— Што гэта, дзеці? — усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком. — Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!

I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.

— Сабачка! Мама, сабачка! — закрычалі Міхась i Волька. — Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, i лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы… Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!

— Яшчэ чаго не было, — аказалася маці.— Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, i гэтага звяду! Не бачыла смуроду!

— От ты сціхні,— адказаў ёй бацька. — Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!

Ён распрануўся i сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені i спытала, пазіраючы ў вочы:

— А што мы яму, тата, есці будзем даваць?

— От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? — адказаў тата i пагладзіў Вольку па галоўцы.

— Пэўна, — аказалася ад печы мама. — Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! — паставіла яна на стол капусту.

Але бацька ўстаў i пайшоў да паліцы, на якой стаял! збанкі з малаком, завешаныя зрэбнай полачкай.

— Хаця ж поўнага не пачынай, каб цябе ліха заела! Дай я сама!

А першы з краю збанок якраз быў поўны. Хацеў бацька ўзяць яго, на злосць бабінай звязе, але падумаў i ўзяў пачаты. Міхась падставіў кошчын чарапок, тата наліў малака, узяў цюціка за каршэнь i ткнуў мызачкай у малако. I малыш пачаў прагна хлябтаць.

Міхась i Волька падскаквалі ад радасці i смяяліся на ўсю хату. Тата паджургваў сваю пасаломленую чупрыну i таксама емяяўся.

А той, за каго пасварыліся — галодны цюцік з рабенькімі лапкамі,— хлябтаў, разгірачыўшыся, i толькі пачмыхваў, павільваў тоўстым хвосцікам i ўвачавідкі таўсцеў.

3

Маму звал i цётка Алена.

I вось гэтую зіму нешта дрэнна куры нясліся ў цёткі Алены. Адна марока. Выпусціць яна ix з падпечка, хопіць адну-другую за крыллі, памацае ды лаецца:

— А каб вас каршун падзёр! Адно павыядаліся, як копы!

Шэраму пеўню пападала па пер'і, i, адскочыўшыся, ён нездаволена кудкудыкаў, не ведаючы, чаго яна хоча — дурная баба…

— Агрызайся яшчэ, ціпун табе на язык, жарабец ты!

На «шчадра» цётка Алена накарміла ix куццёй у вялікім абручы з кадушкі, i неўзабаве Драпясценькая выйшла з падпечка, скочыла на лаву i на ўсю хату раскудахкала, што яна зняслася. Мама паслала Міхася пад печ з газоўкай.

— Ёсць! — крыкнуў Міхась. — У гэтым куточку яйцо, a ў гэтым яшчэ адна сядзіць, жоўтая!

Ад крыку яго закалыхаўся агеньчык газоўкі i цёмныя цені, а курыца спалохана паклявала галавой i кудахнула.

— Ну, вылазь, а то спудзіш яе! — гукнула маці пад печ, i Міхась вылез на хату.

— Мне зварыш, мама, мне! — затупала Волька.

A Міхасю проста хацелася самому кудахкаць ад радасці. Ён падсунуў яечка цюціку пад нос. Шчанюк панюхаў яго, завіляў хвосцікам i аблізаўся.

— Яшчэ чаго не было! — крыкнула мама. — Навучы, бацькаў сынок! Дай сюды яйцо! А ты вон, здыхата!

Мама адшпурнула цюціка нагой. Шчанюк заплакаў i лёг у сваім кутку.

Плакаць яго навучыла цётка Алена. Так з самага рання i лічы, што як дзядзькі дома няма, дык i паплачаш. I каб сказаў было за што! Хоць бы надоечы. Знайшоў ён у каморы пад скрыняй палавіну каравай халявы ад старога валёнка i панёс яго дзе-небудзь лепш перахаваць. А цётка стрэла яго ў сенях i дала прачуханца махрамі. А тут, як наліха, з кожным днём усё цікавей рабілася пашукаць што-небудзь, знайсці ды занесці ў лепшае месца. I заўсёды амаль спаткаешся з гаспадыняй i яе пякучымі махрамі…

Цётка нібы знарок шукала прычыны, каб звесці цюціка. I такі знайшла.

