай, ды салату, — сказаў Бамбур.

— Ды яшчэ кексаў — элю — і кавы, калі не цяжка, — закрычалі астатнія.

Калі хобіт пакульгаў да кладовак, Гэндальф крыкнуў наўздагон:

— Спадар мой ласкавы, і яечню з пары яек для мяне, калі ласка! Ды яшчэ прыхапі з сабой трохі халоднага кураняці, ды разнасолаў!

«Вы толькі паглядзіце, здаецца, яны ведаюць, што ў маіх кладоўках, лепш за мяне!» — падумаў спадар Торбінс, які адчуваў сябе зусім збянтэжана, і занепакоіўся, што найгоршая з магчымых прыгодаў здарацца з ім ужо пачала, завітаўшы проста ў хату. Калі ён, нарэшце, адшукаў усе бутэлькі, і талеркі, і нажы, і відэльцы, і кубкі, і сподкі, і лыжкі, і процьму іншых рэчаў, ён зусім задыхаўся, пачырванеў і раззлаваўся.

— А каб іх, гномаў гэтых! — сказаў ён уголас. — Не, каб прыйсці дапамагчы!

I вось — момант — у дзвярах кухні ўжо стаяць Двалін з Балінам, і Філі з Кілі за імі, і не паспеў Більба слова вымавіць, як яны падхапілі ўсе падносы і пару невялікіх столікаў у залю і накрылі зноўку.

Гэндальф сядзеў на чале стала, трынаццаць гномаў вакол яго, а Більба прысеў на крэсліца перад агменем, шчыплючы сухарык (апетыт некуды падзеўся), і спрабаваў выглядаць абыякавым, быццам усё добра і аніякіх прыгодаў тут не здараецца. Гномы елі, пілі, гутарылі. Час ішоў. Нарэшце, яны адсунулі крэслы ад стала, і Більба пайшоў збіраць талеркі ды кубкі.

— Спадзяюся, вы ўсе застанецеся вячэраць? — спытаў ён самым ветлівым, добразычлівым тонам.

— Зразумела! — сказаў Торын. — I на потым таксама. Наўрад ці да ночы здолеем скончыць справу, для пачатку нам патрэбна трохі музыкі. А зараз — прыбраць!

Тут дванаццаць гномаў — без Торына, надта ён быў паважны, таму застаўся гутарыць з Гэндальфам, — ускочылі на ногі і разам панаставілі горы посуду. Балансуючы стосікамі талерак ды кубкаў (з пляшкай на вяршыні) у кожнай руцэ, яны ўпэўнена пашыбавалі на кухню, а хобіт ледзь не пішчэў ад жаху: «Калі ласка, не трэба, я сам!» Але ж гномы ў адказ заспявалі:

Куфель — хрэсь, талерка — дзінь!
Гні відэлец, нож папсуй!
Ды ў сцяну бутэлькай кінь!
Місак, лыжак не шкадуй!

Рэж абрусы, тлушч — на стол!
Гарлачом аб ганак — трах!
Косткі — пацуку ў падпол!
Плюх — віно па ўсіх кутах!

Чарапкі ў кацёл кідай!
Ломам іх паварушы,
На падлозе прасушы —
Ды на сметнік выграбай!

Вось дзе жахі, вось дзе страх!
Стогне Більба — «вох» ды «ах»!

Зразумела, ніякіх такіх жудасцяў яны не нарабілі, а ўсё добра прыбралі ды вычысцілі, пакуль хобіт круціўся туды і сюды па кухні, спрабуючы прасачыць, што ж яны робяць. Потым усе разам вярнуліся ў залю і пабачылі Торына: ён паклаў ногі на краты каміну і смактаў люльку. Ён выдзімаў велізарных памераў дым-ныя кольцы, і куды меўся іх накіраваць, туды яны і плылі — уверх па дымаходзе, за гадзіннік на каміне, вакол стала ці да столі, і куды б кольца не плыло, заўсёды не хапала яму хуткасці, каб уцячы ад Гэндальфа. Пых! Той выдзімаў меншае кольца дыму са сваёй кароткай глшянай люлькі, і яно праскоквала праз

Торынава кольца. Потым зелянела і вярталася да Гэндальфа, завісаючы над яго галавой. Там ужо іх вісела цэлая хмара, і ў цьмяным святле агменю выгляд Гэндальфа зрабіўся сапраўды таямнічы і чароўны. Більба ціха стаяў ды назіраў — ён любіў забаўляцца дымнымі кольцамі — і ажно пачырванеў, згадаўшы, з якім гонарам выдзімаў учора ранкам дымныя кольцы і пускаў іх па ветры за Строму.

