I зусім яны не на сметніку нейкім вянчаліся, а на дварэ сінагогі, пад балдахінам на чатырох высокіх ножках. Так незвычайна, цікава было ўсё гэтае вянчанне, i незразумельш голасам рыжабародага рабіна ў чорным капелюшы, з гуртам вясельнікаў ва ўсім святочным на снезе, што мы, малыя, застаяліся да дрыготак. З Загора я быў у той дзень адзін, бо Толік трэці дзень хварэў, а наш Міхась сядзеў на сваёй другой змене.

Пасля чатырох кіламетраў, да якіх я яшчэ не вельмі прывык, i ад хады не надта сагрэўшыся, дома я, распрануўшыся ў цёплай хаце, доўга не мог супакоіцца. Рукі так зайшлі з пары, што я, ушчэнт пераможаны, расплакаўся за сталом.

Маці мяне то ўшчувала, бо я з парога яшчэ расказаў, чаму спазніўся, то пацяшала, гаворачы: «Еш, сынок, няманіц!..» Так у нас гаварылася, на нейкі дзіўна польскі лад, што азначала нічога, пройдзе.

А на стале перада мною, для аднаго мяне, стаяла поўная міска гарачай, духмянай пасолі з картопляй i мясам!..

Тады i было канчаткова вырашана ўладзіць нас з брагам на кватэру да местачковых сваякоў, пра што гаворка ўжо была.


ГІМНАСТЫКА


Яшчэ раз пра нашу гару на гасцінцы, за вёскай. Вёска ніжнім канцом адыходзіла ад гасцінца, а чым далей угару, то ўсё ішла да яго бліжэй. Адтуль, з застрыні таго кліна, уніз, па загараддзі бегла сцежка, на якой хадзілі найбольш на могілкі. Цяпер усё тут забудавана i замест сцежкі вуліца. А тады каля сцежкі быў толькі нізкі зрубік крыніцы. Нават i там, так высока — крыніца? Нас, малых, такое не здзіўляла, як не здзіўляе нічога, што ёсць, бо ёсць яно, i ўсё. Сцежка жыла вясной, улетку, увосень, a зімой яе не пратоптвалі, бо i на могілкі хадзілася па вёсцы. ТольKi тая сцяжынка, што збоку, ад крыніцы ў бліжэйшыя двары, была i зімою хаджалая. А замест большай сцежкі, з вострага кліна далека ўніз, на ніжэйшыя загуменні ды загароддзі, снежная неруш — вечар такі надыходзіў — праразаліся палазамі саней. Тых вялікіх, што называюцца ляснымі.

Сані гэтыя, адняўшы аглоблі, пастронкам усцягвалі на гару дарослыя дзецюкі. На сані ix валілася, i наўздоўж, i наўпоперак, колькі ўлезе i яшчэ трохі больш. Разагнаўшыся на працавітых, слізкіх палазах, сані ад цяжару яшчэ мацней шыбавалі з гары ў даліну, каб там недзе збочыць без рулявога ў сумёт або з маху перавярнуцца пад які адкос. Вясёлая гурба з крыкам ды рогатам валілася ў снег. Уставалі, асцепваліся, а то i не, біліся ў снежкі або закурвалі, а тады зноў цягнулі свае лясныя на гару. Каб зноў — ці поцемку, калі ў адлігу, ці ў пагодлівую ноч пад зоркамі, а лепш пры месяцы адчуць асалоду лёту.

Нам, падшыванцам, не ўдавалася пачапіцца на тыя сані, нас адкідалі, бо месца i так не хапала. Зрэшты, у нас было сваё — ці «козачкі», якія, калі возяць драўніну, падстаўляюцца пад доўгі хвост дзеравякі, то адмысловыя самаробныя санкі, то лыжы, таксама сваёй работы.

Я рос нароўні ca сваім пляменнікам, Віліціным Мішам, старэйшым за мяне на паўгода. Разам пасвілі, хадзілі ў школу, кавалерылі, нават у польскае войска нас узялі ў адзін дзень i ў адну часць, разам i ваявалі, i ў палоне былі, i партызанілі пасля ўцёкаў. Усё ў свой час. А на сваім чатырнаццатым годзе мы зблізіліся найбольш. Праўда, найбліжэйшым у мяне быў Міша, брат, але тады ён вучыўся ў наваградскай гімназіі, i вось мы сталі на той час бліжэй, чым было ў нас раней, з другім Мішам, які мяне дзядзькам, вядома, калі i называў, дык толькі жартуючы. Не перашкаджала нам i тое, што, крыху больш, чым я, распусны ды гультаяваты, Міша яшчэ ў Загорскай школе адстаў ад мяне на клас.

Нешта зімой, ён шасці-, я сямікласнік, мы раптам — бывае ж яно i так — вырашылі як след падцягнуцца з вучобай. Школа — школай, а будзем i дома падвучвацца. Распрацавалі план заняткаў, амаль па ўсіх прадметах, апроч «закону божага», але абавязкова з урокам гімнастыкі, у канцы i кожны дзень.

Спачатку энтузіязму, а потым настойлівасці хапіла дзён на некалькі. Потым мы спакваля пачалі ашукваць самі сябе. Гімнастыка з канца заняткаў стала пераносіцца на пачатак, першы раз толькі на спробу, потым з угаворам, што «на гадзінку, не больш», i нарэшце яна, наша гімнастыка, не толькі выбралася наперад, але i выцесніла ўсё іншае.

Бо ўся яна была проста паходам з лыжамі на могілкі.

Яны ў нас за гасцінцам, на схіле той самай гары. Адтуль на поўдзень — зверху, у разлогую даліну, аж да маёнтачка пана Лісіцкага, распасціраўся бязмежны, некрануты снег. Сюды ніхто не прыходзіў ні з санямі, ні з санкамі, ні з лыжамі. I таму трохі, што могліцы, дзе прыцемкам сцішнавата, асабліва падшпаркам. А мы не баяліся, i нас гэта прыўздымала ў сваіх вачах. Дый на той наш «вучэбны» час лепш было заставацца адным.

Зрэшты, якая там патрэбна матэматыка, фізіка, шпрэхен зі дойч, калі так здорава ляціцца ўніз, потым ідзецца, потна i радасна, зноў угару i адтуль... Дацямна ці да зорак i месяца, пры якіх — яшчэ i яшчэ раз, да шчаслівай, бясконца шчаслівай стомы!..