*


— Толя плісёл!

Так вось, у трэцяй асобе, голасна і ўсім аб'яўляе ён, двухгадовы герой, калі яго прывядуць уранні ў яслі.

І тут, вядома ж, не гонар нейкі, а проста радасць. А таксама яшчэ вельмі значны, непераможна вечны падтэкст — абаяльнасць нявіннасці, чысціні.


*


Дванаццацігадовай Свеце не захацелася няньчыцца з капрызным госцем, трохгадовым Толікам, і яна сказала, што ёй трэба у магазін. Пайшла. Крыху пазней ён убачыў яе з акна пятага паверха і ўсцешана сказаў:

— Света думае, што яна пайшла ў магазін, а яна гуляе з дзяўчаткамі на дварэ!


*


Мноства чырвоных ягадак — на вялікай цыраце, разасланай у кухні на падлозе. Парэчкі сохнуць, перамытыя. Увечары яшчэ трохі не двухгадовую Волечку, якая хацела з імі забаўляцца, угаварылі, што ягадкі ўжо спяць. А ўранні яна, сама прачнуўшыся, прытэпала да іх, прысела па падлозе, маючы поўнае права меркаваць, што і яны ўжо таксама «прачнутыя».


*


Гарадскі кот, прывезены вясной на дачу, убачыў на голай галіне галку і ваяўніча падаўся па ствале наверх. Яна, вядома, паляцела, а ён тады азірнуўся — высока! — і па-пястунску замяўкаў. Аднак жа злез памалу, праўда, хвастом уніз, каб не так страшна было, ці што.

Трохі пазней у другога госця, трохгадовага Толі, прапаў пісталет. Ные хлопец, не так шукаючы, як чакаючы, што яму яго знойдуць. Маме часу няма і, каб адмахнуцца ад малога, яна кажа:

— Дымок яго браў. На ліпу з ім лазіў.

Толік выйшаў па двор і да ката:

— Аддай мой пісталет! Чаму ты ўзяў яго?

Усё нармальна ў казачным свеце.


*


«Дзеці — як дзеці». Аднак у кожнага з іх свае нечаканасці.

Унучка гасціла ў другіх дзеда з бабай, у далёкім горадзе, і вельмі ж, здавалася, доўга — амаль дзевяць месяцаў. Вярнуўшыся туды, дзе ўжо не толькі яшчэ адны дзед і баба, але ж і мама з татам, яна вельмі хутка адчула сябе ў яшчэ адным «дома». Тым больш што тут яшчэ і брацік, на паўтара года старэйшы за яе.

Падвечар, накачаўшыся на дзедавай тахце — весела, што тыя медзведзяняты, — яны пачалі танцаваць.

Хлопцу хацелася і дзеду і сястры паказаць, які ён маладзец; ён многа тупаў, хутка кружыўся, голасна крычаў, смяяўся.

А яна, танцорачка на трэцім годзе, кружылася памалу, нават спаважна, і прыгаворвала яшчэ, што трэба ціха, ціха. А потым, стомлена прыпыніўшыся, сказала радасна, ці то ўсім, ці то сабе:

— Во як танцуе ўнучка!..


*


Думаў днямі і зноў вось думаю: як гэта добра, якое шчасце — адчуваць у руцэ маленькую, цёпленькую ручку.

Адна з маіх шчабятуноў доўга гасціла ў другіх дзеда і бабы, дзе ёсць яшчэ і прадзед яе, якога яна для зручнасці таксама называе дзедам. Толькі яшчэ і па імені, Рыгорам. Калі яе забіралі, «дзед» гэты плакаў: «Хай бы ўжо яно пабыло тут, пакуль я памру...» Неяк узяў я яе на калені і папрасіў расказаць, як яна там, у «дзеда Рыгора» жыла. І малая, нейкія два з палавінай гады, па-сталаму пацешна і, калі ўдумацца, вельмі змястоўна адказала:

— Ён там цяпер адзін.

Больш нічога. А «там», гэта ў вёсцы, дзе ён жыве асобна ад гарадскіх дзяцей, дзе яны, прадзед і праўнучка, любілі пасядзець на лаўцы, паглядзець, як вяртаецца статак, любілі і на печы разам пасядзець, куды ён,— дарэчы, дзядок і з гонарам, і з норавам,— да прыезду такое госцейкі пікога не пускаў.


*


Госці-ўнучцы дазволілі паехаць з прылясное дачы ў вёску, да знаёмай дзяўчынкі. Бабуля загадала ёй вярнуцца роўна ў восем. А ўжо і восем, і дзевяць, і дзесяць, і на адзінаццатую пайшло, а «гэтай распусты» няма. Ці злуйся, ці трывожся — што хочаш. Бабуля на ганку — сваё, а дзед не вытрываў і пайшоў па дарозе, узлескам, у той бок, дзе вёска, з намерам дайсці і туды, дзе яна загулялася, паўшчуваць там свавольніцу.

Яшчэ ён за надрэчныя дубы, за елкі не зайшоў, а ўжо заўважыў далёка на ячменным полі белую плямку. Схаваўся пад вялізную, разложыстую яліну, з-пад цёмна-зялёнага шатра глядзеў, як яна, тая свавольніца, коціць на сваёй новенькай «дамцы» па сцежцы ў светла-зялёным ячмені. Бліжэй, бліжэй — ужо амаль дарослая, трынаццаці няма, а што паненачка. Доўгія светлыя валасы адганяе ветрам назад, белая блузка і блакітна-стракатая спаднічка, якія сама перад паездкай адпрасавала. Загарэлыя каленькі аголена разганяюць калоссе. Хацеў па-блазенску спалохаць яе з-пад свайго шатра, але не вытрываў і выйшаў загадзя. Дзяўчынка спешылася, і яны пайшлі побач. І ніякай патрэбы не аказалася, каб дакараць.

Потым бабуля, скупая на «сентыментальнасці», сказала тое самае. Яна ж і пабыла ў вёсцы са сваёю, па-іхняму — даўняй, сяброўкай, і ў чарніцы схадзілі, цэлы во слоік пазычаны ў сумцы пазычанай прывезла. «Сіротка наша харошая».

Праўда, гэтага ніводнае з іх, старых, не сказала.


*


Відаць, у сувязі з прыгожай маладзечанскай зямлёй, якою я з акна машыны і выходзячы сям-там любаваўся пазаўчора, зноў вось успомніў, жыва і люба, як у канцы жніўня шэсцьдзесят чацвёртага года адправіў сваіх з-пад Нарачы ў Мінск машынай, а сам панёс васьмігадовага сына на самалёце. Падарунак яму і сабе. Які румяны, які. захоплены ён быў ад шчасця нейкай сто — дзвесцеметровай вышыні, як многа бачыў — зверху і навокал!..


*


Старэйшая ўнучка, што ўжо амаль зусім выходзіць з усякага маленства, пайшла прайсціся з унучкай маленькай, якая яшчэ ўсё ў казачным шчасці пачатку.

Вяртаюцца з ляснога берага ракі. У маленькай на чырвонай вязанай шапачцы светла-шэрым маладзіком панасаджаны маладзенькія шышкі лопуху, прыліпалкі. Сустрэўшы дзеда, абедзве ўнучкі смяюцца, шчаслівыя кожная па-свойму. Адна сваёй паблажлівай дванаццацігадовай даросласцю, а другая — сваім шчабятліва салодкім маленствам.