Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
— Што ж нам з табой рабіць, Карл Карлавіч?
Карл Карлавіч яшчэ раз стукнуў моцнай дзюбай з наліплымі хлебнымі акрушынкамі ў падлогу і таксама натапырыўся, скурчыўся, нібы чорны мніх ад смяротнага грэху. Вяртацца дадому… Напэўна, каб бацька быў жывы, зразумеў бы… А цяпер трэба нешта тлумачыць маці, Марку…
Магдаліна зноў застагнала, згадаўшы свайго жаніха. Марк Ялецкі, станоўчы, надзейны, іранічны Марк, проста не паверыць у выпадак. Абавязкова вырашыць, што яна, горкае несвядомае дзіця, утварыла чарговае глупства.
Марк прыкмеціў Магду, калі яна неяк зайшла ў ягоную рэдакцыю. Правіў ейныя літаратурныя спробы. Забяспечваў кнігамі. Вадзіў на «тусоўкі». І ў рэшце рэшт само па сабе вырашылася, што Магдаліна стане ягонай жонкай. Марк быў на дзесяць гадоў старэйшы, пяць год таму развёўся. Былая жонка, вядомая артыстка, дамаглася «волі творчага самавыяўлення». І Ялецкі абвясціў, што сам «выхавае» сабе нявесту, бездакорную дзяўчыну. Магда аказалася для гэтага ўдзячным «матэрыялам» і шчыра імкнулася адпавядаць ідэалам Марка, прымаючы яго беражлівае апякунства. Ад часу недарэчнай гібелі бацькі дзяўчына ўпершыню адчувала такую абароненасць.
Марк доўга абдумваў мару Магдаліны пра Літінстытут. Урэшце вырашыў, што нядрэнна «навесці лоск» на будучую жонку. Ажаніцца са сціплай бібліятэкаркай і ажаніцца са студэнткай прэстыжнага ВНУ — розніца… Ён пераканаў Магду больш не пасылаць на творчы конкурс вершы, а сабраць артыкулы і падацца на літаратурную крытыку. Творчыя магчымасці Магды Марк ацэньваў досыць рэалістычна, таму адразу сказаў, што года ў Маскве з яе будзе досыць. Да таго ж, уздыхаў ён з затоенай скрухай, гэта будзе ім выпрабаваннем. Яны абодва — вольныя творчыя людзі, і іх лучнасць мусіць быць добраахвотнай. У цноту нявесты ён верыць непахісна.
Небарака Марк сам не падазраваў, як глыбока зачапіла ягонае сэрца юная бібліятэкарка з зялёнымі вачыма, з характарам свавольным, як веснавая ручаіна…
У дзверы пакоя нясмела пастукалі. Крумкач узляцеў на шафу. Знаёмая па першым наведванні кватэры суседка працягнула Магдзе невялікі скрутак.
— Вось… Іван Канстанцінавіч незадоўга да смерці прасіў мяне схаваць, і калі што — перадаць вам. Асабіста ў рукі і без сведкаў.
Магда няўважна ўзяла пакунак. Але суседка не спяшалася сыходзіць. Абвяла позіркам пакой.
— Каго цяпер паселяць? Не дай Бог, якіх алкашоў… Прасілі ў начальства, каб каму з нас пакой адпісалі. Дык не, не выходзіць па плошчы. Бюракраты. Будуць падсяляць. З Іванам Канстанцінавічам добра было. Ціха. Часам які цвік забіць дапаможа. А куды ж вы гэтую мэблю падзенеце? Забераце? Магда паціснула плячыма.
— Навошта яна мне?
— Ну чаму, шафа вунь якая зручная… Змястоўная… У мяне б у пакоі якраз стала…
Магдаліна ўнутрана ўсміхнулася гэткай наіўнай хітрасці.
— Ну дык забірайце яе сабе… І канапу таксама. І ўвогуле… Я толькі кнігі і дакументы забяру. А астатняе — самі глядзіце…
Суседка ўзрадавалася, пачала нешта шчабятаць пра тое, як любіла нябожчыка і якім ён добрым чалавекам быў. Таму і памёр так хутка, не мучыўся. Лёг і не прачнуўся.
З шафы пачуўся хрыплы роспачны крык. Магдаліна ажно пачырванела ад сораму — як яна магла забыцца пра птушку? Можа, раздобраная суседка і Карла Карлавіча прытуліць? Але кабета грэбліва скрывілася ў бок крумкача:
— Цьху… Сіла нячыстая… напалохала… І вось жыве ж такая поскудзь, і чалавека перажыве!
І Магдаліна нічога не сказала ёй. І засталася ў чужым пакоі, з чужымі рэчамі і сам-насам са сваёй бядой…
Пераглядаць рэчы не было моцы. Ісці ў інтэрнат настолькі не хацелася, што Магда вырашыла заначаваць на гэтай чорнай цвёрдай канапе, у кампаніі крумкача. Скразняк варушыў на акне занавескі, і можна было ўявіць, што вось-вось з'явіцца прывід былога гаспадара.
