Я ўсміхнуўся, стараючыся выклікаць тым самым давер, таму што быў супраць усялякага гвалту — і хацеў узяць слухаўку: мне трэба было нешта рабіць! Пасля я праклінаў сябе за такі ўчынак. Атрымалася, што я проста выбраў ім дадатковы сігнал да нападзення. І падаў гэты сігнал, працягнуўшы руку да тэлефона.

Але я ўжо не мог адступіць, бо гэта таксама быў бы сігнал, і мусіў даводзіць справу да канца.

Беручыся левай рукой за тэлефон, я адчуў, як з-пад капелюша па скронях цячэ пот.

Але тут адчыніліся ўваходныя дзверы! За маёй спінай нехта здзіўлена ўскрыкнуў.

Не адводзячы вачэй ад чацвёркі, што стаяла перада мной, я выпаліў наступныя словы:

— Хутка! Тэлефон! Паліцыя!

У выніку з'яўлення гэтага незнаёмца, відавочна, кліента Ньюхаўса, зноў, на маю думку, узнік крытычны момант. Нават калі б ён не прадпрыняў ніякіх актыўных дзеянняў, а толькі б выклікаў паліцыю, праціўнікі мусілі б падзяліцца, каб заняцца і незнаёмцам, а гэта дало б мне магчымасць улажыць па меншай меры дваіх, перш чым яны збілі б з ног мяне. У такім выпадку ўжо двое з чатырох мелі б аднолькавы шанц апынуцца на падлозе, а гэтага было ўжо дастаткова для таго, каб нават самаўпэўнены чалавек двойчы падумаў, перад тым як кінуцца ў бойку.

— Хутчэй! — прыспешыў я незнаёмца.

— Так! Так! — адгукнуўся той з акцэнтам, які выдаваў у ім чужаземца. Мне, і без таго насцярожанаму, не трэба было іншага папярэджання.

Я кінуўся ўбок, не разбіраючыся куды, толькі далей ад месца, дзе я толькі што стаяў. Але зрабіў гэта недастаткова хутка.

Удар ззаду быў не сказаць каб удалы, але дастаткова моцны, каб ногі адразу сагнуліся ў каленях, нібыта яны былі на папяровых шарнірах, і я ўсім целам бразнуўся на падлогу...

Нешта цёмнае навалілася на мяне. Я ўчапіўся за гэта нешта абедзвюма рукамі. Відаць, гэта была нага, што цэліла ў мой твар. Я пачаў яе выкручваць, гэтак жа як прачка выкручвае бялізну.

Пазваночнік раз-пораз страсаўся. Відаць, нехта біў мяне па галаве. Не ведаю. Галава адключылася. Ад удару, што збіў мяне з ног, усё тулава здранцвела. Вочы нічога не бачылі. Я заўважаў толькі цені. Я малаціў па гэтых ценях кулакамі, спрабаваў разарваць іх на шматкі. Часам у рукі не трапляла нічога. Але часам яны натыкаліся на штосьці, што магло быць часткамі цела. Тады я пускаў у ход кулакі і рваў тое, што трымаў у руках, на часткі. Рэвальвер паспеў некуды знікнуць!

Са слыхам было не лепш, чым са зрокам, — нават горш. Усе гукі на свеце зніклі. Я рухаўся ў цішыні, і такой цішыні я ніколі раней не ведаў. Я быў прывідам, які змагаўся з іншымі прывідамі.

Я адчуў, што сяджу на ступнях сваіх ног, а на маёй спіне нехта курчыцца, не даючы ўстаць. Твар засланіла штосьці гарачае і вільготнае, відаць, рука.

Я ўпіўся ў гэта штосьці зубамі. Як мага мацней крутануў назад галавой. Можа, я расквасіў каму-небудзь твар, што і меркаваў зрабіць. Дакладна не ведаю, але таго, што курчылася на спіне, раптам не стала.

Цьмяна я ўсведамляў, што з усіх бакоў на мяне сыплюцца ўдары, але я настолькі здранцвеў, што не адчуваў іх. Галавой і плячамі, локцямі і кулакамі, каленямі і нагамі я бесперапынна біў па ценях, што мітусіліся навокал.

Раптам да мяне вярнуўся зрок — пакуль не цалкам, — але цені пачалі набываць колер, пакрысе пачаў вяртацца і слых — настолькі, што я пачаў чуць стогны, рыканне, лаянку і гукі ад удараў. Вочы спыніліся на латуневай плявальніцы, што стаяла на адлегласці сантыметраў дзесяць. Я зразумеў, што зноў ляжу на падлозе.

Крутануўшыся, каб садануць нагой у мяккае цела проста перад сабой, я адчуў, як штосьці як агонь — але не — не агонь — апякло нагу — нож! Я схапіў плявальніцу і кінуў высока, паверх іх галоў, у дзверы, і тая, прабіўшы матавае шкло, вылецела на Каліфорнія-стрыт.

Барацьба працягвалася яшчэ некаторы час.

Але латуневая плявальніца, выкінутая праз шкляныя дзверы на Каліфорнія-стрыт паміж Мантгомеры і Керні, не магла застацца незаўважанай — ды яшчэ пасярод дня ў Сан-Францыска. Таму хутка — калі я зноў апынуўся на падлозе, прыціснуты масай кілаграмаў трыста альбо чатырыста, якая ж да таго таўкла мяне тварам аб падлогу, нарад паліцыі разняў нас, выцягнуўшы мяне з-пад самага нізу кучы.

Сярод патрульных быў і бялявы асілак Кофі, якому тым не менш прыйшлося даволі доўга даказваць, што я — менавіта той самы супрацоўнік агенцтва «Кантыненталь», які зусім нядаўна гутарыў з ім.

— Ну, дружа! — усклікнуў Кофі, калі мне нарэшце ўдалося яго пераканаць. — Божа, але ж і пастараліся гэтыя хлопцы! Збілі твар у раскіслы бурак!

Я не засмяяўся. Мне было не да смеху.

Валодаючы толькі адным вокам, да якога толькі цяпер вярнуўся зрок, я ўбачыў пастаўленую ў адну лінію пяцёрку — Соўлса, трох перапэцканых фарбай друкароў і таго, хто гаварыў з акцэнтам і ўсчаў бойку, ударыўшы мяне ззаду па галаве.

Гэта быў даволі высокі мужчына год на трыццаць з круглым рудым тварам, на якім паспела з'явіцца некалькі сінякоў. Да гэтага ён быў, відаць, куды якім франтам у сваім дарагім чорным гарнітуры, але цяпер меў выгляд вельмі пашматаны. Мне нават і пытацца не варта было, хто ён такі, бо і без таго ведаў, што гэта Хендрык Ван Пелт.

— Ну, дык у чым разгадка? — спытаў мяне Кофі.

Трымаючыся рукой за пашчэмку, я выявіў, што магу гаварыць, неяк трываючы боль.

— Вось гэта хеўра і збіла на машыне Ньюхаўса, і ніякі гэта не няшчасны выпадак. Нядрэнна было б даведацца яшчэ пра некаторыя падрабязнасці, але падступіцца да іх не паспеў — занадта хутка яны на мяне накінуліся. Ньюхаўс, у той момант, калі на яго наехаў аўтамабіль, трымаў у руцэ паперку ў сто флорынаў і накіроўваўся ў бок паліцэйскай управы. Ён знаходзіўся ўсяго паўквартала ад будынка суда.

Соўлс сказаў мне, што Ньюхаўс накіроўваўся да Портсмускай плошчы, каб пагрэцца там на сонцы. Але Соўлс, здаецца, не ведаў, што ў Ньюхаўса было падбіта вока, наконт чаго было праведзена расследаванне. Калі Соўлс не бачыў сіняка на твары Ньюхаўса, значыць, можна смела біцца аб заклад, што ў той дзень ён не бачыў яго ў твар.