«Што ж гэта? — падумаў ён. — Спалохаўся, ці што?» — і пайшоў у хату.

— Мамачкі мае, а-а-ах, родненькія-я-а… — стагнала Марыля.

Не гледзячы туды, стары прайшоў і сеў над хамутом.

— А ты, таўкачына, чаго? — закрычала старая, убягаючы з кухні з чыгуном вады ў закасаных руках.

Стары вінавата згорбіўся і замітусіўся: за хамут ды ходу з хаты… Але і ў адрынцы ён не мог узяцца за работу. Слухаў. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. «Відаць, па ўсім?» — падумаў стары. І раптам чуе: дрэп, дрэп, дрэп ад сяней — ідзе яго Катрына.

— Ну, пакінь хамут, Сцяпан: трэба трунку зрабіць, — сказала яна, увайшоўшы ў адрыну. — Божа мой, Божа!.. І што ж гэта робіцца? — і раптам — а-ха-ха-а! — заплакала наўзрыд.

У нагах непрытомнай нявесткі ляжала нежывое дзіця. Стары зірнуў на яго і моўчкі пасунуўся і хаты. Узяў з каморкі сякеру, пілу, жменю цвікоў і пайшоў у адрыну. Рукі ў яго неяк дзіўна дрыжалі. Прысеў на калодцы і закурыў люльку. Супакоіўшыся трохі, узлез наверх і пачаў са стукам перакідаць дошкі, шукаючы патрэбнага кавалка. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, скінуў яе наніз, паскроб трохі гэблікам, парэзаў і збіў трунку.

На той час вярнуўся з млына Іван. Ён увайшоў у хату, нічога не ведаючы.

— Падла ты, абармот крывалапы! — сустрэла яго маці. — Ці раз ужо я казала табе!.. Дарвешся — як да скаціны, каб цябе на скулы збіла, каб цябе! Цяпер вось маеш! Шморгай носам, каб цябе пятля зашмаргнула!..

Гэтым разам Іван змаўчаў і панура пакльшаў з хаты.

Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю, адарвала лапіну, угарнула ў яе нямыты трупік дзіцяці і палажыла яго ў трунку. Няўмела стукаючы малатком і загінаючы старыя, павыпростваныя цвікі, сама забіла века і, паклікаўшы з сяней Івана, загадала яму несці за ёй трунку.

Марыля заварушылася, павярнула галаву і паглядзела.

— Ах, ма-мач-кі-і… Мама, сынок?..

— Нежывое, дзеткі, нежывое… Ніхто гэтаму не прычына. Вось панясём, пахаваем…

Марыля працягнула рукі, хацела абаперціся і ўстаць, але не здужала. Рыўком толькі падняла проставалосую галаву, апала назад на каптан і, заплюшчыўшы вочы, заплакала.

Старая ўзяла ў сенях рыдлёўку і патрухала на загуменне. Следам за ёй ішоў Іван, несучы пад пахай трунку.

…Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі: капаць другую, ужо большую магілу…

* * *

— Маўчы ты мне лепш са сваім «па-харошаму!». Ён яе са свету звёў, а ты… Удушыць яго мала за гэта! Я з яго скуру палосамі драў бы, а ты!.. — крычаў Марылін брат Мікіта.

Яго пухкія маладыя губы дрыжалі са злосці пад рыжаватымі, запушчанымі вусамі. З-пад шапкі лезла калматая, нястрыжаная чупрына, а вочы блішчалі, як з падпечка. З рота нясло гарэлкай, і, гаворачы, ён пырскаў слінай на свайго швагра, Сымона, які сядзеў побач з ім. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сымона, вачыма, сядзела ў перадку. Яны вярталіся з хаўтураў па Марылі. Вярталіся без пары, бо п'яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Яны ехалі ўжо чацвёрты кіламетр ад Пагор'я, а Мікіта яшчэ ўсё трапятаўся. Толькі ўспомніць мёртвы Марылін твар і грукат жвіру па дошках труны — зноў хацелася біць насатую морду дурнога Івана, забойцы ягонай сястры…

— Эх, Мікіта, — гаварыў Сымон, — ты, бачыш, і на мяне ўжо злуеш. Тут, брат, ні бой, ні слёзы не памогуць. Ну што, наклеілі б нам, колькі б улезла, і ўсё… А трэба па-харошаму. Марылі не паднімеш, а пасаг трэба вярнуць. І поле, і карову. Дзяцей няма — чорту лысаму даруеш? Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. І ты не драмі ў шапку, а ў суд, па-харошаму, о! Тут яшчэ справа заблыталася, што поле змянілі, ды гэта таксама нічога.

— Гэта-то гэта, — згадзілася Стэпка, — а то запырскаецца, і ўсяго. Я і сама казала…

— Што ты казала? Я і сам ведаю, лепш за вас! Яна ў мяне не сястра, а сястрычка была, а ён!..

