Ах, колькі радасці!..

А потым зноў урачыстая, сонечна-росная цішыня і прастора, і ў вышыню, і навокал.

...Гарадскі рыбак, якога адразу, яшчэ здалёк пазнаеш па адпаведнай вопратцы і грунтоўным рыштунку, разлічаным на тую вялікую рыбіну, што павінна ж, нарэшце, злавіцца,— ён стаяў на высокім беразе, сышоўшы са сцежкі на саменькі зялёны край абрыву, дзе сяды-тады спыняюся і я. Чалавек кіраваўся кудысьці далей, тут ён проста спыніўся, застыў, залюбаваўся шчаслівай жнівеньскай раніцай. Падыходзячы да яго, я ўжо хацеў павітацца, але ён апярэдзіў мяне «добрым днём». Здалося, што і начэкваў з адкрыта прыязнай усмешкай, зусім незнаёмы, што і ва ўсмешцы гэтай было здзіўленне: «Хораша тут у вас!..»

Пагаварылі. Таксама мінчанін. Рабочы-электразваршчык. Праз год і восем месяцаў на пенсію. «Па-бабску, у пяцьдзесят пяць гадоў», бо ў іх жа, электразваршчыкаў, шкодная прафесія. Будзе сто трыццаць два рублі. І падлічыў ужо, відаць, даўно, нібы салдат, што пад канец бясконцай службы ведае, колькі яму засталося гадзін ды мінут. Цяпер ён на бальнічным. Астма. Спытаўся ў доктара, ці можна хоць на рыбалку паехаць, бо ўсё роўна ж, дзе тыя таблеткі глытаць, і доктар сказаў, што можна. «Пахаджу, падыхаю, пераначую дзе пад стогам. А заўтра зяць прыедзе, забярэ». Я памагаю яго радасці, пытаюся: «На «Жыгулях»? — «Ага, увосень купіў». — «І цесць, вядома, трохі далажыўся?» Ён усміхаецца: «Хлопец харошы. Няхай здаровы жывуць. Тут не шкада, калі ўсё ладам, калі не ахламон які ці не алкаш».

Астма ў таварыша пачалася не ўчора, не пазаўчора, і ўсё ён ведае ўжо — і пра Місхор, і пра Вялічку. Больш таго — нават і пра славутую спявачку, якая была ўжо і ў той польскай Вялічцы, у саляным, алергалагічным санаторыі глыбока пад зямлёй, а што да Місхора, дык яна ж і на гастролі лётае найбольш з таго Крыма, хоць сама і не тамашняя. Гаворыць ён пра гэтую, яшчэ ўсё свежую славутасць як пра знаёмую ці нават блізкую, спачатку называе толькі прозвішча, а потым яна ўжо і проста Соня. Гляджу на яго прасцецкую, не так гарадскую, як яшчэ ўсё вясковую шчырую ўсмешку і нібы гадаю: колькі ж тут вінавата іх агульная астма, а колькі голас яе, добра знаёмы і мне, яе маладая, непераможная радасць?.. Нават пытаюся:

— Вы што, знаёмыя?

— Па тэлевізары,— зноў усміхаецца ён.— Люблю паслухаць, паглядзець.

— І я люблю. Калі народныя.

Мы маўчым, заглядзеўшыся на раку і зарэчча. А потым я — нечакана, але не дзіўна — напаўголасу паўтараю далёкі песенны ўзлёт, што светла махнуўся ў памяці:

Ветерочек парус гонит,
От разлуки сердце стонет...

Бачу той белы ветразь на хвалістым бязмежжы вясновай, шырока разлітай Волгі. Сваяк таго, што і ў маёй душы сяды-тады самотна і ясна бялеецца ў марскім блакітным тумане.

— Спяваць любіце? — усміхаецца рыбак.— Мо і ў ансамблі якім?

— Не. Прыгадалася адно...

Што прыгадалася, я не расказваю, бо не раскажаш так, як яно хутка і ярка з'явілася ў памяці. Амаль праз паўвека, з тых дзён, калі я толькі-толькі ўваходзіў у юнацтва.

