— Містэр Кроствэйт з'яўляецца прадстаўніком кампаніі па вытворчасці вогнетушыцеляў на ціхаакіянскім узбярэжжы, — пачаў расказваць Вэнс Рычманд, пасля таго як я ўсеўся ў крэсле. — Яго кантора — на Керні-стрыт, непадалёк ад Каліфорнія-стрыт. Учора ў 14.45 ён пайшоў у сваю кантору. Аўтамабіль маркі «Гудзон» пакінуў перад уваходам у будынак, не заглушыўшы рухавіка. Праз дзесяць хвілін ён вярнуўся. Машыны на месцы не было.

Я зірнуў на Кроствэйта. Той сядзеў, утаропіўшыся ў свае тлустыя калені і не выказваючы аніякай цікавасці да слоў адваката. Я адразу ж перавёў позірк на Вэнса Рычманда; той, з чыста паголеным шэрым тварам і хударлявай фігурай, выглядаў куды якім прыгажуном побач са сваім пухлявым кліентам.

— Праз пяць хвілін пасля таго, як містэр Кроствэйт вылез з машыны і пайшоў у кантору, — працягваў адвакат, — на рагу Клэй і Керні-стрыт загінуў пад коламі аўтамабіля чалавек па прозвішчы Ньюхаўс, уладальнік друкарні, той што на Каліфорнія-стрыт. Хутка пасля здарэння паліцыя адшукала аўтамабіль, усяго за квартал ад месца здарэння, на Мантгомеры-стрыт каля Клэй-стрыт.

Здарэнне даволі зразумелае. Нехта адразу ж пасля таго, як містэр Кроствэйт увайшоў у кантору, украў машыну і, пагнаўшы яе на поўнай хуткасці, наехаў на Ньюхаўса, потым, напалоханы тым, што здарылася, кінуў аўтамабіль і знік. А цяпер уявіце становішча, у якім апынуўся містэр Кроствэйт: тры дні таму, едучы за рулём, відаць, крыху неасцярожна...

— П'яны, — сказаў без усялякіх эмоцый Кроствэйт, не падымаючы вачэй ад абцягнутых клятчастай тканінай каленяў, хрыпла-сіплаватым голасам, які бывае ў людзей з добра прапітай глоткай.

— Едучы за рулём, відаць, крыху неасцярожна па Ван-Нес-авеню, — працягваў Вэнс Рычманд, не звяртаючы ўвагі на рэмарку кліента, — містэр Кроствэйт збіў мінака. Той чалавек не надта пацярпеў і атрымае вельмі шчодрую кампенсацыю за нанесеную шкоду. Але мы павінны з'явіцца ў суд у наступны панядзелак па абвінавачванні ў неасцярожным кіраванні аўтамабілем, і баюся, што ўчарашняе здарэнне, у час якога быў забіты той самы друкар, можа нарабіць нам шкоды.

Ніхто не лічыць, што Кроствэйт быў у машыне, калі тая наехала на друкара, — у нас ёсць шмат доказаў, што яго там не было. Але баюся, як бы гэта здарэнне не павярнулі супраць нас, калі будуць разглядаць выпадак на Ван-Нес-авеню. Як адвакат я ведаю, колькі ачкоў можа набраць, калі захоча, абвінаваўца на тым нязначным факце, што адна і тая ж машына наехала на чалавека на Ван-Нес-авеню, а ўчора збіла яшчэ аднаго чалавека.

Зразумела, самае горшае, што можа здарыцца, дык гэта тое, што замест звычайнага штрафу містэра Кроствэйта могуць пасадзіць у гарадскую турму на трыццаць або шэсцьдзесят дзён. Варыянт даволі непрыемны, і менавіта яго мы хацелі б...

— Чорт яго вазьмі, — зноў загаварыў Кроствэйт, па-ранейшаму не адводзячы вачэй ад каленяў.

— Вось менавіта яго мы хацелі б пазбегнуць, — працягваў адвакат. — Мы гатовы заплаціць суровы штраф, якога і трэба чакаць, бо здарэнне на Ван-Нес-авеню адбылося па віне містэра Кроствэйта. Але мы...

— П'яны ў дошку, — буркнуў Кроствэйт.

— Але нам не хацелася б, каб другое здарэнне, да якога мы не маем ніякага дачынення, кінула неапраўданы цень на менш сур'ёзную справу. У сувязі з гэтым мы хацелі б знайсці асобу альбо асоб, што ўкралі машыну і збілі Джона Ньюхаўса. Калі іх знайсці да нашага паяўлення ў судзе, нам не будзе пагражаць магчымасць стаць ахвярамі іх злачынства. Як вы лічыце — іх можна знайсці да панядзелка?

— Паспрабую, — паабяцаў я, — хоць гэта не...

Чалавек-пухір перабіў мяне, вылез з крэсла і адшукаў тоўстымі пальцамі ў камянях гадзіннік.

— Тры гадзіны, — сказаў ён. — У мяне прызначана гульня ў гольф на палову чацвёртай. — Кроствэйт узяў са стала капялюш і пальчаткі. — Дык знайдзіце іх. Страшэнна непрыемна апынуцца ў турме.

І пайшоў, перавальваючыся, да дзвярэй.

З канторы адваката я накіраваўся да будынка суда, дзе, паблукаўшы некалькі хвілін па калідорах, нарэшце знайшоў паліцэйскага, таго самага, які з'явіўся на рагу Клэй і Керні-стрыт праз некалькі секунд пасля таго, як аўтамабіль наехаў на Ньюхаўса.

— Я якраз выходзіў з суда — і тут бачу, як за рог на Клэй-стрыт імчыць машына, — пачаў расказваць патрульны — мажны бландзін па прозвішчы Кофі. — Потым бачу — там збіраюцца людзі, ну, я пайшоў туды і ўбачыў на зямлі гэтага Джона Ньюхаўса. Ён быў ужо мёртвы. З паўдзесятка чалавек бачылі, як яго збіла машына, а адзін нават запомніў яе нумар. Машыну знайшлі кінутай адразу ж за рагом, на Мантгомеры-стрыт. Было відаць, што яна рухалася ў паўночным кірунку. У той час, калі аўтамабіль наехаў на Ньюхаўса, у ім былі два мужчыны, але ніхто не паспеў заўважыць, як яны выглядалі. Калі знайшлі машыну, у ёй ужо нікога не было.