— Калі ён захварэў гэты, апошні раз?

— Жонка Ньюхаўса пазваніла ў аўторак раніцай і паведаміла, што ў яго чарговы прыступ і што яго не будзе на рабоце некалькі дзён. У кантору ён прыйшоў учора, гэта значыць у чацвер — на хвілін дзесяць.

— Як ён выглядаў — быў вельмі хворы?

— Не вельмі. Вядома, ён ніколі не выглядаў добра, але ўчора я не заўважыў значнага адхілення ад яго звычайнага стану. Мяркую, што гэты яго апошні прыступ быў не такі моцны, як большасць папярэдніх — звычайна ён быў прыкаваны да ложка тыдзень ці больш.

— Перад тым як пайсці, ён паведаміў, куды накіроўваецца? Я таму пытаю, што, паколькі Ньюхаўс жыў на Сакрамента-стрыт, ён, вядома, на той самай вуліцы і сеў бы ў трамвай, машына ж збіла яго на Клэй-стрыт.

— Ён сказаў, што пойдзе на Портсмускую плошчу, каб якіх паўгадзіны пасядзець на сонцы. Ён два ці тры дні не выходзіў з памяшкання і таму хацеў пабыць на сонцы, перад тым як вярнуцца дадому.

— Калі Ньюхаўса збіла машына, ён трымаў у руцэ замежную купюру. Вы што-небудзь ведаеце пра яе?

— Вядома, ён атрымаў яе тут. Наш кліент — па прозвішчы Ван Пелт — зайшоў у кантору, каб заплаціць за работу, якую мы выканалі ўчора папалудні, якраз у той час, як тут быў бос. Калі Ван Пелт выцягнуў партаманет, каб заплаціць па рахунку, тая паперка — я не ведаю як называюцца галандскія грошы — была сярод іншых банкнотаў. Здаецца, ён сказаў, што яна вартая нешта каля трыццаці васьмі даляраў. Ва ўсялякім разе, бос узяў яе, аддаўшы Ван Пелту рэшту. Ньюхаўс сказаў, што хоча паказаць галандскія грошы сынам — а на даляры ён мог памяняць і пасля.

— Хто ён такі, гэты Ван Пелт?

— Галандзец, мяркуе праз месяц-два пачаць у нас бізнес па імпарту тытуню. Апрача гэтага, мала што пра яго ведаю.

— А дзе яго дом альбо кантора?

— Кантора знаходзіцца на Буш-стрыт, каля Сансома.

— Ён ведаў, што Ньюхаўс хворы?

— Не думаю. Выгляд боса не адрозніваўся ад звычайнага.

— Вы ведаеце поўнае імя Ван Пелта?

— Хендрык Ван Пелт.

— Як ён выглядае?

Соўлс не паспеў дагаварыць апошніх слоў, як праз грукат і гудзенне друкарскіх машын за сцяной пачуліся праз аднолькавыя інтэрвалы тры званкі.

Я высунуў дула рэвальвера, які ўжо пяць хвілін трымаў на каленях пад сталом, і зрабіў гэта так, каб яго заўважыў Бен Соўлс.

— Рукі на стол, — загадаў я.

Соўлс падпарадкаваўся.

Дзверы ў друкарскі цэх былі за яго спінай, таму, трымаючы позірк на Соўлсе, я мог бачыць іх за ягонымі плячыма. Аб'ёмістая постаць Соўлса служыла заслонай для рэвальвера ад вачэй тых, хто мог увайсці праз дзверы ў адказ на пададзены сігнал.

Чакаць давялся нядоўга.

Трое, чорныя ад друкарскай фарбы, наблізіліся да дзвярэй і праз іх зайшлі ў кантору. Рухаліся яны бесклапотна, спакойнай хадой, перасмейваючыся і перакідваючыся жартамі.

Але вось адзін з іх аблізнуў вусны, пераступаючы парог. Вочы другога шырока адкрыліся, выразна вылучыўшы бялкі вакол зрэнкаў. Трэці аказаўся самым здольным акцёрам, але і ў яго напружыліся плечы, хоць хада па-ранейшаму здавалася спакойнай.

— Стаяць, ні з месца! — гаркнуў я, калі апошні зайшоў у пакой, і ўзняў рэвальвер, каб і яны маглі яго бачыць.

Усе трое адразу ж спыніліся, быццам іх тулавы былі пастаўленыя на адны і тыя ж ногі.

Я ўстаў, адкінуўшы нагой крэсла.

Мне зусім не падабалася пазіцыя, у якой я апынуўся. Пакой быў занадта малы. Праўда, у руках у мяне быў рэвальвер, а астатнія, калі і размеркавалі паміж сабой зброю, не паспелі б яе выцягнуць. Але ўсе чацвёра былі занадта блізка ад мяне, а рэвальвер — не здатны на цуды. Гэта ўсяго толькі механічная штука, здольная на тое ці іншае, і не больш.

Калі б праціўнікі хацелі кінуцца на мяне, я змог бы ўлажыць толькі аднаго, пакуль астатнія зрабілі б тое самае са мной. Мне гэта было вядома, таксама як і ім.

— Рукі ўгору! — загадаў я. — Тварам да сцяны!

Ніводны не паварушыўся, каб выканаць загад. Адзін перапэцканы фарбай рабочы зласліва ўхмыльнуўся. Соўлс паволі пахітаў галавой, астатнія стаялі, па-ранейшаму пазіраючы ў мой бок.

Гэта паставіла мяне ў тупік. Нельга страляць у чалавека толькі таму, што ён адмаўляецца выканаць загад — нават калі ён злачынца. Калі б яны сталі да мяне спінай, я б паставіў іх уздоўж сцяны і, нейтралізаваўшы такім чынам, патэлефанаваў бы.

Але так не атрымалася.

Наступная думка была падацца спінай да дзвярэй, што выходзілі на вуліцу, прыкрываючы свой адыход, і потым, стоячы ў дзвярах, паклікаць на дапамогу альбо выцягнуць іх на вуліцу, дзе б ужо я даў ім рады. Але я адразу ж адмовіўся ад гэтай думкі.

Чацвёрка збіралася кінуцца на мяне — я ў гэтым не сумняваўся. Ім патрэбна была іскра, якая б дэтаніравала іх дзеянні. Ногі іх напружыліся, было відаць, што яны знаходзяцца ва ўзбуджаным стане, чакаючы дзеянняў з майго боку. Варта было мне зрабіць крок назад, як адразу ж пачалася б бойка.

Мы стаялі настолькі блізка, што кожны з іх мог дакрануцца да мяне рукой. Аднаго з іх я здолеў бы ўлажыць з рэвальвера, да таго як яны наваліліся б на мяне — аднаго з чатырох. Гэта азначала, што ў кожнага з іх быў толькі адзін шанц з чатырох зрабіцца ахвярай — шанц невялікі як на нармальнага мужчыну, а не баязліўца.