— Добры дзень! — сказаў ён у рэшце рэшт. — Нам тут не патрэбныя аніякія прыгоды, вялікі дзякуй! Папытайцеся за Стромай ці, магчыма, за Вадой-ля-Стромы.

Гэтым наш хобіт хацеў давесці, што гутарка скончылася.

— Колькі ж гатункаў у твайго «добрага дня»! — сказаў Гэндальф. — Зараз, напрыклад, гэта значыць, што мне лепей сысці, і тым лепей, чым хутчэй.

— Не, не, не, шаноўны пане, што вы! Але ж я не ведаю вашага прозвішча…

— Так, так, шаноўны пане! Але ж я ведаю тваё, спадар Більба Торбінс! Як і ты маё, хоць і не памятаеш, што яно належыць мне! Я — Гэндальф, і Гэндальф — гэта я! Уявіць сабе, што дажыву да часу, калі сын Беладоны Хват будзе адчапляцца ад мяне «добрым днём», быццам я гузікі прадаю!

— Гэндальф! Гэндальф! Бацюхны! Той самы вандроўны чараўнік, які даў Старому Хвату пару цудоўных дыямантавых спражак, якія самі сабою зашчапляліся і не расшпільваліся, пакуль ім не загадаеш! Той самы, які заўсёды распавядаў такія цудоўныя гісторыі пра цмокаў, гоблінаў ды веліканаў, пра ўратаваных прынцэс ды нечаканае шчасце сыноў бедных удоваў! Той самы, хто ствараў такія незвычайныя феерверкі! Я памятаю іх! Яны ўзнімаліся, як вялізныя лілеі, львіны зеў ды гіяцынты! Магчыма, вы ўжо адзначылі, што Більба быў не такой празаічнай натурай, якой лічыў сябе, і што яму вельмі падабаліся кветкі.

Няўжо той самы Гэндальф, з-за якога такая колькасць добрых хлапцоў і дзяўчат сышлі невядома куды, шукаючы дурных прыгодаў! Абы-якіх — ад лазання па дрэвах да вандровак у пазаэльфаўскія краіны! Свет мой родны, і было жыццё ў той час … я меў на ўвазе, здольныя ж вы былі паставіць усё ў нашых мясцінах з ног на галаву. Прашу прабачэння, я і падумаць не мог, што вы яшчэ… пры справах.

— Дзе ж мне яшчэ быць? — сказаў чараўнік. — Аднак жа, прыемна чуць, што пра цябе нешта памятаюць. У рэшце рэшт, мае феерверкі табе спадабаліся, і ты не зусім безнадзейны. Таму дзеля твайго дзеда Старога Хвата ды небаракі Беладоны, я дам табе, чаго просіш.

— Прашу прабачэння, але ж я нічога ў вас не прасіў!

— Прасіў! Цяпер ужо двойчы. Маё прабачэнне. Я табе яго даю. Больш за тое — я нават далучу цябе да сваёй прыгоды. Цікава для мяне, карысна для цябе — дый прыбыткова, калі дажывеш да канца.

— Прабачце! Не жадаю я прыгодаў, дзякуй вялікі! Не сёння! Добры дзень вам! Але ж заходзьце на гарбату, калі ласка, у любы час, нават заўтра. Чаму не заўтра? Заходзьце, калі ласка! Да пабачэння!

3 гэтымі словамі хобіт павярнуўся, скочыў у свае круглыя зялёныя дзверы ды зачыніў так хутка, як толькі адважыўся, адно каб не пакрыўдзіць госця. Усё ж чараўнікі — гэта чараўнікі…

«I чаму я выдумаў запрасіць яго на гарбату», — казаў сабе Більба, ідучы ў кладоўку. Ён толькі паснедаў, але ж пасля такіх размоваў падсілкавацца кексам-другім ды глынуць чаго-небудзь не зашкодзіла б.

А Гэндальф тым часам спакойна стаяў сабе за дзвярыма ды пасмейваўся ў бараду. Праз нейкі час ён зрабіў крок бліжэй да Більбавых цудоўных зялёных дзвярэй ды канчаром посаха надрапаў нейкі незразумелы знак. Потым рушыў прэч якраз, калі Більба скончыў сняданак і палічыў, што ад прыгодаў ён адмовіўся вельмі ўдала.

Назаўтра Більба амаль што забыўся на Гэндальфа. Памяць ён меў не вельмі добрую і мусіў рабіць нататкі ў сваёй Кніжцы Сустрэчаў ды Наведванняў, напрыклад: «Гэндальф. Гарбата ў сераду». Але ж учора ён перахваляваўся ды забыўся зрабіць адзнаку.

Якраз блізу пятай гадзіны ад дзвярэй раптам пачуўся пранізлівы звон — і тут хобіт узгадаў! Ён хуценька паставіў чайнік на пліту, выхапіў з шафы яшчэ кубачак ды сподак і пабег да дзвярэй.

«Прашу прабачэння, што прымусіў вас чакаць», — збіраўся сказаць Більба, але ж убачыў, што перад ім зусім не Гэндальф. А быў перад ім гном з блакітнай барадой, засунутай пад залаты пояс, і з вельмі зыркімі вачыма пад цёмна-зялёным капелюшом. Як толькі дзверы адчыніліся, ён рушыў у нару, быццам чакалі менавіта яго.

Ён павесіў свой плашч з капелюшом на бліжэйшы цвічок і сказаў: «Двалін, ваш пакорлівы служка», — і нізка пакланіўся.

— Більба Торбінс, да вашых паслуг, — сказаў хобіт, занадта здзіўлены, каб задаваць пытанні. Калі маўчанне ўжо паспела зрабіцца няёмкім, ён нарэшце дадаў: «Я як раз збіраўся піць гарбату, запрашаю вас, пачастуйцеся разам са мной». Прагучала гэта не вельмі шчыра, але ж паспрабуйце самі ўявіць у сваёй хаце незнаёмага гнома, які з'явіўся без запрашэння, а ў дадатак павешаў рэчы на цвічок, не турбуючыся і словам тлумачэння.

Прабылі яны за сталом нядоўга, па сутнасці, толькі дабраліся да трэцяга кекса, калі ў дзверы зазванілі яшчэ гучней.

— Прашу прабачэння, — сказаў хобіт і рушыў да дзвярэй, — «дык вось вы нарэшце!» — хацеў ён сказаць Гэндальфу. Аднак жа гэта зноў быў не Гэндальф. Замест яго на ганку стаяў вельмі стары на выгляд гном з белай барадой і чырвоным капелюшом, і ён, як толькі дзверы адчыніліся, таксама зайшоў у нару, быццам запрошаны.