Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Рэктар гаварыў пра філалагічны факультэт у родным горадзе Магдаліны, варта толькі даздаць пару прадметаў, каб туды перавесціся… Зірнуў на твар сваёй студэнткі і змоўк. Цень чалавечага пачуцця мільгануў за акулярамі ў металічнай аправе. Рэктар чамусьці расчыніў акно — кабінет адразу напоўніўся гулам машын і вясёлымі галасамі, рукой паклікаў да сябе Магдаліну. Загаварыў ціха, так што яго голас амаль губляўся ў вулічным шуме.

— Не трэба так адчайвацца. Павер, дзяўчынка, тваё жыццё на гэтым не канчаецца. З другімі бывала горш.

— Але…

Рэктар жэстам спыніў рэплікі Магдаліны.

— Я правяраў тыя спісы, што вам давалі з ЖЭСа… Там нічога не ведалі… Разумееш, тут такі шэраг супадзенняў, у які цяжка паверыць. Але я бачыў усякае. Веру, што ты ўблыталася выпадкова. Ён… вораг савецкай улады. Калісьці ўваходзіў у партыю беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Так што з ягонай спадчынай… будзь асцярожная. Я раіў бы адмовіцца ад яе. Тым больш там нічога каштоўнага. Кнігі, паперы. Магдаліна прагаварыла:

— А калі я адмоўлюся… Мне можна будзе застацца ў інстытуце?

— Ну, баюся, нічога выправіць нельга… У любым іншым інстытуце абышлося б. А тут… Вядома, я б мог нічога не гаварыць, проста на сесіі ты б атрымала нездавальняючыя адзнакі. А нашто гэта табе, выдатніцы? А ад спадчыны адмоўся. У будучым будзе лягчэй. Цябе перастануць звязваць з гэтай небяспечнай асобай. Дзед што-небудзь абяцаў? Тлумачыў?

Востры пагляд з-пад акуляраў. Магдаліна моўчкі пакруціла галавой.

— Ну, ідзі… Падумай…

Крыўда працяла Магдаліну… Крыўда, якая знясільвае слабых. Магдаліна дасюль не ведала, слабая яна ці моцная. Самым лагічным было б для яе зараз узненавідзець старога, які ні за што сапсаваў яе жыццё… Напісаць заяву, адмовіцца ад спадчыны. Але… Нездарма Магдалініна маці ўздыхала, што ў дачкі бацькаў характар. Бацька загінуў тры гады таму з-за, як лічыла маці, сваёй упартасці. Ведаў жа, што лёд тонкі… І добра, каб чалавека палез ратаваць, а то нейкі дварняк, які і патрапіў у палонку, відаць, не без чалавечае дапамогі… А бацька і сабак не вельмі любіў… І вось цяпер Магдаліна таксама заўпарцілася. Усе максімалісцкія ідэалы патрабавалі ад яе — не здавацца. «Гэта дарога вельмі цяжкая. — Значыць, гэта мая дарога…» і ўсё такое падобнае. Сябра Марк быў бы уражаны. Выхаваў дзяўчыну на рыцарскіх прынцыпах з невялікай памылачкай: замест Чароўнай Дамы — рыцар у спадніцы…

Наступныя дні прайшлі як у тумане. Вакол Магдаліны ўтварылася нібыта кола пустэчы. Большасць аднакурснікаў пачуваліся, як блізкія пры безнадзейна хворым. Светка вінавата адводзіла позірк. Магдаліна зразумела, што распытвалі і яе. Магду не пазнавалі — уся напятая, з падцятымі вуснамі, яна нагадвала стралу, ускладзеную на тугую цеціву. І кожны стараўся сысці з ейнага шляху. Толькі Сашка Тарасаў, вечна п'яны Сашка з разбойніцкай фізіяноміяй стэпавага хана, аўтар аповесці пра тэатр ліліпутаў, дырэктарам якога насамрэч неяк пабыў — Сашкава біяграфія была надзвычай бурлівая, — перастрэў апальную аднакурсніцу на калідоры.

— Ты, дзеванька, плюнь на іх. Яны тут толькі мазгі прамываюць. А пісаць калі сама не навучышся, добры дзядзька не навучыць. Я ж таксама адсюль сыходжу. На фіг мне гэта… У іх Андрэй Платонаў двор мёў, пакуль яны лекцыі чыталі. Хочаш вінца? Не? Ну, трымай хвост пісталетам.

Былі хаджэнні па нейкіх кабінетах, зноў празрыстыя намёкі на тое, што раіў рэктар…

Урэшце — зноў кватэра нумар шэсць. Пакойчык за шчыльнымі дзвярыма. Стосы кніжак, перавязаныя шпагатам. Фотаздымкі ў каробках з-пад абутку. Ашчадная кніжка — дзвесце шэсцьдзесят рублёў зберажэнняў. І — клетка з крумкачом.

Мажны дзядзечка з партфелем — напэўна, з жыллёвай службы, — папярэдзіў Магдаліну, што ўсе рэчы належыць вывезці з дзяржаўнай кватэры ў бліжэйшыя пару дзён. І то для яе робяць палёгку з увагі на жыццёвую нявопытнасць. І Магда засталася адна.

Дзяўчына апусцілася на цвёрдую скураную канапу і нарэшце паспрабавала асэнсаваць усё, што з ёй адбылося. Аж галаву абхапіла і застагнала — ад немагчымасці ўсё вытлумачыць. Нават уласныя ўчынкі. Адчайны запал, які падтрымліваў Магдаліну гэтыя дні, згас. І яна засталася сам-насам з такой пустэчай вакол, якую раней адчуваць не даводзілася. Нашто стары ўлез у яе жыццё?! Навошта яна ўвязалася ў важданіну з непатрэбнымі паперамі і паламанай мэбляй? І яшчэ гэты крумкач…

Карл Карлавіч, нібыта адчуў ейны настрой, таксама захрыпеў-застагнаў, заварушыў крыламі… Магда схамянулася — ён жа, мабыць, галодны… І ў гэтай цеснай клетцы… Крумкач нязграбна ступіў на падлогу. Магда аддала яму палову булкі, наліла ў кубак свежай вады і зноў бяссіла апусцілася на канапу.

А
А
Настройки
Сохранить
Читать книгу онлайн Сэрца мармуровага анёла. Пярсцёнак апошняга імператара. Апавяданні - автор Людмила Ивановна Рублевская или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2003 году, в жанре Приключения, Социально-психологическая фантастика. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.