Аднойчы яна выпусціла курэй з падпечка, а сама пайшла недзе з бязменам, прычыніўшы дзверы. Малых не было дома: Міхась пайшоў у школу, а Волька да свае сяброўкі Тоні. А сам дзядзька паехаў у млын. Цюцік убег у кухню пагрэцца, а пасля — нюх, нюх, нюх, — пад печ. А там тры яечкі, такія самыя, як Міхась панюхаць даваў — цёпленькія, гладзенькія. Цюцік узяў адно асцярожненька ў зубы, панёс.

— О, гэта дык але! — стрэла яго ў сенях цётка. Схапіла цюціка за хвост, развязала другой рукою фартух i давай яго сцябаць, прыгаворваючы: «А я табе! А я табе!» A цюцік крычаў на ўвесь свет. Цётка вынесла яго на двор i шпурнула цераз плот на мерзлую раллю.

Снегу было няшмат, i цюцік выбіў лапку. Заенчыў, заплакаў. Пасядзеў, палізаў больку, хацеў ісці, але толькі ступіць — заенчыць зноў. I ён пачыкіляў: тры з палавінай, тры з палавінай… Плот быў новы i зусім шчыльны. Як ні намагаўся цюцік ушыцца на свой двор — не было нават малое дзірачкі. Тры з палавінай, тры з палавінай… «Ы-хы-хы! Ы-хы-хы!..» Пасля плот кончыўся, а навокал усё снег ды снег, а па снезе паскрэбвае сярдзіты вецер.

Чыкіляў, чыкіляў цюцік i апынуўся пад нейкім гумном. З дзядзькавага хутара, сам таго не ведаючы, ён прычыкіляў у вёску. Пачынала шарэць. Цюцік кульгаў па вуліцы i пахныкваў. Падышоў да нейкіх варот, цікнуў спаднізу i палез на падворак. Пуста навокал, i сені зачынены. У наступных дзвярах у куточку была дзірка, для ката. Цюцік панюхаў i палез. Цёмна. Нюх, нюх, нюх… Адна толькі шорсткая кастрыца. А потым раптам — шшух! — i паляцеў кудысьці старчма. Стукнуўся аб нешта цвёрдае, вострае, перакуліўся i ўпаў на сырое каменне. Пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў, як той бедны Якаў, i ўсё яму пан бог аднакаў. Тады ён змоўк i прыслухаўся: ціхенька, цёмна, толькі пахне квашанай капустай i сырою бульбай. У кутку шарганулася нешта па дошках, а пасля запішчалі, зацяўкалі пацукі.

«Ну, — падумаў цюцік, — прападу я тут за нішчымны квас…»

4

У Габрусёвых у хаце была толькі бабка Хвядося. Шарую гадзіну спраўляла сабе ды паглядала ў вокны, што гэтак позна, a хатніх — няма ды няма. Яны пайшлі да малатарні да Якіма — i Сцяпан, i Настуля, i Рыгорка.

— А-а, што ж гэта так забавіліся? Скаціне не давана. Хм, пайсці хоць бульбы ўнесці.

Бабуля апранула кажушак, узяла кошык i патэпала ў пагрэбнік. Падышла да жарала, кінула туды кошык i ну ступаць на лесвічку.

— А-я-яй! — заенчыла нешта адтуль.

— Пан Бог з намі — што ж гэта? — Уздрыгнулася бабуля ды ходу. — Хай яго ліха, што ж гэта? — Пастаяла, падумала. — Пайду хіба газоўку вазьму.

Але старая i з газоўкай пабаялася. Стала зноў чакаць хатніх. Прыйшлі яны, i бабуля ім расказала.

— Хадзем! — сказаў Рыгорка.

Яны пайшлі. Хлопец палез у яму.

— А мо не лезь, унучак, хай яго…

Шаркнула запалка, i ў жарале засвяцілася.

— Сабачка, баба, сабачка! А мой жа ты!

