— Грунвальд, халера ясна!..

І «меч» Сяргееў быў узняты так, як у руцэ вялікага князя Вітаўта на вядомай карціне Матэйка

Пасля ўсёй гэтай радасці прыходзіў прадбачаны, але заўсёды як нечаканы канец. Тыя пяць найдужэйшых, што неслі ўсіх, раптам, пад каманду аднаго з іх, пускалі рукі з плячэй, і ўвесь жывы, рухомы, крыклівы трохкутнік рушыўся, ападаў, распаўзаўся ў яшчэ большым віску ды рогаце. Калі ты і ўдарыўся — не прызнаешся, а то і сказаў бы, каб хто спытаўся, што — далібог жa! — ані не баліць.

Найгорш было нашаму мечаносцу. Ён ляцеў з самага верху, падаў ці на кагосьці, ці гарбузом па цвёрды пад травою дол. А ўсё ж і «меча» свайго не кідаў і, разам з усімі, штосьці крычаў ды смяяўся, выбіраючыся з кучкі-невялічкі.

Для мяне Сяргей быў першым жывым гарбуном. Літаратурных, вычытаных неўзабаве прыйшло ажно тры: Вадзім у Лермантава, Нэлі ў Амічысавым «Сэрцы» і Юзя ў Прусавых «Грахах маленства». Рускі, італьянец і паляк. Вадзім, «Чырвоная шапка», пачварны жабрак і крывавы мсцівец, пра якога я чытаў найраней, дома, у старым, патрапаным аднатомніку, успрымаўся даволі адчужана, гістарычна. Зрэшты, для мяне ён быў вельмі дарослы, і ўсё там дарослае, а Нэлі і Юзя — героі школьных аповесцей, мае равеснікі, зразумелыя, блізкія нашаму брату-падшыванцу.

Нядаўна я, сабраўшыся, нарэшце, разлічыцца з яшчэ адным неспакойным успамінам, перачытаў абедзве тыя аповесці, праверыў сваё дзіцячае захапленне. Яно ў асноўным паўтарылася, а да таго, колішняга захаплення і падсвядомай удзячнасці аўтарам дадалося яшчэ і дарослае: павага да двух высакародных сыноў сваіх народаў і свайго часу — гарыбальдзійца Эдмонда дэ Амічыса і паўстанца 1863 года Баляслава Пруса. Амаль аднагодкі, яны і ў рэвалюцыю, кожны ў сваю, пайшлі аднолькава зялёнымі юнакамі, і кнігі свае напісалі амаль у адзін час, у тым мужным узросце, пра які гаворыцца: сорак — ужо разумны і яшчэ малады. І супадзенні гэтыя ўспрымаюцца не проста як штосьці цікавае,— чысціня маладых парываў спалучылася з мудрасцю сталага ўзросту і ў выніку — дзве кнігі, што ўжо тым часам цэлае стагоддзе хвалююць і вучаць дабру дзяцей многіх народаў.

Тады, калі я быў часткай «слана», і пазней, над старонкамі названых кніг, такіх разваг ды вывадаў у мяне не было. Адтуль, з тых дзён, і дагэтуль шчыміць у душы два святых адчуванні — спагада пакрыўджанаму і жаданне быць яго абаронцам.

Мужны Гаронэ абараніў пакрыўджанага Нэлі, гарбуна, калеку, а Нэлева маці, прыгожая італьянская сіньёра, прыйшла ў школу і ў кабінеце дырэктара абняла таго чатырнаццацігадовага абаронцу, са слязьмі цалавала яго нагала астрыжаную галаву, зняла з шыі свой крыжык на залатым ланцужку і павесіла яго хлопцу пад школьны гальштук.

У небагатага і вечна п'янага бацькі польскага калекі Юзя падарунак яго школьнаму абаронцы Казіку быў іншы: куфэрак з кнігамі, уся спадчына пасля мілага гарбуна, які памёр, прыдушаны возам на вуліцы.

Аднак і ў італьянскім, і ў польскім выпадках гэта да слёз хвалявала яшчэ і мяне, заходнебеларускага хлапчука, аднаго з тых, да каго гэты высокі агульналюдскі змест дайшоў... няхай сабе і не на роднай мове.