— Унь, машына, трымай! — перапыніла яго Стэпка. — Трымай хоць ты, Сымон!

З-за гары, бліснуўшы шклом на сонцы, якое ўжо заходзіла, з ровам выпаўз аўтобус.

— Я і сам сваю кабылу ўдзяржу! — крычаў Мікіта. — Ніякіх мне чарцей не трэба, сам гадаваў. Машка, глядзі!

А Машка ўжо заказырылася. Гэта была гнядая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць мужыцкую долю.

— Трымай, каб цябе за грудзі ўзяло, каб цябе! — крычала Стэпка, але Мікіту відаць былі толькі яе разяўлены рот і рукі, якія з адчаем учапіліся за цапкі драбінаў. Вясёлы шафёр пачаў трубіць.

— Каб табе хрыпела ў горле, каб табе! — зноў крычала Стэпка.

Машку вось-вось пасадзіў бы на хвост, ды левая ляйчына, — вядома ж, уся на вузлах, — лопнула, і Машка паляцела цераз равок направа, у жыта. Воз сцялежыўся. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Забыўшыся пра страх, Машка прагна хапала сівыя каласы красуючага жыта.

— П'яніца ты, абібок! Лейцаў людскіх няма! — барахталася з-пад воза Стэпка.

— Дай мне, дай здыхату! — схапіўся Мікіта да Машкі. Ён хвастаў яе кулакамі па храпе, а кабыла курчылася ў хамут і адварочвала галаву, зубамі і губамі трымаючы зашчэмленыя каласы з сіва-зялёнай маладой саломай.

— Мала, мала яшчэ?..

Ад удару па косці храпы зайшлася болем Мікітава рука, а з Машчыных зубоў і губы пайшла кроў.

— Мала, мала яшчэ?..

Думаў, усю сваю крыўду выб'е. Пасля заплакаў, адышоўся. А яна толькі крутнула галавой ды зноў за каласы.

— Ну, і хіба ж ты гаспадар? Хіба ж гэтак трэба па-харошаму? Эх ты!.. — казаў Сымон, звязваючы ляйчыну.

Мікіта маўчаў. Бяссільная злосць вылілася на Машку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая і дурная.

— Памажы! — загадаў Сымон, беручыся складаць сцялежаны воз. Мікіта вінавата памог яму, а пасля папрасіў:

— Я лягу, Сымон, а ты за мяне пакіруй…

…Сонца зайшло, і пачалося змярканне — ціхае, свежае, з расой і камарамі. Машка, ужо зусім забыўшыся пра крыўду, рупліва тупала па пяску, тоўхаючыся ўперад галубінай хадой. Брат гаварыў сястры аб тым, як ім трэба адсудзіць Марылін пасаг, — гаварыў спакойна, «па-харошаму». Сястра падтаквала яму. А мужык яе — бедны, аброслы Мікіта — ляжаў ніцма і не чуў: спачатку ён уздрыгваў ад глыбокага, недзе з-пад самага сэрца плачу, а потым заснуў і хроп.

«Вазьмуся, нябось, за яго!» — раз-пораз думала Стэпка.

* * *

— А справа, брат, вельмі простая, — казаў старому Жуку пан Чыжэўскі, — табе, значыцца, гэтак: бабе і сыну ўдзяўбі, што нябожчыца нявестка сама захацела свой пасаг прадаць, бо зямля была вам не з рукі. Вы хацелі тыя самыя паўтары дзесяціны ля дому купіць, а яна была гуляка: абы схадзіць хораша, з'есці, выпіць, цукерак, скажам, пасмактаць. Грошы, як вада, сюды-туды і перамыкала без толку…

— Неяк, бачыце, пане Чыжэўскі…

— Што тут «пане Чыжэўскі»… Сведкі — галоўнае. Ты, брат, сам павінен ведаць, не малы: не падмазаўшы, не паедзеш!..

— Я ведаю, я толькі да таго, ці ўдасца?

— Чаму ж раптам «не ўдасца»? Прысяга будзе, праўда, але хто ж яе сёння баіцца? Ну што, падумай, сведкі знойдуцца.

Гаварылі яны ў местачковай карчме, зашчапіўшыся ў баковачцы. На століку была бутэлька і закуска. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг і, як з усякай важнай справай, прыйшоў з павесткай да Чыжэўскага. Гэта быў местачковы кулак, які нажыў на гандлі свіннямі тоўстую кішэню і яшчэ таўсцейшую морду. З кожным днём ён рабіўся ўсё больш ды больш падобным да свайго тавару і выглядам і натурай. Усякая подласць, пачаўшы ад недаважвання і недалічвання і канчаючы хоць бы на сённяшняй справе, рабілася ім спрытна і з ахвотай, абы толькі было выгадна. Жук штогод прадаваў два-тры ўкормленыя парсюкі, і паміж ім і свінабоем Чыжэўскім даўно завязалася нейкая прыязь. Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яе…