Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Герцаг меў вельмі задаволены выгляд. Усё, што было на срэбных талерках, ён з’еў, і калі да яго прыйшоў галоўны кухар, якраз выціраў бараду.

– Паслухай, майстра-кухар, – сказаў ён, – я і раней быў заўсёды вельмі задаволены тваімі кухарамі, але скажы мне, хто сёння гатаваў мне сняданак? Такога вытанчанага смаку яшчэ не было з таго часу, як я сяджу на троне маіх бацькоў; скажы мне, як зваць таго кухара, каб мы паслалі яму ў падарунак некалькі дукатаў.

– Васпане! Гэта дзіўная гісторыя, – адказаў галоўны кухар і расказаў, як да яго сёння раніцай прывялі карліка, які абавязкова хацеў стаць кухарам, і як гэта ўсё атрымалася. Герцаг здзівіўся неймаверна, загадаў паклікаць карліка і распытаў яго, хто ён такі і адкуль з’явіўся. Праўда, у беднага Якаба не хапіла сілы сказаць, што ён зачараваны і раней служыў у вобразе вавёркі. Але ён і не зманіў, расказаўшы, што ён цяпер застаўся без бацькі і маці, а гатаваць навучыўся ў адной старой. Герцаг больш не распытваў, а падзівіўся з незвычайнага выгляду свайго новага кухара.

– Калі ты захочаш застацца ў мяне, – сказаў ён, – я дам табе пяцьдзесят дукатаў у год, святочнае адзенне і да таго ж дзве пары штаноў. Але за гэта ты павінен кожны дзень сам гатаваць мне сняданак, даваць указанні, як варыць абед, і ўвогуле прыняць маю кухню. У маім палацы кожны атрымлівае сваё імя ад мяне. Дык ты будзеш звацца Носам і мець званне малодшага кухара.

Карлік Нос упаў на зямлю перад магутным герцагам, цалаваў яму ногі і паабяцаў верна служыць яму.

Вось так малы на першы час быў забяспечаны, і ён не зганьбіў сваёй пасады. Бо варта сказаць, што пакуль карлік Нос быў у доме герцага, той стаў зусім іншым чалавекам. Раней ён меў звычку кідаць талеркі ці падносы, якія падносілі да стала, кухарам на галаву; так-так, нават самому старшаму кухару ён шпурнуў у злосці запечаную цялячую галёнку, якая аказалася недастаткова мяккай, у лоб, ды так моцна, што той упаў і тры дні мусіў ляжаць у ложку. Праўда, герцаг выпраўляў зробленае ў злосці некалькімі жменямі дукатаў, але ніводзін кухар без дрыжыкаў і страху не заходзіў да яго са стравамі. З таго часу, як у доме з’явіўся карлік, усё, здавалася, чароўна перамянілася. Уладар цяпер еў не тры разы ў дзень, а пяць, каб атрымаць сапраўдную асалоду ад умельства свайго самага маленькага служкі, і ні разу не пакрывіўся ад незадавальнення. Не, ён лічыў усё новым, трапным, быў ветлівы і прыемны і дзень пры дні тлусцеў.

Часта, сілкуючыся, ён клікаў майстра-кухара і карліка Носа, усаджваў аднаго справа, другога злева ад сябе і сваімі пальцамі запіхваў ім найсмачнейшыя кавалкі ў рот – прыхільнасць, якую яны абодва ўмелі высока цаніць.

Карлік быў цудам горада. Людзі напрамілы бог выпрошвалі ў галоўнага кухара дазволу паназіраць, як гатуе карлік, і той-сёй з самых знатных людзей нават дамогся ў герцага таго, каб іх слугі маглі атрымаць у карліка кулінарныя ўрокі, што каштавала немалых грошай – кожны плаціў за дзень палову дуката. І каб не сапсаваць настрой іншых кухараў і не выклікаць зайздрасці да сябе, Нос аддаваў ім грошы, выплачаныя панамі за навучанне іх кухараў.

І жыў-пажываў Нос амаль два гады, заможны і ў пашане, але думка пра бацькоў засмучала яго. Так ён жыў без асаблівых здарэнняў, пакуль не здарыўся наступны выпадак.

Карлік Нос, робячы пакупкі, быў спрытны і ўдачлівы. Таму ён сам хадзіў, наколькі яму дазваляў час, на рынак, каб купіць птушку і садавіну. Аднойчы раніцай ён пайшоў на гусіны рынак і пачаў выбіраць цяжкіх тлустых гусак, якіх любіў уладар. Ён ужо некалькі разоў прайшоў туды-сюды, прыглядаючыся. Яго выгляд больш не выклікаў смеху і кпінаў, а ўнушаў пачцівасць. Бо яго пазнавалі як славутага герцагскага прыдворнага кухара, і любая гандлярка гусямі адчувала сябе шчаслівай, калі ён паварочваў да яе свой нос.

І тут ён заўважыў, што ў канцы гандлёвага раду ў кутку сядзіць жанчына, якая таксама прапануе гусак, але не хваліць, як іншыя, свой тавар і не зазывае пакупнікоў. Ён падышоў да яе, памерыў вокам і ўзважыў яе гусак. Гэта было тое, што трэба, і ён купіў тры гусі разам з клеткай, падняў іх на свае шырокія плечы і накіраваўся назад у палац. Тут яму здалося дзіўным, што толькі дзве з трох гагаталі і крычалі, як гэта робяць усе гусі, а трэцяя паводзіла сябе зусім ціха і, унураная ў сябе, уздыхала і стагнала, як чалавек.

– Яна хворая, – сказаў ён сам сабе, – трэба паспяшацца, каб паспець яе засекчы і прыгатаваць.

Але гусь адказала выразна і гучна:

Не сячы мяне, прашу,
Бо смяротна я ўкушу.
Шыю не звярні, не рэж,
Бо тады і сам памрэш.

Вельмі напужаўшыся, карлік Нос паставіў клетку на зямлю, а гуска паглядзела на яго прыгожымі разумнымі вачыма і ўздыхнула.

– Вось табе й маеш!” усклікнуў Нос. – Вы ўмееце размаўляць, паненка гуска? Пра гэта я і падумаць не мог. Ну, не бойцеся. Навучаны жыццём не будзе прыносіць шкоды такой рэдкай птушцы. Але іду на заклад, вы не ад нараджэння апранутая ў пер’е. Я і сам калісьці быў затурканай вавёркай.

– Твая праўда, – адказала гуска, – я не нарадзілася ў гэтай вартай жалю абалонцы. Ах, ля маёй калыскі мне не праспявалі, што Мімі, дачка вялікага Ветэрбока, будзе забітая на кухні герцага.

– Супакойцеся ж, любая паненка Мімі, – суцяшаў яе карлік. – Пакуль я сумленны хлопец і малодшы кухар яго светласці, ніхто не дакранецца да вашай шыі. Я адвяду вам у сваім пакоі закутак, вы будзеце мець дастаткова корму, а свой вольны час я прысвячу, каб забаўляць вас, а астатнім кухонным работнікам скажу, што адкормліваю гуску ўсялякімі адмысловымі травамі для герцага, і як толькі выпадзе магчымасць, я выпушчу вас на волю.

А
А
Настройки
Сохранить
Читать книгу онлайн Карлік Нос - автор Вильгельм Гауф или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в году, в жанре Сказки народов мира. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.