Я ўзяў пісталеты, амаль не разумеючы, што раблю, не верачы пачутаму, а Дзюпэн працягваў свой маналог. Я ўжо гаварыў, што ў такія моманты яго паводзіны набывалі абстрактны характар. У сваіх разважаннях ён, здавалася, звяртаўся да мяне. Гаварыў ён ціха, але нешта ў яго інтанацыі гучала так, нібыта ён звяртаўся да кагосьці на вялікай адлегласці, не адводзячы ад сцяны пазбаўленых усялякага выразу вачэй.

— Тое, што галасы, якія пачулі людзі, што беглі па лесвіцы, не належалі нябожчыцам — дастаткова абгрунтавана доказамі. У выніку зніклі ўсялякія сумненні наконт таго, што старая кабета магла спачатку забіць дачку, а потым кончыць самагубствам. Я гавару пра гэта таму, каб растлумачыць ход сваіх меркаванняў, бо фізічнае сілы мадам Л'Эспанэ было зусім недастаткова, каб запіхнуць труп дачкі ў комін, дзе яго знайшлі, ды і выгляд яе цела выключае ўсялякую думку аб самазабойстве. Забойства, такім чынам, было здзейснена нейкім трэцім бокам, менавіта яму і належалі галасы людзей, што сварыліся паміж сабой. Давай звернемся цяпер не ўвогуле да сведчання пра тыя галасы, а да таго, што было «асаблівае» ў тых сведчаннях. Ты заўважыў у іх што-небудзь «асаблівае»?

Я заўважыў, што калі ўсе сведкі пагаджаліся ў сваіх меркаваннях наконт таго, што хрыплы голас належаў французу, то думкі наконт пранізлівага, альбо, як адзін сведка сказаў, рэзкага голасу значна разыходзіліся.

— Гэта было само сведчанне, — запярэчыў Дзюпэн, — але яго асаблівасць у іншым. Ты не заўважыў самае характэрнае. А тое-сёе варта было заўважыць. Меркаванні сведкаў наконт хрыплага голасу, як ты адзначыў, супалі і былі аднадушныя. Што ж датычыцца пранізлівага голасу, асаблівасць тут вынікае не з таго, што іх паказанні не супалі, а з таго, што, калі італіец, ангелец, гішпанец, галандзец і француз спрабавалі апісаць яго, кожны адзначыў, што голас належыць іншаземцу. Кожны ўпэўнены, што гаварыў не яго суайчыннік. І кожны суадносіў яго не з голасам прадстаўніка нацыі, на мове якой ён мог гаварыць, а з той ці іншай іншаземнай гаворкай. Француз лічыць, што гэта голас гішпанца і што «змог бы разабраць некалькі слоў, калі б быў знаёмы з гішпанскай мовай». Галандзец сцвярджае, што гэта быў француз, але мы ведаем, што, як было заяўлена, «так як сведка не разумее французскай мовы, допыт вёўся праз перакладчыка». Ангелец лічыць, што гэта голас немца і што ён «не разумее нямецкай мовы». Гішпанец упэўнены, што гаварыў ангелец, «але мяркуе аб гэтым па інтанацыі, бо не ведае ангельскай мовы». Італіец лічыць, што голас расейца, але «ніколі не гаварыў з сапраўдным расейцам». Думка другога француза, акрамя таго, адрозніваецца ад меркавання першага, і ён упэўнены, што голас належаў італійцу, але, сам не валодаючы гэтай мовай, як і гішпанец, «грунтуе свае меркаванні на інтанацыі». Як бачым, голас мусіў быць сапраўды незвычайным, калі пра яго атрымалі такія сведчанні! — і калі ў яго інтанацыі нават выхадцы з пяці вялікіх рэгіёнаў Эўропы не маглі разабраць штосьці ім знаёмае! Ты скажаш, што гэта мог быць голас азіята або афрыканца. І азіятаў, і афрыканцаў — не так многа ў Парыжы, але, не адмаўляючы цалкам такой ідэі, я проста звярну тваю ўвагу на наступныя тры акалічнасці. Голас быў вызначаны адным сведкам «хутчэй рэзкім, чым пранізлівым». На думку двух іншых, гаворка была «хуткая, але няроўная». Нікому не ўдалося разабраць ніводнага слова, ніводнага гуку.

— Не ведаю, — працягваў Дзюпэн, — якое ўражанне могуць выклікаць у цябе мае меркаванні, але я не вагаючыся заяўляю, што абгрунтаваных высноў, якія вынікаюць на падставе гэтай часткі сведчанняў — той часткі, што датычыцца хрыплага і пранізлівага голасу, — дастаткова для таго, каб узніклі падазрэнні, якія вызначаць далейшы ход разгадкі таямніцы. Сказаўшы «абгрунтаваныя высновы», я не вельмі дакладна выказаў свае думкі. Я меў на ўвазе, што гэта адзіныя магчымыя высновы і што яны непазбежна вядуць да падазрэння, як да адзінага выніку. Аднак, чаго датычыцца гэта падазрэнне, я пакуль не скажу. Проста хачу, каб ты меў на ўвазе, што для мяне яно было дастаткова пераканаўчае, каб надаць канкрэтную форму — адпаведны напрамак — маім вышукам у спальні старой жанчыны.

Давай у думках вернемся ў той самы пакой. Што перш за ўсё мы будзем там шукаць? Выхад, які выкарысталі забойцы. Мы з табой, вядома, не верым у звышнатуральныя з'явы. Не злыя ж духі забілі мадам і мадэмуазель Л'Эспанэ. Тыя, хто здзейсніў забойства, існавалі рэальна і, каб знікнуць, карысталіся рэальнымі шляхамі. Але якімі? На шчасце, ёсць толькі адзін спосаб вырашыць гэту праблему, і гэты спосаб павінен прывесці нас да канкрэтнай высновы. Давай разгледзім паслядоўна ўсе магчымыя шляхі ўцёкаў. Зразумела, што ў той час, калі натоўп бег уверх па лесвіцы, забойцы былі ў спальні, дзе знайшлі мадэмуазель Л'Эспанэ. Таму выхады мы шукаем толькі ў гэтых двух памяшканнях. Паліцэйскія абшукалі ўдоўж і ўпоперак падлогу, столь, кожную цагліну ў сценах. Ніводзін патаемны выхад не мог аказацца па-за межамі іх пільнай увагі. Але, не давяраючы іх вачам, я праверыў усё сам. Што ж, патаемных выхадаў там не было. Абое дзвярэй з пакояў у калідор былі надзейна замкнёныя, ключы ўстаўлены знутры. Звернемся цяпер да дымаходаў. Хоць у ніжняй іх частцы шырыня звычайная, вышэй яны звужаюцца настолькі, што там не пралезе нават больш-менш укормлены кот. Упэўніўшыся, што ўсе згаданыя шляхі для ўцёкаў — абсалютна немагчымыя, нам не застаецца нічога іншага, як звярнуць сваю ўвагу на вокны. Калі б хто паспрабаваў вылезці праз вокны, што ў пакоі ад вуліцы, гэта б адразу заўважылі людзі, што тоўпіліся на вуліцы. Забойцы мусілі ў такім выпадку ўцякаць праз вокны, што выходзяць у двор. Што ж, прыйшоўшы да гэтай высновы шляхам такіх лагічных разважанняў, нам, як прыхільнікам філасофскага падыходу да вышукаў, не варта адмаўляцца ад яе на падставе таго, што здаецца на першы погляд немагчымым.

У спальні двое акон. Адно з іх нічым не застаўлена і відаць зверху данізу. Другое ж унізе закрыта прысунутай упрытык спінкай грувасткага ложка. Першае акно было надзейна зачынена знутры. Усе намаганні падняць яго аказаліся марнымі. Злева ў аконнай раме была знойдзена шырокая дзірка з забітым туды па самую галоўку вялікім цвіком. Калі агледзелі другое акно, дык знайшлі такі самы цвік, які быў гэтак жа забіты ў раму; энергічныя спробы падняць гэта акно таксама аказаліся марнымі. Такім чынам паліцыя цалкам пераканалася, што злачынцы не маглі ўцячы гэтым шляхам, і менавіта таму палічылі за лішняе выцягваць цвікі і адчыняць вокны.

