Ясыр, ятаганы, галеры, гарэм (для паланянак — у лепшым выпадку) — гэта згадалася цяпер, а можа, i тады, калі я, за яе спалохана, абурыўся такім наіўным хамствам.


* * *

Сёння ў нашай чатырохмеснай палаце начуем толькі ўдвух. «Я из охраны КГБ». Так назваўся сусед, калі мы знаёміліся. Бездапаможна цыбаты, заядлы курэц, адна за адной у туалеце, хоць у самога «сасуды» ды глаўкома, i так, i так курэнне вельмі не рэкамендуецца. Неяк раней, таксама сам-насам, ён мне расказваў, як суправаджаў вайсковыя транспарты— яшчэ ў Карэю, калі там была вайна поўначы з поўднем, i трэба было пераапранацца ў іхнюю форму, потым у Венгрыю, «на усмирение контрреволюции», відаць, i ў Чэхаславакію, пра што ён на мае пытанне прамаўчаў А сёння, пасля доўгага маўчання ў цемры, седзячы на ложку са спушчанымі цыбамі, сусед раптам загаварыў пра тое, як гэта цяжка сядзець у адзіночцы... Мне адразу згадаўся Рафаіл Сяржант, заходнебеларускі падпольшчык з яго дзесяццю гадамі адзіночкі, а за ім яшчэ страшнейшае: сляпая i глухая «адзіночка» старэнькай Зоські Верас перад яе няспешным адыходам... А курэц мой перайшоў на іншае: як ён адзін толькі раз за трыццаць гадоў службы ў ахове суправаджаў чалавека, асуджанага, на смерць, i пацяшаў яго ў «варанку», што гэта яны едуць яшчэ раз да следчага. «А там дзверы ў тупы калідорчык, такая камера-тупік, у якую ўпускаюць, а там такое ўстройства — аўтаматы такія з усіх бакоў, што пасякуць чалавека адразу...»

«I з гэтага людзі ядуць свой хлеб»,— падумалася ледзь не ў дрыжыках ад жаху...


* * *

Акуратнасць бальнічнай «гаспадаркі» — добра засланы ложак, чыста ў тумбачцы. Згадалася «гаспадарка» лагерная, у палоне, што складалася ў мяне з адной брызентавай торбы ад «хобатнага» супрацьгаза, у якім пісьмы з дому, Евангелле, якім мяне блаславіла маці, блакнот, брытва з памазком i кавалачкам эрзац-мыла, ніткі з іголкай...

Згадалася ўсё гэта, калі чытаў у «Полымі» старонкі Танкавага дзённіка. У падмаскоўным цэкоўскім санаторыі Максімаў супалатнік здзіўляўся, як гэта выдатны беларускі паэт так акуратна засцілае свой ложак. А паэт адказаў, што навучылі гэтаму — на Лукішках...


* * *

Нервовая слязлівасць, да якое мяне давяла бальніца, дома, здаецца, ужо прайшла. А вось узяўся за ігру цымбаліста Янкеля ў «Пане Тадэвушы» i — адразу слёзы. Ды гэта ўжо ад захаплення, адзнака найвышэйшага, найчысцейшага настрою.

Успомніўся трыумф Аркадзя Астрамецкага ў Варшаве, у верасні 1955-га, на Дэкадзе нашай культуры ў ПНР, калі зала апладзіравала стоячы, а Танк усцешыў сяброў-палякаў ледзь не воклічам з месца:

— Ten by się ośmielił zagrać przy Jankielu!

Ha ўвазе маючы сказанае ў Міцкевіча крышку раней:

Było cymbalistów wielu,
Ale żaden z nich nie śmiał zagrać przy Jankielu.

Цяпер, ведаючы пра яўрэйскае, па маці, паходжанне вялікага паэта, ігра старога Янкеля ўспрымаецца яшчэ інакш.


* * *

I такое днямі падумалася: якая ж кніга будзе ў мяне як чытача апошняй — значнае штосьці або i так сабе?..

А чытаю значнае. У «Скарынічы» (выпуск 3) — «Навальніца» М. М. Улашчыка. Пасля пазначанага ў канцы: «На гэтым рукапіс абрываецца» выразна ўявіў старога, якім бачыў яго, здаецца, апошні раз, у Каралішчавічах. Магутнага чорным памерам паліто, то сур'ёзна, нават нібы панура маўклівага дзеда, то няспешна, талкова гаваркога, каля ганачка ў вераснёўскім прысмерку. Гэта быў верасень восемдзесят трэцяга, канец месяца, мяркуючы па тым, што мы прыехалі групай сяброў ушанаваць мілую Ніну Мацяш з 40-годдзем. Дачытаўшы яго незакончаную аповесць, я падумаў, што, можа, якраз ад гэтага рукапісу ён, наш паважаны Мікалай Мікалаевіч, i выйшаў на гоман перад ганкам, зрабіўшы перапынак у сваёй працавітай самоце? Стан такі ведаю з павагай.

