— У якім кірунку ішоў Ньюхаўс?

— У паўночным, па Керні-стрыт, і ўжо на тры чвэрці перайшоў Клэй-стрыт, як на яго наехала машына. Аўтамабіль таксама рухаўся ў паўночным кірунку па Керні-стрыт і на Клэй-стрыт павярнуў на ўсход. Відаць, вінаватыя ў тым, што здарылася, не толькі тыя, хто ехаў у машыне — так мне сказалі сведкі. Ньюхаўс ішоў па вуліцы, утаропіўшыся ў нейкую паперку, што трымаў у руцэ. Я знайшоў у руцэ нябожчыка папяровыя грошы — замежную банкноту — і, мяркую, што менавіта яе ён і разглядаў у той момант. Лейтэнант лічыць, што гэта галандскія грошы — сто флорынаў — так ён сказаў.

— Даведаліся што-небудзь пра тых двух, што былі ў машыне?

— Не, нічога! Мы апыталі ўсіх, каго маглі знайсці ў раёне Каліфорнія і Керні-стрыт — там, дзе ўкралі машыну, а таксама паблізу Клэй і Мантгомеры-стрыт — дзе яе кінулі. Але ніхто не мог узгадаць, каб хто-небудзь садзіўся ў машыну або вылазіў з яе. Уладальніка машыны на той момант у ёй не было, так што, на маю думку, яе проста ўкралі. Спачатку я думаў, што справа крыху цёмная. У Джона Ньюхаўса за два ці тры дні да здарэння з'явіўся сіняк пад вокам. Мы праверылі гэты факт і даведаліся, што ў яго некалькі дзён таму быў сардэчны прыступ — і, падаючы на падлогу, ён напароўся тварам на крэсла. Тры дні ён хварэў — і ўпершыню выйшаў з дому толькі за паўгадзіны да здарэння.

— Дзе ён жыў?

— На Сакрамента-стрыт, на выездзе з яе. У мяне недзе запісаны яго адрас.

Паліцэйскі пагартаў свой зашмальцаваны блакнот — і я атрымаў нумар дома нябожчыка, прозвішчы і адрасы сведкаў здарэння, якіх апытаў Кофі.

Атрымаўшы ўсю наяўную інфармацыю, я пакінуў паліцэйскага ў спакоі.

Наступным крокам было вывучэнне наваколля тых месцаў, дзе ўкралі аўтамабіль і дзе яго кінулі, а таксама апытанне сведкаў. Паколькі намаганні паліцыі аказаліся марнымі, было мала шанцаў знайсці што-небудзь вартае ўвагі, але я не мог толькі па гэтай прычыне адмовіцца ад вышукаў. Праца дэтэктыва на дзевяноста адсоткаў уяўляе сабой збор дэталяў — і ўсе іх трэба атрымаць, наколькі гэта магчыма, з першых рук, не зважаючы на тое, хто да цябе вёў следства па гэтай справе.

Аднак перад тым як пачаць вышук у гэтым кірунку, я вырашыў зайсці ў друкарню, што належала нябожчыку — яна знаходзілася за тры кварталы ад будынка суда, — і даведацца, ці чулі яе служачыя што-небудзь цікавае для мяне.

Установа, якая належала Ньюхаўсу, займала паверх невялікага будынка на Каліфорнія-стрыт, паміж вуліцамі Керні і Мантгомеры. З боку вуліцы ў ёй была адгароджана канторка, што злучалася калідорам з друкарняй, якая знаходзілася з тыльнага боку будынка.

Адзіным чалавекам у канторы, калі я зайшоў туды з вуліцы, быў малога росту паўнаваты бландзін гадоў пад сорак у кашулі з кароткімі рукавамі, які сядзеў за сталом, звяраючы лічбы, запісаныя ў гросбусе, з тымі, што былі на паперах, цэлы стос якіх ляжаў побач.

Я прадставіўся, паведаміўшы, што з'яўляюся аператыўным супрацоўнікам вышукнога агенцтва «Кантыненталь», якое мае цікавасць да справы, звязанай са смерцю Ньюхаўса. Чалавек у канторы назваўся Бенам Соўлсам, сказаў, што працуе ў друкарні Ньюхаўса майстрам. Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Соўлс запрасіў мяне сесці ў крэсла насупраць, адсунуў убок паперы, кнігу, з якімі працаваў, і з агідай на твары паскроб галаву алоўкам.

— Гэта жахліва! — усклікнуў ён. — Тут увесь час то адно то другое, спраў — па горла, а я мушу корпацца ў гэтых паперах, хоць нічога ў іх не разумею.

Соўлс перапыніў размову, каб адказаць на тэлефонны званок.

— Так... Гэта Соўлс... Яны якраз у рабоце... Я перадам іх вам не пазней паўдня ў панядзелак. Я ведаю, што мы абяцалі надрукаваць іх яшчэ ўчора, але... Я ведаю! Ведаю! Але ў сувязі са смерцю боса спазніліся. Растлумачце гэта містэру Кроствэйту... Абяцаю перадаць вам іх у панядзелак раніцай, будзьце ўпэўнены! — Соўлс раздражнёна кінуў трубку на апарат і зірнуў у мой бок. — Падумаць толькі, ягоная машына збіла шэфа, і ён тым не менш лічыць прыстойным уздымаць вэрхал, калі крыху спазніліся з заказам!

— Кроствэйт?

— Ага, — я гаварыў з яго служачым. Мы друкуем яму нейкія рэкламныя лісткі — паабяцалі зрабіць іх учора, але тут загінуў бос, нанялі пару новых людзей — вось і затрымаліся. Я тут восем год працую, і гэта першы раз, калі мы спазніліся з выкананнем заказу — а ўсё адно кожны кліент горла дзярэ. Калі б мы працавалі як іншыя друкарні, дык яны б прызвычаіліся і чакалі, але мы былі да іх занадта добрыя. Ну і Кроствэйт! Як можна верыць у прыстойнасць гэтага чалавека, ён жа ведае, што бос загінуў пад коламі менавіта ягонай машыны?

Я спачувальна кіўнуў галавой, пасунуў у бок Соўлса сігару і, пачакаўшы, калі ён запаліць, спытаў:

— Вы сказалі нешта пра тое, што нанялі некалькі чалавек. Навошта?

— Так. Містэр Ньюхаўс звольніў двух рабочых на мінулым тыдні — Філчэры і Кі. Ён даведаўся, што яны належаць да арганізацыі «Індустрыяльныя рабочыя свету», і таму вызначыў ім час на зборы.

— Што, з імі былі нейкія праблемы, нешта такое апрача іх сяброўства ў прафсаюзе?

— Не, яны былі даволі добрыя работнікі.

— Можа, з імі ўзніклі праблемы пасля звальнення? — спытаў я.

— Сапраўдных праблем не было, хоць яны ўспрынялі гэта вельмі эмацыйна. Перад тым як пайсці ад нас, усюды выступалі з заявамі.

— Памятаеце, калі гэта здарылася?

— На мінулым тыдні, у сераду, здаецца. Так, у сераду, бо я наняў двух новых рабочых у чацвер.

— Колькі чалавек у вас працуе?

— Трое, апрача мяне.

— Містэр Ньюхаўс часта хварэў?

— Хварэў, але не так сур'ёзна, каб часта не выходзіць на працу, але ўсё ж раз-пораз сэрца напамінала пра сябе, і ён дзён сем-дзесяць мусіў быць у ложку. Ён ніколі, у поўным сэнсе, не адчуваў сябе добра. Займаўся толькі канцылярскімі справамі, друкарскія — былі за мной.