Аб тым, што гэты лес «чужы», — «зладзеі» гэтыя зусім не думаюць. Ды вось яшчэ і дзядзька той казаў, што лес не чужы, а іхні, нават нейкі народны… Косцік думае толькі аб тым, што трэба асцерагац-ца, бо, як зловяць, — наб'юць. А Шурка нат і гэтага не думае. Ён ужо не баіцца снегу. Ён тралюе ўслед за Косцікам, разнімаючы рукамі галінкі і лапы. Снег сыплецца, ды ўжо не гэтак пячэ, а ручкі, бадай, і зусім не мерзнуць.

— Я не баюся, Косцік, — кажа ён аб снезе, а Косцік адказвае яму тонам сапраўднага ляснога злодзея:

— Чаго ж баяцца? Абы з лесу — і па ўсім. Што ты мяне злавіў, ці што?

А пад нагамі бадзёра паскрыпвае снег.

1938–1943, 1956

«ВЕТЭРЫНАР»

Нашу Сіўку нешта трывожыла. Прыдзеш у хлеў пасьля ночы, дык пад нагамі ў яе кола вытаптана, як ля малатарні, а сама яна пасусьлена ўся, пад пахамі мокра і грыва паплецена ў коскі, ды гэтак хораша, быццам знарок.

Прабавалі ўсялякай рады. Усіх шаптух абхадзілі. Адна шаптуха параіла ўзяць чырвонай бульбы зь белымі вочкамі, якая завецца вар'яткай, нацерці яе на тарку і мазаць Сіўку нанач. Другая параіла, каб апоўначы верхам на Сіўцы аб'ехаць тры разы навакол могільніка. Але нішто не дапамагло.

Узлаваўся наш тата.

— Ну іх, — кажа, — з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы зьвёў. Паеду заўтра па вэтэрынара, што ён скажа, паглядзім.

— Што ён табе паможа, вэтэрынар гэты! — засупярэчыла мама, ды тата сказаў ёй, што «не твая гэта справа», і паехаў. Чакалі мы, чакалі. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. А ўжо толькі ўвечары лах-лах калёсы: узьязджае наш тата на двор. Уваходзіць у хату, а на руках у яго маленькі сівенькі козьлік.

— Вось вам і «вэтэрынар» — кажа тата. Разьвязаў казлу ножкі і пусьціў яго на падлогу. У козьліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка.

— Дык гэта ты — «вэтэрынар»? — скубануў я яго за бародку. А ён таўхель мяне рогам, і мы ўсе ў рогат: і тата, і мама, і я.

— Сіўку трывожыць ласіца, — кажа тата, — мне вэтэрынар сказаў. Казыча кабылу, каб яна бегала, спацела, а тады пот яе смокча. Ласіца вельмі казінага паху баіцца, адразу ня пойдзе. А шаптухі нямаведама што раілі. Туманяць вочы, дый толькі.

— Ну, будзем бачыць, — сказала мама тату, — што ты із сваім казлом вымудруеш.

А козьлік, мусіць, ня ведаючы, што аб ім ідзе гутарка, скок на лаву, скок на стол, на ложак, а з ложка на печ. Стаў на коміне ды «ме-е-е-е»! Першы раз, такім тонкім, дрыжачым голасам.

Ах ты, свавольнік!

* * *

Памясьцілі козьліка зь Сіўкай разам.

З таго часу ласіца перастала Сіўку і ганяць, і косы заплятаць у грыве. Толькі козьлік пасьля ночы стаіць ці ляжыць змучаны, сам ня свой, ды толькі тоненька, дробненька: «Ме-е-е!»…

— О бедны мой «вэтэрынар»! — жартую я, ды яму не да сьмеху. Пасьля-ж і яго пакінула ласіца, зусім адчапілася. Спаць прымасьціўся ён у Сіўчыным катуху, на сене. Сіўка спачатку пырхала на яго і туліла вушы, а потым прызвычаілася ці можа таксама ўцяміла, што ён яе «вэтэрынар».