Але пасля перажытага магчымае з'яўленне прывіда Магду не ўзрушвала.
Сімвал святога Марка-евангеліста — леў. Звычайна на іконах гэты леў зусім не страшны — кучаравы, залацісты, з закручанымі ў кольцы вусамі і вялікімі рахманымі вачыма.
Як баранчык.
Марк Ялецкі нічым не нагадваў залацістага кучаравага льва. Хіба што таксама быў дужы, шыракаплечы. Ды яшчэ ў разважаннях меў ільвіную ўчэпістасць. Жалезная логіка і энцыклапедычная эрудыцыя — так паўжартоўна рэкамендаваў сам сябе Марк. Нездарма атрымаў незвычайнае імя па жаданні дзівакаватага дзеда-прафесара. І журналістам Марк быў добрым. З уласцівымі сапраўднаму журналісту цікавасцю і скептыцызмам. Таму зараз Марк, які, як належала сапраўднаму рыцару, прыляцеў па першым жа званку зарумзанай Магды, сядзеў побач з ёю на падлозе пакоя кватэры нумар шэсць, перабіраў раскладзеныя лісты, фотаздымкі і кнігі. Ды касавурыўся час ад часу на крумкача, які зноў узляцеў на шафу і шаргатаў там, як патрывожаны дамавік.
— Так я і ведаў, што нельга цябе адпускаць… Цябе толькі лянівы не пакрыўдзіць. О, якое рэдкае выданне! — Марк узважваў на руцэ кнігу ў зялёнай вокладцы. — Я нават не ведаў, што такое ёсць — «Старый литовский статут 1529 года». Тут, у Маскве выдадзены… 1854 год. Ты сама хоць чула пра літоўскі статут, канстытуцыю Вялікага княства Літоўскага? Ведаеш, што яна напісаная на старабеларускай мове? Невук ты маленькі…
— І што, гэтая кніжка дарагая? — насцярожана спыталася Магда.
— Рублёў за пяцьдзесят і я набыў бы. Але б не прадалі.
— Дык мы павінны адшукаць сваякоў старога! — захвалявалася дзяўчына. — Гэта павінна належаць ім!
— Дурненькая! — азваўся Марк. — Стары быў рэпрэсіраваны, калі якія сваякі і ёсць — даўно ад яго адракліся.
— А што гэта за нацыянал-дэмакратычная партыя? Рэктар казаў, Іван Канстанцінавіч быў у ёй.
— Разумееш… — Марк абдумваў словы. — Тады шукалі ворагаў. Прыдумлялі розныя антысавецкія рухі, партыі. Каб было зразумела — за што арыштоўваюць, судзяць, расстрэльваюць. На Беларусі таксама знайшлі антысавецкую партыю — нацыянал-дэмакратычную. А ці была яна? Пастралялі і пассылалі тысячы. Навукоўцаў, творчую інтэлігенцыю. Дзеда майго, прафесара, таксама папацягалі. Але чалавек ён учэпісты, здольнасці да прыстасавання фенаменальныя. Таму і цяпер жыве. А ты думала, чаму ён, перш чым дзверы адчыніць, наведніка папараспытвае ледзь не пра сваякоў за мяжой. У дваццатых гадах у Саюзе беларускіх пісьменнікаў было чатырыста чалавек. А перад Вялікай Айчыннай засталося дзевяць. З іх, здаецца, толькі чатыры беларусы. Гэты Хмель, напэўна, быў пісьменнікам. Таму цябе з інстытута і папрасілі.
Марк рассунуў па падлозе фотаздымкі.
— Гэта ён?
Магдаліна паглядзела на партрэт стройнага афіцэра.
— Ён, няйначай. А ў якой форме?
— Войска Польскага. Эх, тут бы спецыялісту паглядзець! Ёсць у мяне адзін знаёмы… Энтузіяст… Цікавіцца такімі дакументамі. Ну што, усё перагледзела?
— Усё нібыта. Нічога цікавага.
— Калі нешта цікавае было — не хвалюйся, табе не аддалі…
— Кр-рр! — пацвердзіў з шафы Карл Карлавіч, і Марк сплюнуў з перапуду. — Гэта, трэба сказаць, не найлепшая частка тваёй спадчыны.
А пасля яны гулялі па могілках Данскога манастыра, і першыя зялёныя дзюбкі травы паказваліся на чорнай глебе магіл, нібыта нябожчыкі імкнуліся павітаць новае жыццё, далучыцца да яго хоць травінкай, хоць пяшчотным дыханнем першацвету. І Марк сказаў Магдаліне: