Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
Тэрэзе ўспомнiлiся спякотныя летнiя днi, калi яны сустракалiся з Аннай у цяньку пад векавымi дубамi Аржалузы. Як прыемна тады было адчуваць сябе роўнай з гэтым нявiнным дзяўчом, выхаваным манашкамi ў Сакрэ-Кёр. З поўным правам яна магла сказаць тады: "Паслухай, Анна! Каб быць такой жа чыстай, як ты, мне зусiм не патрэбны гэтыя вашы ладанкi i бясконцыя малiтвы". Тым болей што i сама чысцiня Анны дэ ля Траў iшла перш-наперш ад няведання, бо выхавальнiцы Сакрэ-Кёр стваралi дзесяткi перагародак памiж рэальным жыццём i сваiмi выхаванкамi. Тэрэза ставiлася з пагардай да гэтых дзяўчатак за тое, што яны не размяжоўвалi дабрачыннасцi з няведаннем. "Анна, дарагая, ты зусiм не ведаеш жыцця", - любiла яна паўтараць у той далёкi слаўны час...
Цягнiк нарэшце кранаецца з месца. "Што ж, - думае Тэрэза, - калi я хачу ва ўсiм разабрацца, то трэба i пачынаць з гэтых бесклапотных незабыўных дзён". Неверагодна, але, напраўду, гэта так - ясны золак нашага жыцця ўжо тоiць у сабе грозныя навальнiцы. Блакiтны свiтанак - чакай буры цi маланак. А пасля буры - разбураныя кветнiкi, паламаныя дрэвы, гразь...
За ўсё сваё жыццё Тэрэза нiколi нi аб чым не задумвалася, нiчога сабе наперад не загадвала; на яе шляху не было рэзкiх паваротаў: спачатку памалу, а потым усё хутчэй i хутчэй апускалася яна ўнiз... I сёння ў Аржалузу едзе зусiм не юная шчаслiвая iстота, каб пацешыцца летнiмi вакацыямi, а забiтая горам жанчына. Едзе крадком, пад сховам цемры...
Як жа яна стамiлася... Дый нашто разблытваць клубок прычын таго, што адбылося? Чорная цемра стаiць за вагонным акном, у якiм бачыцца Тэрэзе толькi цьмяны адбiтак яе мёртвага твару. Рытмiчнае пагойдванне нечакана спыняецца, чуваць працяжны гудок лакаматыва. Цягнiк асцярожна падыходзiць да чарговай станцыi. Хтосьцi памахвае лiхтаром, чуецца гаворка на мясцовым дыялекце, пранiзлiва вiшчаць парасяты, якiх, вiдаць, выгружаюць на платформу: гэта ўжо Узэст. Яшчэ адна станцыя - i Сэн-Клер. Там Тэрэза перасядзе на двухколку i даедзе да самага дому. Як мала застаецца часу, каб падрыхтавацца да абароны!
III
Аржалуза - гэта i праўда край свету. Далей ехаць ужо няма куды. Тутэйшыя людзi завуць гэтую мясцiну "акалодкам": тут няма нi царквы, нi мэрыi, нi могiлак - проста некалькi фермаў, раскiданых вакол жытняга поля. За 10 кiламетраў адгэтуль - невялiчкi гарадок Сэн-Клер, куды вядзе адзiная разбiтая дарога. За Аржалузай яна разгалiноўваецца на шматлiкiя пясчаныя сцяжынкi, i да самага акiяна, на 80 кiламетраў, перад вамi будуць толькi балоты, лагуны, чэзлыя хвоi, дзюны, дзе пасуцца авечкi, у якiх воўна напрадвеснi набывае характэрны попельны колер. З гэтага закiнутага акалодка паходзяць самыя заможныя сем'i Сэн-Клера. У сярэдзiне мiнулага стагоддзя, калi смала i драўнiна пачалi прыносiць прыбытак да тых мiзэрных заробкаў, якiя жыхары Аржалузы мелi ад авечкагадоўлi, дзяды сённяшнiх багатых людзей Сэн-Клера перасялiлiся ў гэты гарадок, а iх колiшнiя двары ў Аржалузе сталi фермамi. Выразаныя з дрэва фiгуркi, якiя ўпрыгожваюць вокны i ганкi, ды мармуровыя камiны, што яшчэ сям-там збераглiся, сведчаць пра колiшнюю годнасць i густ гаспадароў. Але з кожным годам сялiбы ўсё больш асядаюць, а некаторыя стрэхi дастаюць амаль што да зямлi.