— Зараз — музыка! — абвесціў Торын. — Нясіце інстру-менты!

Кілі і Філі рушылі да сваіх торбаў і прынеслі маленькія скрыпкі. Доры, Норы ды Оры дасталі аднекуль са сваіх світак флейты, Бамбур прыцягнуў барабан, Біфур з Бофурам таксама пайшлі і вярнуліся з кларнетамі, якія засталіся побач з ка-пелюшамі. Двалін з Балінам сказалі: «Прабачце, мы свае пакінулі на ганку!» «Захапіце і маю!» — сказаў Торын. Яны вярнуліся з віёламі, велічынёю з іх саміх, і таксама з арфай Торына, за-горнутай у зялёную тканіну. Была гэта цудоўная залатая арфа, і калі Торын крануў струны, гномы разам зайгралі так раптоўна і добра, што Більба забыўся на ўсё, быццам паплыў разам з музыкай да цьмянай зямлі над незвычайным чужым месяцам, далёка па-над Вадой, далёка-далёка ад сваёй хобіцкай нары пад Стромай.

Цемра прыйшла ў пакой цераз маленькае вакенца, што расчынялася ў схіле Стромы. Полымя ў каміне — на двары быў красавік — амаль што згасла, а гномы ўсё гралі, і цень Гэндальфа плаваў на сцяне.

Цемра запоўніла ўвесь пакой, агонь згас і згубіліся цені, але ж гномы гралі далей. I раптам, адзін за адным, яны заспявалі, глыбока і гучна, як спяваюць гномы ў нетрах сваіх старажытных пячораў. Вось урывак з іхнай песні, калі нешта можа быць падобнае да песні без музыкі:

Да дальніх прастораў, лясоў векавых,
Пячораў глыбокіх і гор снегавых —
3 першым святлом пакінем мы дом
Па золата-дзіва для скарбаў сваіх

У час старажытны жылі кавалі
I цуды кавалі ў гаыбінях зямлі,
Магутныя чары, чароўныя мары
Удыхнуць у метал і каменне маглі.

Для моцных цароў, каралёў-ваяроў,
Герояў-асілкаў мінулых часоў
Зброю рабілі і здольныя былі
Свет зор захаваць на булаце мячоў.

Зоркаю срэбнай блішчэлі каралі,
Цмокавым полымем золата ззялі.
Як летуценні, сонца праменні
Ў дзівосным каменні яскрава ігралі.

Да дальніх прастораў, лясоў векавых,
Пячораў глыбокіх і гор снегавых —
3 першым святлом пакінем мы дом
Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх.

У горных палацах, глыбінях зямлі
Гномы багацце і славу знайшлі.
Песні гучалі і струны спявалі,
Далёка і гора, і жахі былі.

Вецер начны зароў з вышыні,
Па соснах на схіле пабеглі агні,
Жаркай крывёю, ракой залатою,
Полымя хлынула на камяні.

Гулка звінелі званы пад Гарою,
Страх палымяны над галавою,
Жудасны жах на чорных крылах
Рушыў шалёна парою начною.

Вогненны подых цьмяных нябёс
3 Поўначы гібель да гномаў прынёс.
Склепамі сталі раскошныя залі,
Дзе напаткаў іх раз'юшаны лёс.

Да дальніх прастораў, лясоў векавых,
Пячораў глыбокіх і гор снегавых —
3 першым святлом пакінем мы дом,
Каб цмоку адпомсціць за родных сваіх.