З ямы пачулася пахныкванне.

Цюціка дасталі i панеслі ў хату. А там ужо мама агонь запаліла.

— Бедненькі, цюцька, галодненькі,— шкадавала яна.

— Хай яго! Толькі напалохалася, — смяялася бабуля. — Дальмала: што за звер?..

— От, бедавалі па Лыску. От i сабака будзе. Бачыш, які ладны, — казаў тата, папыхваючы люлькай.

Налілі цюціку капусты.

— Бачыш, бачыш, аж чарапок падскоквае! — смяяўся тата.

— Нейкая ж зараза ножку перабіла, — гаварыў Рыгорка, прыглядаючыся.

Тата адкашляўся i плюнуў.

— Мала хіба дурняў на свеце, — сказаў ён i зноў зацягнуўся дымам.

— От дзе — буху, буху, як у бочку, a ўсё смокча махнушу гэтую, — сказала мама.

А бабуля Хвядося:

— Што ж ты, — кажа, — другі б'еш скацінку: скацінка ж немая, мілыя, яна не скажа…

A цюцік толькі аблізваўся ды павільваў тоўстым хвосцікам.

Рыгорка занёс яго ў хлеў, пагладзіў i палажыў ля Гнедчынага катуха, а сам пастаяў i пайшоў.

Цюцік пачаў прыслухоўвацца, нюхаць. Пад ім навокал пахла конскім гноем i аржаной саломай, а над галавой хрупала сена кабыла. Пачуўшы сабачы дух, яна панюхала i, не датыкаючыся да цюціка цёплымі, валасатымі губамі, з агідай пырхнула. Цюціку здалося, што i яна ўжо ведае пра ягоную крыўду i шкадуе яго. Ён пахныкаў ёй трохі, а потым змоўк. Гнедка хрупала мерна, павольна, час ад часу спыняючыся, каб насцеражыцца, паслухаць…

Ах, як добра цюціку, як смачна ў жываце, які ён пузаценькі, цёплы i мляўкі!

Цюцік скурчыўся i шчасліва заснуў.

МАРЫЛЯ

У багатага дзядзькі Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка Марыля.

Звялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча, «зямля ненаежная». А сынок — яшчэ горшы. Воза сена не мог накласці, няўдаліца, і ўсё злаваўся. А хто ж заўсёды першы пад рукой, як не жонка? І ёй даводзілася часта. Як толькі пажаніліся, дык і набіць яе не мог, пакуль не навучыўся. Свякроў была вельмі ж драпежная ў працы. Калісь нават дзяцей на полі ці ў градах раджала. Цяпер хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. На кірмаш сядзе ехаць і то, здаецца, бегла б на возе, каб хутчэй справіцца. На добры лад, ёй ужо зусім не след было працаваць, а яна такі ўсюды трапляла. Усю малацьбу цапамі пераб'е разам з маладымі. Тады ўжо, бачыце, насмела можна пілаваць: «Я вось і то, а вы-то, што ж?» Жміндзіла — хай бог крые…

Марыля — сірата з далёкай вёскі. І ліха ж яе падагнала выйсці за гэтага Івана! Жыла яна дома пры тату і браце. Пасля тата памёр і адпісаў ёй ажно паўтары дзесяціны, бо яна была з ганьбай: на правай руцэ тры крайнія пальцы наўскасяк аджавала трыбай малатарні. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса. Марыля абкручвала яе хусцінкай, спачатку ад болю, а потым ад сораму. Сваты пачалі абмінаць яе, і маладосць завяла без пары. Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока: па вачах — што пасумнелі, праўда, пасля прыгоды — немагчыма было пазнаць, колькі слёз праліваюць яны ў адзіноце. Думала ўжо дзеўкай векаваць, і з думкай гэтай крыху лягчэй было датуль, пакуль у хаце спачувалі. Пасля ж прыйшлося рознае пачуць ад брата і ад братавай — што і казаць… Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у татавай хаце і ўсё больш ды больш стала думаць аб замужжы, — хоць які, абы свой куток.