Сяргей жаласці ў сэрцы не выклікаў. Нават тады, калі ён падаў сваім горбам са «слана» і, не трэснуўшы, як трэснуў бы, там упаўшы, вялікі гарбуз, усхопліваўся з крыкам і разам з усімі смяяўся, зноў узняўшы свой «меч».

У школах тады, пасля амаль сямі гадоў так званай «мікалаеўскай» і грамадзянскай войнаў, пасля некалькіх «пераваротаў» — зменаў улады, шмат было пераросткаў. Сяргей, хоць і вучыўся толькі ў пятым, старэйшы быў за мяне на тры гады. А ў шостым ды ў сёмым: класах, побач з меншымі, былі ўжо і сапраўдныя дзецюкі ды дзеўкі. Сяргей трымаўся са старэйшымі. З хлопцамі шаптаўся, хіхікаў з нечага, пра што не гаворыцца ўголас, курыў на школьным гарышчы, а дзяўчат, ужо добра грудастых, услед за іншымі гуляючы ў кавалера, абдымаў па-свойму — вышэй каленяў, дакуль даставаў.

Аднак ён і з намі, меншымі, умеў падзяцініцца.

Ён вельмі ўдала гаўкаў, мяўкаў, кукарэкаў, буркаваў голубам, шчабятаў ластаўкай. З Паўлам, маім аднакласнікам, якога за кволасць празывалі Кісяе Маляко, Сяргей часамі наладжваў, так сказаць, лялечны, спектакль. Звязаўшы з кіёчкаў дзве крыжавіны, яны надзявалі на іх свае курткі і шапкі і, схаваўшыся пад тыя пудзілы, трымаючы іх над сабой, пачыналі паказваць бойку. Спачатку наскокі, адскокі, зачэпны перабрэх, першыя куксаны, а тады — узаемная малацьба рукавамі, да поўнай знямогі, калі ўжо іх «двайнікі» павісалі адзін на адным і толькі хэкалі, пад смех і крык гледачоў, наадварот нястомны.

І з «мечам» справа не абмяжоўвалася адным «сланом». Напрадвесні, калі кашэчае марцаванне не абмінала і гарышча нашай школы, Сяргей затойваўся там у цямнейшым кутку і пачынаў клікаць, на ўсе лады выводзячы то кошчына, то катова тамленне. Ці ўдалося яму калі прывабіць марцавальніка ці марцавальніцу бліжэй, пад удар свайго «меча» не памятаю, а наша — унізе, на дварэ — нясцерпнае хіхіканне і, нарэшце, смех, што выбухаў, зрываючы аперацыю, і сёння для мяне жывы.

Былі і іншыя «выхілкі», былі і вясковыя жарты і прыпеўкі, амаль заўсёды скаромныя. Праўда, разлічаныя ўжо не на нас, малечу, намі, здалёк ці зблізку, пачутыя ў гурце старэйшых.

Сярод пераросткаў найцікавейшы быў Сашка-Кі, якога празывалі так за пацешнае заіканне ў маленстве. Заіканне даўно прайшло, мянушка засталася, але далёка не кожны мог асмеліцца сказаць яе хоць здалёк, уцякаючы. Тады, у той першы слановы сезон, Сашка-Кі быў вучнем апошняга, сёмага класа, умеў выдатна бегаць на руках, да самых пят пранозліва свістаў і ў пальцы, і ротам, зусім непераймальна падцяўшы губу ды прыткнуўшы язык, камандаваў «сланом», валейболам, лаптой, хадзіў найбольш з Валяй з іхняга класа, казалі, і вечарамі з ёю сядзеў, аднак і вучыўся таксама добра, нават выдатна. І хораша спяваў у нашым школьным хоры. А гадоў яму было ўжо ажно пятнаццаць, і гэта для мяне, чатырохкласніка, аднаго з тых, хто ў школу пайшоў нармальна, сямігадовым, было недасягальным, выклікала пашану і зайздрасць, а то часамі і страх.