Паілі козьліка малаком з бутэлькі, цераз соску. Угледзіць толькі — эх, бяжыць! Укленчыць і смокча, узяўшы соску на язык, толькі хвосьцікам падрыгвае. Вельмі-ж я любіў падражніцца зь ім гэтай бутэлькай з малаком. Як ён бегае за мной і мекае і тоўхаецца рожкамі ў калені!..

Падрос козьлік і вельмі-ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады і ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Ганяе яго цётка Марта і лаецца: «А каб цябе так ды гэтак!».

А дома ў нас панадзіўся ў каморку, па крупы. Так сабе клямку рогам — раз, дзьверы таўхель, ськіне вечка з кубельца і чаў-чаў-чаў — есьць, толькі бародкай трасе. А то хлеб знойдзе, усе боханы паабгрызае. Проста рады няма. «А каб цябе воўк заеў!» — лаецца мама. А ён забяжыць за вугол ды толькі бародку сваю высуне, цікуе. Век-жа ня будзеш стаяць, пойдзеш, а ён тады зноў — дэб, дэб — ідзе назад.

А хітры, хітры!

Зьбяруцца каля нас мужчыны на вуліцы, гутараць, кураць. А ён — тыц у тое кола із сваёй барадой, стаіць і слухае таксама. Я да яго з надворку ці з вакна:

— Эй ты, «вэтэрынар»!

А ён адвернецца — «ме-е-е!» — і слухае далей.

— Дайце вы яму, дзядзькі, закурыць! — крычу я, а мужчыны сьмяюцца. Нехта зачэпіць яго, ды ён толькі рогам штурхне і зноў слухае.

Ах ты, барадаты!

* * *

Тата паехаў да цёткі Марыі і прывёз назад нашага Жука.

Наша цётка — удава, жыве на водшыбе й вельмі-ж баіцца зладзеяў. Прыстала да таты ўвосень, і ён даў ёй Жука на ўсю зіму.

Вярнуўшыся дахаты, Жук доўга ня мог супакоіцца, прызвычаіцца зноў. Ляжыць навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым — «воў, воў, воў» — пачынае выць ад сумных думак.

Козьлік зь ім спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе ці лазіць па дварэ, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык і ня вылязе ніяк. Прыйдзе да Жукавай будкі, брэнькае, брэнькае па ёй рагамі, разбудзіць Жука, узлуе. Той толькі з будкі — «ррр!». Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаньнем, што Жук аднойчы ня стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Упяўся мой «вэтэрынар», аж вочы выпуліў, ды дзікім голасам — «Ме-е-е!»

— Ой, барада барада! — крычу я, бягучы ад хаты. Вызваліў яго ад Жука, а ён мне за гэта рогам ды пад бок. А пасьля разагнаўся, каб стукнуць, ды я сьхіліўся ўбок.

Біцца як навучыўся нягоднік! Мама несла ваду на каромысьле, а ён гэта ззаду падкраўся ды зьнячэўку як стукне ёй пад калені — ажно прысела і ваду разьліла. Каралі мы яго за гэта, а ўсяроўна не адвык.

Пасьля-ж яны з Жукам здружыліся так, што аж дзіва. Падыйдзе козьлік да будкі — брэн, брэн рагамі, а Жук спачатку толькі — «гррр!». А потым-такі раскатурхаецца, вылязе з будкі, панюхаюцца на прывітаньне і пайшлі гайсаць вакол двара! Палётаюць, нацешацца і да сенцаў. Стаяць абодва каля дзьвярэй, чакаюць, каб ім чаго далі. «Вэтэрынар» дык той проста прэцца ў хату ці ў кухню сам, а Жук толькі хвастом павільвае кажнаму, хто ні выйдзе. Гэты хоць трохі сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбіцца і ў будку; прынясеш есьці — твая ласка, а не — дык і так будзе спаць. А козьлік — ого!