«Скарыніча» мне прывезлі ад Каўкі з Масквы, а з канца чэрвеня да палавіны лістапада ў Скарынаўскім цэнгры ляжала, чакаючы мяне, другая кніга, таксама ад Аляксея Канстанцінавіча: «Русь — Літва — Беларусь». Дзякуючы яму пісьмом, я пісаў, як гэта ў нашым шалёным часе хораша — шчыра-прыязная гутарка разумна дарослых дзяцей розных народаў, тут — рускага, украінскага, польскага, якім ёсць што сказаць пра вялікага сына Беларусі. Упершыню так кажу пра яго, шматпакутнага, непераможна працавітага, па-народнаму мудрага, таленавітага чалавека, з якім i мне пашчасціла сустрэцца ў жыцці, у абодвух пад канец яго. Належна разумець значэнне гэтага чалавека прыходзіцца ўжо наўздагон.

Падобнае адчулася праз некалькі дзён у падоранай Зінаю Мажэйка кнізе «Белорусская этномузыкология», чытаючы пра Генадзя Цітовіча. Побач стаяў у кнізе аргыкул пра Шырму, аднак падумалася, што пра Рыгора Раманавіча я ведаю дастаткова, i пачаў з Генадзя Іванавіча, каб заглянуць i на другі бок медаля ў таго, хто бываў такім весела-«брахлівым» на нашых сяброўскіх сустрэчах. Побач былі таксама велічныя вобразы яго папярэднікаў — Янчука, Федароўскага, Кольберга, Машынскага, у якасці дастойных сведак i яго, Генадзевай, значнасці.


* * *

Дачытаў «Дочь» Аляксандры Львоўны Талстой. Не толькі магутная, але i паслядоўная на сваім жанчына. I ўспомнілася, як у пяцьдзесят другім годзе хтосьці з наведвальнікаў Яснай Паляны спытаўся ў экскурсаводи пра гэтую дачку Льва Мікалаевіча i атрымаў адказ, што «это имя не упоминается здесь по просьбе родных великого писателя...». Хоць ты скажы, што па просьбе i яго самога,— як ілгаць, дык ілгаць!..

Усё ж такі, як цвёрда трэба было верыць у сваё i як далека наперад бачыць, каб сёння можна было i друкаваць такое ў Pacii, i не здзіўляцца гэтаму, як першаадкрыццю. Веры тут больш, чым бачання.


* * *

Юхан Смуул i Георг Отс не прызнаюцца маладой Эстоніяй, бо «пры Саветах яны былі ў заслугах». Шкада ix, крыўдна за ix не толькі як эстонцаў, патрыётаў, але i як мастакоў, што так нямала зрабілі для ўсіх людзей.

Успамінаецца, з якой прыемнасцю чытаў я ў вёсцы Смуулаву «Лядовую кнігу», a ў дарозе на Далёкі Усход ягоныя вершы, як я заўсёды любіў слухаць мужнага душою Отса.

Маладая Беларусь таксама нямала мудрагеліла, а пра эстонцаў можна было думаць, што яны разумнейшыя.


* * *

Тры паэты з трох розных пакаленняў. Імёнаў ix не назаву, думаючы пра кроўную крыўду ў адказ. А ва ўсіх ix аднолькавая ўпэўненасць, што слова з рыфмай, вузкім слупочкам само па сабе ўжо мае незвычайную сілу i значнасць, якія забяспечаць яму... прынамсі, даўгалецце, а то i вечнасць. Булава ў нашых ранцах муляе да самага канца. Старэйшага за мяне i маладзейшага прачытаў можна сказаць, па даўнім знаёмстве, a зусім маладога — з думкай: а можа, я i памыляюся наконт яго несапраўднасці. Ды вось ад усіх трох вялікіх газетных падборак дыханула амаль аднолькавай нудой, i як быццам упершыню падумалася, як бязлітасна бяздумна многа ў нас такой, умоўна кажучы, паэзіі, як невядома, куды з ёю падзецца!..

Зусім недалёчка пытанне: а з прозай што, лепш? Якое там! Калі ў «паэзіі» загоны ды загончыкі, дык у «прозе» — абшары, панскія ці калгасныя. I двукоссе таксама, i нуда адпаведна разлеглая.

А яшчэ ж i бескантрольнасць пад выглядам свабоды слова, i адсутнасць свабоднага адбору, аб'ектыўнай рэдактуры. Асабліва ў выданнях «за свой кошт», з зусім ужо апушчанымі лейцамі...


* * *

Міша быў у Наваградку, гімназістам, Колі недамагалася ці проста так было ім з мамай вырашана, што на начлег з коньмі магу паехаць i я, сямікласнік. Не памятаю, з кім з суседніх хлопцаў ці мужчын паехаў,— у памяці сядзіць i зноў вось, чытаючы Кіркора ў «Живописной России», ажыло тое, як ноч нечакана задажджылася i ў кішэньцы майго пінжака да роскісу намоклі тонкія папяроскі «Wanda», найтаннейшыя з тых, што меліся ў нашай краме. Маё курэнне, дзеля даросласці i маладзецтва, так i не адбылося. Відаць, першы гэта быў i апошні раз, бо курыць я i не пачаў, i не прывык — да дзён акупацыі, калі i я падцаўся такой усенароднасці, каб назусім пакінуць курыць ажно ў лютым пяцьдзесят сёмага.