Гэты самы Нёман, але не сонечным жнівеньскім ранкам, а насцярожана і ўрачыста белым, марозным досвіткам. Рака пад лёдам, на лёдзе тоўста снегу, дарога добра ўезджана. Коні дружна бягуць адзін за адным — улегцы весела, дый грэюцца бегма. Я мякка сяджу на мяху з сенам, знізу няхоладна, кажух, шапка, боты надзейныя. А да таго ж і маладосць, што пачынаецца, патаемная радасць ці гордасць заўчасна сталага работніка, гаспадара, ну і паэта глыбока ў душы, якому заўсёды ўсё нова ды незвычайна. І белае рэчышча, што віляе паміж кустамі, не зусім схаванымі пад снегам, і дрэвы, што знізу, ад снегу, цёмна лезуць ажно пад неба пад табой. І першы знак новага дня — агнявая палоска зары над далёкім грэбенем лесу, зары нясмелай яшчэ, якая ці то ўжо бачыцца табе, ці то ўспамінаецца з пазаўчарашняй паездкі. Такой самай, у пушчу па дровы. З адчуваннем таксама хвалюючым, насцярожаным. Так і здаецца: вось, вось яно прыйдзе — штосьці даўно чаканае, добрае! Нават і капыты так выстукваюць: вось, вось, вось!..

Коні — як былі лёгка ўзняліся на рысь, так і ашляхлі, спакваля перайшлі на ступу,— спачатку першы ці першая (чый там сённячы конь ці кабыла чыя?), а потым і ўсе, увесь маўклівы парожні абоз. Хай падыдуць. Яшчэ не позна, хоць і не блізка яшчэ.

І тут за мною, ззаду і збоку, мякка і хутка пачулася рыпенне снегу пад хадакамі. Дзядзька Міхаль, сусед, які ехаў следам, дагнаў мае сані і гупнуў-сеў перада мною ў нагах. Чалавек ён маўклівы, калі не пануры, і цягавіты, поўная хата дзяцей — маўчы ды думай, як іх на ногі падняць. А тут яму закарцела чагосьці, як блазну да блазна,— прыбег. Не закурыць, не пакурыць, пацягнуць разоў колькі, бо мы абодва не курым. Пагаварыць пра што пільнае? Не, ён сядзіць і маўчыць.

Маўчаў нядоўга. А памаўчаўшы не гаварыць пачаў, а раптам, як і я цяпер, пры выпадковым сустрэчным, заспяваў. Глуха, прыцішана, можна сказаць, безгалоса. І не песня была гэта, а толькі ўрывачак яе, адзін узлёт — з тым самым белым ветразем па Волзе.

Што за дзіва, чаму?

Вельмі проста — калі яно проста,— учора дзядзька Міхаль заходзіў да нас увечары, і я, разняўшы навушнікі дэтэктарнага радыёпрыёмнічка на двух, пачаставаў яго песняй. Ажно з Масквы, цераз граніцу...

— Соня, здаецца, гэтую не спявае,— гаворыць рыбак.

— Не, гэта даўняе. Была такая Вольга Кавалёва. Збірала і выконвала рускія народныя песні. І сама нават трохі песні пісала. І гэтую, што я пачаў, яна напісала сама.

Пра белы ветразь на Волзе я ўспомніў яшчэ і таму, што днямі, у радыёперадачы, ён прыйшоў да мяне вельмі патрэбна паглыбленым у народнасць расказам пра тую слаўную спявачку, што была спачатку, задоўга да Кастрычніка, маленькай рускай Ольгушкай, якая з печы, тварыкам на хату, зачаравана слухала, як спяваў, працуючы каля акна, яе дзядзька Якаў, вясковы ўмелец-кушнер. Дзяўчынка слухала і, нібы ў прадчуванні свайго вялікага лёсу, заплакала ад любасці да людзей — упершыню, ад усёй чысціні дзіцячага сэрца. Так яна потым успамінала.

— І я люблю, калі Соня не моднае нешта, а па-ўкраінску што ці па-малдаўску. Слухалі?

— Ну,— адказваю я.

— Пра што там, калі па-малдаўску, я не ведаю. Але ж вельмі яно неяк весела. Як ад якое радасці. З эстрады тое сыдзе ў залу, тупае лёгенька па праходзе, і шнур той вядзе за сабою, паміж людзей. Мікрафон у руцэ, а ўсё роўна — рукі раз-пораз узняўшы. У ладкі плешча, ды ўжо не песню, а толькі адзін прыпеў. Чулі? «А-я-я-я! А-я-я-я!..» Так не паўторыш, не. Голыя рукі тонкія, і з твару благая, а вочы свецяцца, гараць. І так смяецца, усміхаецца, што і самому... І людзі ўсе, што ў зале той, усе за ёю ў лад тое «а-я-я-я!» — так апладзіруюць. Аж хочацца самому заспяваць, каб мог. Як гэта добра, калі чалавек вясёлы! Вы гэта чулі?