Сярод гэтых старых будынкаў яшчэ заставалiся два панскiя дамы. Сем'i Лярок i Дэскейру захавалi iх у тым выглядзе, у якiм атрымалi ў спадчыну ад сваiх продкаў. Мэр горада Б., член генеральнага савета дэпартамента Жэром Лярок меў сваю галоўную рэзiдэнцыю пры ўездзе ў сталiцу супрэфектуры, i нiчога не хацеў мяняць у доме ў Аржалузе, якi яму пакiнула нябожчыца жонка (яна памерла пры родах, калi Тэрэза была яшчэ зусiм малая). Тое, што Тэрэза любiла летнiя канiкулы iменна ў Аржалузе, дзе яна ўпершыню ўбачыла свет, зусiм не дзiвiла месьё Лярока. Яна прыязджала сюды ў лiпенi i жыла пад наглядам цёткi Клары, старэйшай бацькавай сястры. Гэта была жанчына ў гадах, якая састарэла ў дзеўках, да таго ж глухая. Цётка таксама любiла гэты адзiнокi куточак, дзе, як яна казала, ёй не трэба было ўвесь час сачыць за чужымi губамi, каб хоць напалову зразумець субяседнiка. З ёй тут размаўлялi толькi вецер ды сосны...
Месьё Лярок ахвотна пускаў сваю дачку ў Аржалузу. Гэта здымала з яго лiшнi клопат, а галоўнае - зблiжала Тэрэзу з Бернарам-Дэскейру, за якога яна павiнна была выйсцi замуж. Так пажадалi абедзве сям'i, хоць iх пагадненне яшчэ не мела афiцыйнага характару.
Бернар Дэскейру атрымаў ад свайго бацькi дом у суседстве з Лярокамi. Праўда, паяўляўся ён там толькi з надыходам паляўнiчага сезону, жыў найчасцей у будане, а ў доме начаваў толькi ў кастрычнiку. Зiмой гэты разважлiвы малады чалавек вывучаў права ў Парыжы. Летам прыязджаў сюды хiба што на некалькi дзён, бо недалюблiваў свайго айчыма Вiктора дэ ля Траў, якi прыйшоў у сям'ю Дэскейру гол як сакол, затое вельмi хутка пацвердзiў перад усiм Сэн-Клерам сваю рэпутацыю адмысловага марнатраўцы. Бернар без асаблiвай увагi адносiўся да сваёй зводнай сястры Анны дэ ля Траў, бо лiчыў яе яшчэ зусiм малой. А цi многа ён думаў пра Тэрэзу? У ваколiцах толькi i гаварылi пра iх вяселле, бо сама маёмасць Лярокаў i Дэйскейру, здавалася, на тое i iснавала, каб аднойчы аб'яднацца. Разумны малады чалавек пагаджаўся з гэтай усеагульнай думкай. Разам з тым ён нiчога не пакiдаў на волю выпадку i лiчыў справай гонару ўменне наладзiць уласнае жыццё: "Чалавек бывае няшчасны толькi па сваёй вiне..." любiў паўтараць гэты сытаваты юнак. Да жанiцьбы ён пароўну дзялiў свой час на справы i забаўкi. Любiў добра з'есцi, выпiць i асаблiва хадзiць на паляванне. Затое i ў працы, i ў вучобе гэты чалавек быў, са слоў мацi, "апантаны", - бо муж павiнен быць больш адукаваны, чым жонка. Мiж тым, Тэрэза ўжо тады славiлася сваiм розумам. "Што ж, яна i праўда разумная, нiчога не скажаш...", - пагаджаўся Бернар. Зрэшты, ён добра ведаў, як паставiць жанчыну на месца... "I хiба дрэнна, - не раз паўтарала яму мацi, - мець за цесця месьё Лярока? Хто-хто, а гэты чалавек будзе карысны..."
I вось у 26 гадоў, зрабiўшы некалькi падарожжаў па грунтоўна прадуманым маршруце ў Iталiю, Гiшпанiю, Галандыю, Бернар Дэскейру вырашыў ажанiцца. Яго абраннiцай была адна з самых багатых i разумных дзяўчат ва ўсёй акрузе. Магчыма, яна была не самая прыгожая, аднак гэта ж пра яе гаварылi: "Яе не зразумееш, прыгожая яна цi не. Проста адчуваеш яе абаяльнасць..."