Мае назіранні былі ў пэўнай меры больш уважлівыя, я ўжо тлумачыў чаму. Мне трэба было даказаць, што ўсё тое, што здавалася немагчымым, на самай справе зусім не такое.

Я пачаў разважаць aposteriori[16].

Забойцы, скажам, вылезлі праз адно з тых акон. Калі так, то яны не маглі зачыніць вокны знутры, іх жа знайшлі апушчанымі, — гэта акалічнасць, бо яна была відавочная, спыніла пошукі паліцэйскіх. Усё ж такі рамы былі замкнёныя. У такім разе яны павінны былі зачыняцца аўтаматычна. Ад такой высновы адмовіцца было немагчыма. Я падышоў да свабоднага акна, не без цяжкасці выцягнуў цвік і паспрабаваў падняць раму. Як я і думаў, яна не паддавалася. Тады я зразумеў, што існуе патаемная спружына, і дзякуючы гэтай ідэі я ўпэўніўся, што мае меркаванні, урэшце, былі правільныя, якімі б таямнічымі па-ранейшаму ні здаваліся акалічнасці, звязаныя з цвікамі. У выніку старанных пошукаў тая самая патаемная спружына знайшлася. Я націснуў на яе, задаволены сваёй знаходкай, але абмежаваўся толькі гэтым, не спрабуючы падняць акно.

Я ўставіў цвік назад і ўважліва агледзеў яго. Чалавек, які вылез праз акно, мог звонку апусціць раму, і спружына спрацавала б, але як уставіць цвік назад? Выснова была простая і зноў жа адпавядала ходу маіх даследаванняў. Забойцы павінны былі ўцякаць праз другое акно. Калі меркаваць, што спружыны на кожнай раме былі аднолькавыя, а гэта было верагодна, тады павінна быць розніца паміж цвікамі альбо паміж тым, як яны ўстаўлены ў рамы. Стаўшы на ложак, я зазірнуў за яго спінку, уважліва агледзеў другую раму. Правёў па ёй рукой і адразу ж намацаў спружыну і націснуў на яе. Потым я агледзеў цвік. Ён быў такі ж тоўсты, як і першы, і таксама ўваходзіў у раму амаль па самую галоўку.

Калі ты скажаш, што гэта мяне збянтэжыла, значыць, ты не зразумеў характару індуктыўнага спосабу мыслення. Гаворачы мовай паляўнічых, я ніводнага разу «не згубіў следу». Нюх усё ж мяне не падвёў. Ва ўсім ланцугу разважанняў не знайшлося ніводнага разарванага звяна. Я прайшоўся па ўсім ланцугу — і ў канцы знайшоў цвік. Ён па ўсіх прыкметах быў падобны на свайго калегу ў суседнім акне, але сам гэты факт быў абсалютна нязначны (хоць і здаваўся пераканаўчым) у параўнанні з тым меркаваннем, што якраз тут і можна знайсці ключ да разгадкі таямніцы. «Тут, відаць, нешта не так з цвіком», — падумаў я. Потым дакрануўся да яго, і ў маёй руцэ засталася галоўка цвіка разам з абломкам шпянька даўжынёй паўсантыметра. Астатняя частка цвіка засталася ў дзірцы, дзе ён, відаць, і зламаўся. Злом — даўні (бо на ім паспела з'явіцца ржа) і, відаць, быў вынікам удару малатка, які і заглыбіў уверсе рамы галоўку цвіка. Я асцярожна ўставіў назад выцягнутую частку цвіка, у выніку пачало здавацца, што цвік цэлы, нават без адзінай расколіны. Націскаючы на спружыну, я прыпадняў раму, разам з ёю паднялася і галоўка цвіка, якая моцна трымалася ў дзірцы. Я апусціў акно, і цвік зноў быў падобны на цэлы.