У самога была ж і сама. І не для бабскай каманды ці звягі,— сяброўка, памочніца.

Так яны ўжо і векавалі ўдваіх, доўга жылі — доўга пры мне, яшчэ даўжэй без мяне ў нашай вёсцы,— спачатку бедна, а потым і ў новай хаце, на нейкай пенсіі, з чатырма вуллямі ў садочку.

Ды вось яго ўжо няма, а яна ўсё жыве, як быццам непрыкметны, ціхі і нязбыўны подзвіг яе жыцця яшчэ ўсё чамусьці трэба працягваць.

Сумна?

А можа, якраз і лягчэй ад такога вось клопату — пра магілу?..

Зноў жа па сцежцы ў жыце я выйшаў з даліны на самы верх нашай «гары» — узвышша з сонечна-ясным, раскошна летнім аглядам на ўсе бакі свайго свету. Спыніўся на абочыне нядаўна заасфальтаванага гасцінца, пастаяў.

Хораша. І далёка відно.

А якая ж тут, можна сказаць, адбылася вялікая змена дэкарацый. Не адна.

Што тут «ігралася» ў папярэдніх дзеях даваеннай, ваеннай і пасляваеннай гісторыі — відно ўжо нямногім. У тым ліку і мне. І я магу нямала расказаць, якімі былі навакольныя вёскі раней, дзе тут навокал віднеліся, куды і як падзеліся тыя маёнткі ды маёнтачкі, замест якіх распасцерлася хлебная чыстаполіца, хто тут, па нашым гасцінцы, па нашых дарогах ды сцежках ездзіў, хадзіў, якія значыў, пакідаў сляды. І я ўжо магу... ох, як нямала палічыць тых, каго ў розны час рад быў вітаць, па кім сумую, то свяжэйшым, то адбалелым сумам, каго часамі згадваю, пазнаўшы яго рысы ў сыне ці ў дачцэ...

Маруся?

Не, па бацьках яе, шчыра кажучы, я не сумую, бо з імі, значна старэйшымі, не дружыў. Яна для мяне — сама па сабе. Вось прыгадалася і тут, зноў, як на могілках, у падвойным успаміне — свежым, сённяшнім і ўжо таксама даўнім, нават і ў дачыненні да яе, яшчэ так нядаўна дзяўчынкі, пасляваеннай сіраты, бацька якое загінуў на фронце, а маці адна паднімала трое малых.

А ўжо тым часам і дваццаць гадоў з той раніцы, калі я, трохі пабыўшы ў сваёй вёсцы, вяртаўся аўтобусам у горад, які ўжо таксама стаў мне сваім.

Маруся сядзела побач са мной, ад акна. Дзве яе сяброўкі, не з нашай вёскі, але таксама выпускніцы местачковай дзесяцігодкі, сядзелі, далей, за намі. Тыя і на прыпынку, да аўтобуса, больш за яе маўчалі, а цяпер мы з ёю і зусім былі як адны. Спачатку яна шчабятала пра свае няхітрыя ранне-дзявочыя навіны, час ад часу вярталася да трывогі — ці ўдасца ж паступіць у тое медвучылішча, а потым пачала драмаць. Летняя ночка — на песні — і так маленькая, а паненка ж і з вечарынкі вярнулася, бадай, на світанку. На сваім пажылым і ўжо тым часам натруджаным плячы я неўзабаве адчуў яе галаву. Румянашчокую ды сінявокую, з просценькай русай прычоскай.

І ў гэтым столькі было ўжо хвалюючага цяпла і яшчэ ўсё дзяцінага даверу, што я і тады быў шчаслівы, і цяпер яно ўспамінаецца — з удзячнасцю і нібы са сваяцтвам.

Потым прыемна было пачуць, што Маруся і паступіла, куды ёй хацелася, а закончыўшы медвучылішча, была размеркавана ў свой раён, дзе неўзабаве ды вельмі ўдала — па школьнай дружбе, якая стала каханнем,— выйшла за аднакласніка, дужага і маўкліва-талковага Віктара. Ён пасля школы застаўся ў вёсцы, пры сваіх «старых», тым больш што бацька вярнуўся з вайны інвалідам, закончыў хлопец курсы ў райцэнтры, — механізатар шырокага профілю. А яна працавала ў бальніцы, куды, за шэсць кіламетраў, то ездзіла ўлетку на веласіпедзе, то пад'язджала ў непагадзь і зімой на рэйсавым аўтобусе, а то дык і Віктар часамі на матацыкле падвозіў, асабліва на першым годзе,— хоць і рахманы, а з горда стрыманай усмешкай.

Многія хаты ў сённяшняй вёсцы больш адпаведна называць дамамі. Нямала, праўда, і такіх, дзе або ўжо няма каму жыць, або заўтра-пазаўтра не будзе каму. Сумна, трывожна... Калі ж хата яшчэ жывая, а да таго і спраўная,— міма такое добра і прайсці, і, чаго добрага, спыніцца.

Механізатараў ды медсястрын дамок стаіць бокам да вуліцы, у гародчыку. Вялікія вокны, на падваконні кветкі. Іх так багата — белых, ружовых, чырвоных, ліловых,— што, здаецца, і шыбы хутка павыдушваюць навонкі. Адна цераз адну, запоўніўшы яркай стракатасцю чыстыя шыбы, усе гэтыя жаніхі і нявесты, герань і вог- нікі пруцца да тых, што ў гародчыку, куды большых і на прасторы,— да мальваў, флоксаў, вяргіняў, гладыёлусаў... Сцены сонечна-вохрыстыя, ліштвы і рамы вокан, рамкі ды рамачкі шырокага ашклёнага ганка чысценька белыя.

А гаспадыні ўсё гэтай вясёлай белі — мала!..

Ідучы на могілкі, я прыпыніўся каля «Марусінага дома» (для мяне гэта так), яшчэ зводдаль заўважыўшы яе з дачкой у гародчыку. Яны падбельвалі белыя рамачкі ганка, у якіх паблісквалі сонцам разнаформенныя шыбкі і шыбачкі.

— Добры дзень! Што мы робім?

— Добры дзень вам! Прыехалі? А мы тут наводзім красу.

— Яе ж і так хапае. Не разабрацца, якая лепшая.

Яна смяецца, прыняўшы намёк, але адводзіць на іншае:

— От, будзе трохі чысцей. Я выхадная сёння, а сена ўжо няма. Пагаварыце з намі, пабудзьце. Мой недзе ў полі. Дома не заганяецца. А гэта во наша Таня. У дзесяты перайшла.

Таня — ужо не на шмат маладзейшая за тую, чыю галоўку я нібы зноў адчуў на плячы, а Маруся — у загарэлай і пышнаватай красе шчаслівай маці, якой толькі пад сорак. Дзяўчына моўчкі, нібы сарамліва павярнуўшыся ад мяне, працуе белым пэндзлікам, час ад часу тыцкаючы яго ў бляшанку на табурэце. А мама яе... ну, не сказаць ужо, што шчабеча, як тады, у ранішнім аўтобусе,— яна гаворыць ахвотна, усё дарэчы, з гаспадарлівай заклапочанасцю: пра сенакос, на які так добра падпагодзіла, пра жніво, што вось-вось і пачнецца, пра тое, што робіцца ў вёсцы, пра бальніцу сваю, пра Таню, што памагае і ў хаце, і ў полі... Хоць і чытае многа, і ў клуб, вядома ж, хочацца: маладое. Яна гаворыць з выразнай прыемнасцю, я слухаю — таксама. А мне ж яшчэ добра глядзець, як спрытна ходзіць пэндзлік у яе руцэ, як акуратна бель кладзецца на тоненькія рамачкі, нідзе не крануўшы чыстага шкла.

Таня робіць тое самае не менш акуратна, але павальней, з большай асцярогай.

Процьма яшчэ не пражытага часу, нязведанай прасторы, не адчутага сонца аддзяляе іх, маці і дачку, ад тых строга панурых прутоў, што недзе там з чорных памаленьку робяцца яшчэ чарнейшымі...

Ім, маладой і маладзенькай, і не думаецца пра такое,— гэта я цяпер думаю, стоячы на ўзбоччы гасцінца, гэта мне яно ярка прыгадалася там, за жытам, у зеляніне, каля прасторнай на запас агарожы.

Не ў спалучэнні з ёю, яшчэ не бачыўшы той чарнаты, гадзіны паўтары таму назад, калі я любаваўся белай работай-забавай у сонцы ды ў кветках, па праву ўзросту бласлаўляючы нейчае шчасце, непераможнасць жыцця.

1981

Дырэктарка


У кожнай вёсцы, у кожным куточку нашай зямлі, дзе ты быў ці не быў, возьме ды зноў, яшчэ і яшчэ раз вырасце падобнае да іншых і да нікога не падобнае дзяўчо.

Ірынка вырасла ў сваім Доўгім Сяле, там і школу закончыла, і не паехала адтуль нікуды. Старшыня калгаса ўгаварыў яе стаць дырэктаркай іхняга дома адпачынку, пабудаванага на раздольным узлессі над Шчарай.

Смяяліся са старшыні яго калегі, што фантазёр ён з гэтай сваёй «Шчарынкай», і нерэнтабельнай, і непатрэбнай, а ён спакойна, з прыязнай усмешкай адказваў, што кожны з яго калгаснікаў, які там заслужана адпачыў два тыдні, можа спакойна назначацца хоць нампалітам палка. І растлумачваў: «Па сацыяльнай і палітычнай свядомасці». Сам ён з вайны вярнуўся капітанам з двума ордэнамі і трыма раненнямі, з роднай Віцебшчыны быў пасланы сюды, у адзін з заходніх раёнаў, на партыйную работу. На старшыню калгаса прыйшоў з райкома, дзе працаваў другім сакратаром. Знячэўку гэта атрымалася. Калгас быў слабенькі і, калі ён, сакратар, прывёз сюды выбіраць чарговага старшыню, людзі пажартавалі: «Нам каб, таварыш, такога, як вы!» — «А што вы думаеце — і пайду!» Яго адпусцілі, бо гэта было ў той час, калі на дапамогу сельскай гаспадарцы ішлі «трыццацітысячнікі». Пакуль да той «Шчарынкі», папрацаваць давялося многа, і людзі ад жарту «нам каб такога» дайшлі спакваля да пашаны, якое гэты, яшчэ раз новы, старшыня, талковы ў працы і прыемны ў абыходжанні, аказаўся вартым. Была яму пашана і ад кіраўніцтва. Сам сакратар абкома параіў мне паехаць з сям'ёй у «Шчарынку», пазнаёміцца з тым калгасам і «са станоўчым,— як ён сказаў,— героем нашай сучаснасці».

«Шчарынка» нам спадабалася, на другое лета мы сагітавалі туды дзве пары сваіх сяброў, якіх па трэцяе лета агітаваць ужо не трэба было.

Улетку калгаснікам не да адпачынку, і туды прыязджалі бліжэйшыя і далейшыя гараджане. Інтэлігенцыя не ўся і не заўсёды бывае інтэлігентнай. Капрызы, гонар, неахайнасць, хамства,— калі не сам інтэлігент, дык жонка, дзеці, а то і ўсёю сям'ёй.