Як i яшчэ пра адну высакародную постаць — латыша Яна Райніса, якому беларусы таксама маюць за што дзякаваць.

«Зорка» нашага тэлебачання, здаровы мужчыніска, пастрыжаны «пад гаршчок», расказваючы пра свінакомплекс, для большай вобразнасці адхіляецца ў лірыку: «Тут во такое мноства гэтых рохкаючых істот...»


* * *

Пайшоў у наш надрэчны гаёк з балоцістым ровам высекчы заказаныя жонкай кіёчкі i спыніўся там адразу, i смяяцца захацелася, узняўшы вочы на яшчэ рэдкую лістоту вершняку, смяяцца радасна ад двубоя, калі сказаць па Караткевічу, двух салаўёў, так блізка i так захоплена, у смелай ці азартнай блізкасці да чалавека. Нават у амаль паўдзённым сонцы.


* * *

«На добрым харчы выраўнялася». Такое — i пра кабыліцу, i пра дзеўку, то гаспадарскім, то мужчынскім вокам гледзячы.

Само ўсплыло такое акрэсленне ва ўдзячнай памяці, з набытку ў народзе.


* * *

Колькі нагаворана з іхняга i з нашага боку пра неабходнасць аб'яднання, але ж ні слова — ні ў друку, ні па тэлевізары ці па радыё — пра foe, што апаганьваецца, ліквідуецца мова нашага народа, найгоршым, найзлачыннейшым, як дагэтуль, чынам. Такое жахлівае «між іншым»!


* * *

Пад вечар, трохі паварушыўшыся на гаспадарцы, вольна прысеў за сталом пад ліпай, у сонейку, якое яшчэ так не хутка сядзе. Летняя ласка, што сёлета так апазнілася.

Падумалася пра сяброў, якіх перажыў. Можа, таму, што перад гэтым, круцячы ваду з калодзежа, залюбаваўся белымі аблокамі над цёмнай зелянінай ялін i святлейшай бяроз. Міша любіў такое маляваць, а Валодзя i маляваць, i здымаць. Падумалася, паўтараю, як у апраўданне самому сабе, што я перажыў ix, i брата, i нашага з ім сябра, як i некаторых іншых блізкіх людзей, можа, i дзеля таго, каб сказаць пра тых, што адышлі, справядліва добрае слова...

Наіўна гэта — такое дзеля?..


* * *

Прынёсшы з пасёлка малако, дапоўніўшы з калонкі бочкі на паліўку, падумаў, што вось i паднімуся цяпер на сваё гарышча, да старога, заслужанага пісьмовага стала, да акна, расчыненага ў сонечназялёна-галасістую толькі ад птушак раніцу, i буду, як молячыся, дачытваць Міхасёвы вершы.

Аднатомнік — трошкі за трыццаць аркушаў прозы, паэзіі, крытычнай эсэістыкі. Гасцюючы ў мяне, наш польскі друг Флёрыян Няўважны ўбачыў у кніжнай шафе салідны том выбранага Лукаша Калюгі i сказаў адно толькі «О!». Тут я адчуў сябе каўказцам i падаў яму гэты том. Далей стаяў другі аднатомнік, i па таўшчыні, i па кодеры вокладкі вельмі падобны. Міхась Стральцоў. Мой Флёрак толькі зірнуў на мяне, а я на гэты раз сказаў «О!» i аддаў яму i Міхася. Потым, вядома, было шкада, як ні справядліва гаворыцца, што іменна той падарунак блізкаму найбольш дарагі, якога шкада. Доўга i дарма стараўся я потым знайсці тыя аднатомнікі ў нашых кнігарнях. I толькі дзякуючы маладому сябру, паэту Міхасю Скоблу, які на той час стаяў бліжэй да кніжнай справы, абодвух любімых намі ўдалося дастаць i ў маю шафу Найлепшых.

Аднатомнік. Шэсцьсот старонак. I няма ў мяне гэтым разам сумнага адчування, як гэта мала для пяцідзесяці гадоў. Такая паўната душы праяўлена, ва ўсіх жанрах, здаецца, з роўнай сілай, так многа тут для расшыфроўкі ўдумліваму чытачу. Вось перайшоў я да «Чалавека з Малой Багацькаўкі», i няма адчування, што гэта зноў жа перачытванне, а ёсць, як новае i паэтычна мудрае, можа, i нароўні з мастацкай прозай ці з вершамі бачанне жыцця — на сусветны яго размах i агульналюдское паглыбленне.

...Тыя далёкія, на дальнім водшыбе, Чыжоўскія могілкі, дзе ён, Міхась, назаўсёды прылёг каля маленькага сына, адзінага сярод дачок. Хутка ўжо будзе i дзесяць гадоў, калі я маўчаў на яго пахаванні...

I цяпер, памаўчаўшы, можна зноў да яго i Максіма Гарэцкага.


* * *

Сёлета недзе чытаў, што ў Іркуцкай вобласці кожны дзесяты жыхар — беларус. Во як растрэслі нас па імперыі!

Калі прапануюць на дамейкаўскім «круглым стале» ў Карэлічах нешта сказаць пра земляка-юбіляра, можна будзе адштурхнуцца ад таго, што апошнім часам даволі часта паўтараецца: «Куды не трапяць беларусы?!», сказаць, як дзевятнаццатае стагоддзе i палякаў растрэсла па свеце — ад Якуціі да Чылі...


* * *

Добра, хораша, а потым такі чалавек чалавецтва — Растраповіч — кажа, што на Украіну ён са сваёю бандурай не паедзе: «Подожду, пока отдадут Черноморский флот».

Чым не «подбрюшие России» ў Салжаніцына,— пра рэспублікі Сярэдняй Азіі, суверэнныя краіны з многавекавой гісторыяй?..

Ах, вялікія людзі мастацтва,— i чаго вам у папітыку?!


* * *

Пры дарозе ад нашых лецішчаў у пасёлак, на шырозным дубовым пні, неяк жа i зарадзіўшыся, i ўкараніўшыся ў тугой трухлявасці за некалькі гадоў, можна сказаць, што i неўпрыцям для нас, людзей розных узростаў, вырасла на падлетніцу i далей весела расце зусім упэўнена прыгожая бярозка. Можа, нават надзвычай прыгожая, бо як на троне або ў вялізнай кадзі вазона, a іншыя стракаценькія красуні стаяць крыху воддаль чародкай, адна на адну падобныя, мілыя звычайна, а не выключна.


* * *

Прарок Ісаія:

«И оскудеют реки, и каналы Египетские обмелеют и высохнут; камыш и тростник завянут.

...И восплачут рыбаки, и возрыдают все бросающие уду в реку, и ставящие сети в воде впадут в уныние...»

I само па сабе гэта здорава i весела нагадала маіх рыбакоў: Калесніка, Янкоўскага, паэта i акцёра Пятра Ламана, блізкага земляка, брата Мішу калісьці i сына Андрэя цяпер...


* * *

Не так шукаю патрэбнага слова, як яно само ідзе да мяне з запасу напрацаванага за гады шукання i знаходжання, ідзе, як быццам хтосьці шчыра паслужлівы шэпча мне з-за патыліцы: трэба вось так. I я бяру яго, найбольш патрэбнае слова ў любай, неабходнай паслухмянасці.