— Бачу, яны ўжо пачалі збірацца, — сказаў ён, зірнуўшы на зялёны капялюш Дваліна. I павесіў свой чырвоны побач. «Балін, да вашых паслугаў», — дадаў ён, прыціснуўшы руку да грудзей.

— Дзякуй, — ледзь вымавіў Більба. Вядома, сказаць «дзякуй» было не зусім правільна, аднак жа словы «яны ўжо пачалі збірацца» адбіліся на хобіце дрэнна. Гасцей ён любіў, але ж любіў яшчэ і ведаць, хто яны такія, і лічыў за лепшае запрашаць іх сам. Заварушылася ў ім непрыемнае падазрэнне, што кексаў можа не хапіць, і тады ён — Більба ведаў свае абавязкі гаспадара, якімі б цяжкімі яны ні былі, — ён павінен будзе абысціся без кекса.

— Заходзьце, далучайцеся да нас, пачастуйцеся гарбатай, — нарэшце здолеў вымавіць ён, глыбока ўздыхнуўшы.

— Трошкі піва падыдзе мне лепш, калі вам не ўсё роўна, добры мой спадар, — сказаў белабароды Балін, — аднак жа я таксама згодзен і на кекс — са сланечнікам, калі ёсць.

— Мноства! — адказаў, здзівіўшы сам сябе, Більба. Потым ён, здзіўляючыся далей, знайшоў сябе на лесвіцы па дарозе ў камору, дзе напоўніў півам куфель, ды ў кладоўцы, дзе ляжалі два цудоўныя круглыя кексы з семкамі, якія спёк апоўдні, каб падсілкавацца пасля вячэры.

Калі Більба вярнуўся, Балін і Двалін размаўлялі за сталом як старыя сябры (на самай справе, яны былі родныя браты). Більба плюхнуў піва і кексы на стол перад імі, і тут зноў моцна зазванілі ў дзверы, а потым яшчэ і яшчэ.

«На гэты раз дакладна Гэндальф», — падумаў хобіт, спя-шаючыся да дзвярэй. Але ж не. З'явіліся яшчэ два гномы, абодва з блакітнымі капелюшамі, срэбнымі паясамі ды жоўтымі бародамі, і кожны з іх нёс мех з інструментамі ды рыдлёўку. Яны таксама зайшлі ў нару, як толькі дзверы адчыніліся, — Більба ўжо амаль не здзівіўся.

— Што я магу для вас зрабіць, шаноўныя гномы? — спытаў ён.

— Кілі да вашых паслуг, — сказаў адзін з іх. — I Філі, — дадаў другі, і яны, зняўшы капелюшы, пакланіліся.

— Більба, пакорлівы служка ваш і вашай сям'і, — адказаў Більба, нарэшце ўспомніўшы пра ветлівасць.

— Я бачу, Балін і Двалін ужо тут, — сказаў Кілі. — Пойдзем жа і мы да натоўпу.

«Натоўпу! — падумаў спадар Торбінс. — Не падабаецца мне, як гэта гучыць. Лепш сесці спакойна, абмеркаваць усё хвілінку-другую, ды глынуць чаго-небудзь». Глынуць ён паспеў толькі раз, у кутку, калі чатыры гномы паселі за стол ды завялі гутарку пра шахты, золата ды непрыемнасці з гоблінамі, пачварствы цмокаў і яшчэ пра мноства рэчаў, якія ён не разумеў, дый разумець не жадаў, бо занадта патыхала ад іх прыгодамі. I тут «дзінь-дзень-бум-дзень» — дзвярны званочак загучаў зноў, быццам нейкае шкадлівае хабіцяня спрабавала адарваць яго цалкам.

— Нехта за дзвярыма, — сказаў хобіт, міргаючы.

— Чацвёра, мяркуючы па звоне, — сказаў Філі, — мы бачылі, яны ішлі следам за намі.

Небарака хобіт сеў на крэсліца ў залі, падпёршы галаву рукамі, і ціха спытаў сябе, за што ж гэта яму такое, і што робіцца, і што будзе рабіцца, і ці застануцца яны ўсе да вячэры. Потым званочак зазваніў наймацней, і хобіту давялося падбегчы да дзвярэй. За імі стаялі не чацвёра — ПЯЦЁРА! Звалі іх Доры, Норы, Оры, Ойн ды Глойн, і вельмі хутка два фіялетавыя, шэры, руды і белы капелюшы віселі на цвічках, а гномы, засунуўшы шырокія далоні за залатыя і срэбныя паясы, рашуча крочылі да астатніх. Атрымаўся амаль натоўп. Нехта патрабаваў элю, нехта портэру, адзін — кавы, і ўсе разам — кексаў, так што хобіт нейкі час быў цалкам заняты.

Вялікі гарлач з кавай якраз паставілі на агмень, ды кексы паспелі скончыцца, і гаомы ўжо прыняліся за булкі з масяам, калі пачуўся вельмі моцны грукат. Нехта не званіў, а калаціў па цудоўных зялёных хобітавых дзвярах. Тарабаніў на ўсю моц палкай!

Більба кінуўся да дзвярэй, вельмі раззлаваны, цалкам ашалелы ды збіты з тропу — такой непрыемнай серады ён і прыгадаць не мог. Хобіт штуршком адчыніў дзверы, і ўсе разам паваліліся ў нару адзін на аднаго. Ззаду стаяў Гэндальф, абапёршыся на свой посах, і рагатаў. Ён зрабіў здаравенную вышчарбіну на некалі цудоўных дзвярах, а разам і дашчэнту знішчыў таямнічы знак, які паставіў на іх учорашняй раніцай.

— Асцярожна, асцярожна, — сказаў ён, — не зусім гэта падобна да цябе, прымусіць сяброў чакаць на ганку, а потым адчыніць дзверы, быццам пастку! Дазволь мне прадставіць табе Біфура, Бафура, Бамбура і, асабліва, Торына!

— Да вашых паслуг! — сказалі Біфур, Бафур і Бамбур, стаўшы ў шэраг.

Потым яны павесілі на цвічкі два жоўтыя капелюшы і светла-зялёны, а таксама нябесна-блакітны з доўгім срэбным кутасом. Апошні належаў Торыну, дужа паважнаму гному, па праўдзе, нікому іншаму, як самому знакамітаму Торыну Дубатарчу. Ён зусім не быў задаволены тым, што на яго пападалі астатнія гномы, асабліва непрыстойна тоўсты ды цяжкі Бафур. Торын і паводзіў сябе надта паважна, і нічога не казаў пра «паслугі», але ж бедны спадар Торбінс столькіразоў паўтарыў «прашу прабачэння», што, нарэшце, гном прабурчаў: «не варта клопату», і скончыў крыўдзіцца.

— Ну, цяпер усе на месцы, — сказаў Гэндальф, зірнуўшы на шэраг з трынаццаці капелюшоў — найлепшых святочных капелюшоў — і свой побач з імі. — Добрая кампанія! Спадзяюся, для тых, хто спазніўся, тут знойдзецца што-кольвечы пад-сілкавацца ды выпіць! Што гэта? Гарбата? Не, дзякуй вялікі. Мне крыху чырвонага вінца, калі ласка.