Вынікі іх дзейнасці нярэдка сапраўды ўражваюць, але дасягаюцца яны ў большасці выпадкаў стараннасцю і энергічнасцю. Калі гэтыя якасці адсутнічаюць, іх задумы аказваюцца марнымі. Відок, напрыклад, вельмі здагадлівы і ўпарты чалавек. Але калі яму бракуе інтэлекту, дык ён увесь час блытаецца, робячыся ахвярай сваёй мітуслівасці. Бачанне аб'екта скажаецца, бо ён трымае яго занадта блізка ад вачэй. Ён, бадай, здольны бачыць адну-дзве дэталі выразна, але адначасова ўвесь аб'ект вывучэння абавязкова аказваецца па-за межамі зроку. Такім чынам, існуе такая з'ява, як залішняе паглыбленне. Праўда — не заўсёды на дне глыбокага калодзежа. Акрамя таго, што датычыцца найбольш важных ведаў, дык яны, я ўпэўнены, непазбежна ляжаць на паверхні. Глыбіня — у тых безданях, дзе мы шукаем гэтыя веды, а не на горных вышынях, дзе іх знаходзім. Характар і карані вось такіх памылак можна вызначыць шляхам назірання за нябеснымі целамі. Калі глядзець на зорку па-рознаму — зірнуць на яе скоса, паступова павярнуць да яе знешнюю частку сятчаткі (больш адчувальную да ледзь прыкметных водбліскаў святла, чым яе ўнутраны бок), убачыць зорку выразна, — можна выбраць найлепшы шлях да ўяўлення аб яе бляску — бляску, які робіцца ўсё больш цьмяным, чым шырэй наш позірк ахоплівае зорку. У апошнім выпадку ў вока трапляе фактычна больш промняў, але ў першым — больш вострая ўспрымальнасць. У выніку беспадстаўнай заглыбленасці думкі збіваюцца і паслабляюцца, так і Венера можа растаць на нябесным купале, калі ўзірацца ў яе занадта ўпарта альбо занадта засяроджана.

Што ж датычыцца гэтых забойстваў, давай зробім самастойныя вышукі, перад тым як выказаць пра іх сваю думку. Расследаванне пазабавіць нас. — (Я падумаў, што слова пазабавіць — недарэчнае ў дадзеным выпадку, але змоўчаў.) — Акрамя таго, Лё Бон аднойчы зрабіў мне паслугу, за якую я не магу не быць яму ўдзячным. Пойдзем і агледзім будынак самі. Я знаёмы з Ж., прэфектам паліцыі, таму мы без цяжкасці атрымаем неабходны дазвол.

Атрымаўшы дазвол, мы адразу ж рушылі на вуліцу Морг. Гэта ціхі завулак, які злучае вуліцы Рышэлье і Рош. Квартал быў далёка ад месца нашага жыхарства, і таму мы дабраліся туды толькі пад вечар. Дом знайшлі адразу ж, бо вакол яго па-ранейшаму было шмат людзей, якія, стоячы на процілеглым баку вуліцы, з пустой цікавасцю пазіралі на зачыненыя аканіцы. Гэта быў звычайны парыжскі асабняк з шырокімі дзвярамі параднага ўвахода, да якога збоку прыляпілася будка з адсоўным акенцам, па якім можна было здагадацца, што гэта loge de concierge[13].

Перад тым як зайсці ў дом, мы прайшліся па вуліцы, звярнулі ў завулак, зноў звярнулі, прайшліся каля дома са двара — увесь гэты час Дзюпэн вывучаў квартал, сам дом з незвычайнай пільнасцю, хоць я не разумеў, што яго магло так зацікавіць.

Вярнуўшыся тым жа шляхам да ўвахода, мы пазванілі і, паказаўшы адпаведныя паперы, атрымалі ад дзяжурных паліцэйскіх дазвол зайсці ўсярэдзіну. Мы пайшлі наверх, у пакой, дзе была знойдзена мадэмуазель Л'Эспанэ і дзе ўсё яшчэ ляжалі абодва трупы. Там па-ранейшаму быў беспарадак, бо ўсё, як гэта звычайна робіцца, захоўвалася ў непарушнасці. Нічога новага ў параўнанні з тым, што пісала «Судовая газета», я не заўважыў. Дзюпэн, аднак, уважліва агледзеў кожную дробязь, не абмінуў і трупаў. Потым мы зайшлі ў іншыя пакоі і спусціліся ў двор, — увесь гэты час нас суправаджаў паліцэйскі. Агляд працягваўся да самай цемры, толькі з яе надыходам мы нарэшце развіталіся. На зваротным шляху да дома мой прыяцель зайшоў на хвіліну ў рэдакцыю адной ранішняй газеты.

