ПОЧЫРК


Памятаю юначае чытанне, па-польску, «Станцыі Баранавічы», з цудоўнай канцоўкай — пажаданнем гэтай станцыі згарэць. Чытаў я тыя «Чыгуначныя апавяданні» i пасля, што відаць i па карандашных паметках на палях (збор твораў Шолам-Алейхема выходзіў на пераломе пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў), аднак ён i перачытваецца з жывой цікавасцю, як новае. Ён не спяшаецца, i ў гэтым яго свабода, дзякуючы якой ён многа бачыць, чуе, думае, адчувае, дабрадушна, глыбока ў душы смяецца, а нам стварае добры настрой, вясёлую добразычлівасць абуджае i легка падтрымлівае.

Чытаючы яго, жыва ўявіліся сябрукі школьнага маленства. На гэты раз — Бэрка Рэзнік. Танклявы, чорны, вуграваты, быстры i вясёлы. Ён прыйшоў у наш шосты клас тады, калі ў Турцы будаваўся паравы млын, саўладальнікам якога быў Бэркаў бацька: сям'я ix аднекуль пераехала. Помніцца, а можа, так уяўляецца,— што я застаў яго за сваёй партай, што ён энергічна ўстаў і, падаўшы руку, назваўся. Як мы набліжаліся да сяброўства — не помніцца, як засынанне, скажам, не памятаеш.

Найвыразней прыгадаўся цяпер Бэркаў почырк — быстры, прыгожы. Спачатку я ім з зайздрасцю любаваўся, а потым, асабліва ў сёмым класе, i карыстаўся ім, так сказаць, літаратурна, па-выдавецку.

Бэрка перапісваў мне мае польскія вершы, што бачылася не толькі, не проста прыгажэйшым, у параўнанні з маім почыркам,— тут ужо было штосьці ад ix распаўсюджання, самага першага, хвалюючага, з прадчуваннем шчаслівай перспектывы...

Можна падумаць, i я так падумаў цяпер, пішучы гэта, што ёсць тут таксама штосьці ад старэчага бэрсання светлых успамінаў, аднак намацваецца i іншае — малечая радасць прадчування, якая ўсё-такі была i праяўлялася не толькі так.

Бэрка перапісваў мае не абавязкова за нейкую паслугу, што, зрэшты, таксама бывала: я вучыўся лепш, лягчэй, i ў пэўнай меры дапамагаў яму, але ён слухаўся i так сабе, перапісваў — абавязкова ў новым сшытку! — хутка i акуратна, а да таго яшчэ i без усякай прэтэнзіі на «сааўтарства». Што праявіў аднойчы яшчэ адзін перапісчык.

Гэта быў Вова Ядлінскі, пераведзены ў наш сёмы з Мірскай школы, адкуль ён быў ледзь не выключаны за паводзіны, якія i ў нашай школе ў яго не надта палепшыліся, хоць i была над ім строгая апека аднаго з настаўнікаў, што сябраваў з Вовавым бацькам, настаўнікам у Міры. Ды я тут толькі пра почырк новага аднакласніка, таксама вельмі прыгожы.

Сказаць, што мы сябравалі з Ядлінскім, нельга, аднак да перапісвання маіх вершаў дайшло, што i прывяло нас да разрыву.

I там, дзе я перапісваў свае опусы сам i дзе яны былі перапісаны Бэркам, кожны верш быў знізу падмацаваны імем i прозвішчам аўтара. Калі ж Вова аддаў мне яшчэ адзін новы сшытак з перапісанымі ім вершамі, почырк ягоны, можа, нават прыгажэйшы за Бэркаў, мяне зусім не ўзрадаваў. Пад кожным вершам замест Jan Bryl стаяла Włodzimierz Jedliński... Пакуль мы не счапіліся па-сапраўднаму, ён аніяк не згаджаўся ўцяміць, што вершы — мае, што ён ix толькі перапісаў!..

У Бэркі ніякіх падобных прэтэнзіяў не было. Наогул не памятаю нічога дрэннага за гады нашага сябравання. Калі не лічыць расправы з катом.

Побач з вялізным, як тады бачылася, гмахам млына, зробленага з бетонных пустакоў, стаяла «завозніцкая», драўляная прасторная хата, на гарышчы якое было галубінае царства. I вось аднойчы Бэрка павёў нас, мяне i Мішу, майго пляменніка i аднагодка, заядлага галубятніка i жулікаватага спрытнюка, туды, на сваё гарышча. Не толькі каб пахваліцца i галубамі, i пшаніцай, чаго ім хапала,— яму трэба было дапамагчы расправіцца з паповым катом, які панадзіўся на галубяціну, Тут ужо мы ўзяліся за справу пад Мішынай камандай. Не памятаю, за якім разам ды як нам удалося злавіць таго ката,— помніцца тое, як мы начапілі яму рашчэп, кастровае палена, надколатае так, каб, выбіўшы клінок, хвост кашэчы можна было заціснуць у той расколіне надзейна. Кавэнчыць кот пачаў i пры гэтай аперацыі, i пакуль мы зносілі яго на край зааранага агарода, a калі пусцілі — ён папёр да сваіх старых пападзянак, брэнкаючы паленам па мёрзлай, яшчэ не пакрытай снегам раллі, глуха i адчайна вякаючы. А мы — пераможна смяяліся...

Ды гэта ж ішло не толькі ад Бэркі, гэта мы рабілі разам, так, як па даўняй завядзёнцы трэба было распраўляцца ca шкоднымі катамі, i калі разуменне суровасці нашага прысуду i выклікала ў душы няёмкае, шчымлівае сумненне, дык гэта ўжо ў кожнага з нас па сабе, у адзіноце, тады або пазней, як у каго...

Пасля заканчэння школы мы бачыліся вельмі рэдка, бо неўзабаве ён пераехаў у Мір, дзе «пры першых саветах», у 1939-1941 гадах, працаваў пісарам у судзе. Міша — ужо не пляменнік мой, а брат — дзеля цікавасці зайшоў неяк у той народны суд, на «смешную» справу: прысуджалі аліменты нашаму скрыпачу, глухаватаму, вусатаму Калініку. Бэрка заўважыў Мішу ад свайго сакратарскага стала, прывітальна ўзняў руку, а тады яшчэ спрытна i весела паказаў, нібы нямко, як падкручваецца вус, як іграецца на скрыпцы i як прыйдзецца — шматзначнае пстрыканне шчопцямі — плаціць за раман на пятым дзесятку беднага халасцяцтва.

Вось i ўсё. Не памятаю, калі i чуў што тады, вярнуўшыся з палону, пра далейшы Бэркаў лес. Ці ён прапаў у вайну, ці яшчэ жахлівей загінуў ад гітлераўскага пагрому...

Цяпер, чытаючы Шолам-Алейхема, вясёлы, быстры Бэрка прыгадаўся перш за ўсё з тым перапісваннем.

Хоць i не толькі...


ЗДАЛЁК


Аўтапартрэт — не абавязкова любаванне сам сабою. Прынамсі, мастакоў ніхто ў гэтым не папракае.

A ўсё ж бачыць самога сябе ў маленстве, здалёк,— гэта ўжо i пэўнае любаванне. I не толькі сабой ва ўсеагульнай абаяльнасці маленства: прыемна згадваюцца i свавольствы. «Эхе, брудэр! — як гаварыў старэнькі генерал у «Капітанскай дачцэ».— Так он еще помнит стары наши проказ?» Помніць i маралі ніякай выводзіць не хоча.