Я ўжо гаварыў, што дзівацтвы майго сябра былі самыя нечаканыя, але Je les menegeais[14]: у ангельскай мове няма адпаведнага эквіваленту.

У той вечар у яго не было настрою весці гаворку пра забойства, і завёў ён яе толькі апоўдні наступнага дня. Менавіта тады ён спытаў мяне, ці заўважыў я што-небудзь асаблівае ў той сцэне жорсткасці. Ён вымавіў слова «асаблівае» з такім націскам і такім дзіўным тонам, што я, не разумеючы чаму, скалануўся.

— Не, нічога асаблівага, — адказаў я, — ва ўсялякім разе, у параўнанні з тым, што паведамлялася ў газеце.

— Баюся, што «Гэзэт», — запярэчыў Дзюпэн, — не спасцігла ўсяго неймавернага жаху таго, што здарылася. Але забудзем пра дылетанцкія разважанні прэсы. Здаецца, што загадку лічаць невырашальнай з тае самае прычыны, якая дае падставу ставіцца да яе, як да вельмі зразумелай — я маю на ўвазе outre[15] характар яе асаблівасцей.

Паліцыю, відаць, збіла з толку адсутнасць матывацыі не столькі забойства, колькі жорсткасці, з якой яно было здзейснена. Іх таксама бянтэжыць, здавалася, невырашальная супярэчнасць: сведкі чулі, як нехта сварыўся, але наверсе нікога, акрамя забітай мадэмуазель Л'Эспанэ, не знайшлі. Выйсці ж адтуль, каб не заўважылі людзі, што падымаліся па лесвіцы, было немагчыма. Страшэнны беспарадак у пакоі, заціснуты ў комін уніз галавой труп, жахліва знявечанае цела старой — гэтых абставін, а таксама тых, пра якія я толькі што гаварыў, і іншых, што не варта ўспамінаць, было дастаткова, каб спаралізаваць высілкі ўлад, якія, нягледзячы на сваю праніклівасць, якой яны так ганарацца, апынуліся ў тупіку. Яны сталі ахвярамі грубай, але вельмі распаўсюджанай памылкі, зблытаўшы незвычайнае з незразумелым. Але менавіта дзякуючы адхіленню ад звычайнага і адкрываецца прастор, калі гэта сапраўды магчыма, для розуму ў пошуках ісціны. У вышуках, накшталт гэтых, якімі мы цяпер займаемся, трэба ставіць не столькі пытанне «Што здарылася?», колькі «Што здарылася такое, чаго ніколі раней не здаралася?». І на самай справе існуе непасрэдная суадноснасць паміж лёгкасцю, з якой я прыйду ці ўжо прыйшоў да разгадкі гэтай таямніцы, і яе невырашальнасцю, якая існуе на думку паліцэйскіх.

Я глядзеў на Дзюпэна ў немым здзіўленні.

— Цяпер я чакаю, — працягваў той, пазіраючы на дзверы, — чалавека, які, відаць, не быў непасрэдным выканаўцам тых жорсткіх забойстваў, але ў нейкай ступені меў дачыненне да іх здзяйснення. Што датычыцца самай жудаснай часткі злачынства, дык тут ён, відаць, не вінаваты. Спадзяюся, што не памыляюся ў сваім меркаванні, бо на ім будуецца раскрыццё ўсёй таямніцы. Я чакаю, што гэты чалавек прыйдзе сюды, у гэты пакой, з хвіліны на хвіліну. Праўда, ён можа і не з'явіцца, але больш верагодна, што ён усё-такі будзе тут. Калі ж ён прыйдзе, неабходна яго затрымаць. Вось пісталеты; мы абодва здолеем выкарыстаць іх належным чынам, калі ўзнікне патрэба.