У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлі мурашкі.

— Вар'ят, — усклікнуў я, — гэта справа рук шаленца, які, відаць, уцёк з бліжэйшага вар'яцкага дома.

— У нейкай ступені, — заўважыў Дзюпэн, — твая версія не такая ўжо і недарэчная. Але выкрыкі вар'ята нават у час самых шалёных прыпадкаў непадобныя на гукі таго голасу, што чулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы. У вар'ята ёсць нацыянальнасць, мова. Ён можа вярзці нешта незразумелае, вымаўляючы словы без усялякай сувязі, але захоўваючы тым не менш сувязь паміж складамі. Апрача таго, валасы чалавека, хоць і вар'ята, непадобныя на тыя, што я трымаю ў руцэ. Я выцягнуў гэтую пасмачку са счэпленых у кулак пальцаў мадам Л'Эспанэ. Ну, што ты наконт гэтага скажаш?

— Дзюпэн! — усклікнуў я канчаткова разгублены. — Валасы гэтыя вельмі незвычайныя — яны не чалавечыя!

— А я і не сцвярджаю, што яны чалавечыя, — сказаў Дзюпэн, — але перш чым прыйсці да нейкай высновы, хачу, каб ты зірнуў вось на гэты рысунак, які я намаляваў на паперы. Гэта дакладная ілюстрацыя той часткі сведчання, дзе ішла гаворка пра «чорныя сінякі і глыбокія сляды ад пазногцяў» на шыі мадэмуазель Л'Эспанэ, а таксама і другога сведчання, якое атрымалі ад паноў Дзюма і Эцьена, дзе ішла размова пра «шэраг сініх плям, што відавочна былі слядамі пальцаў».

— Пагадзіся, — працягваў мой прыяцель, распраўляючы перада мной на стале паперу, — што, мяркуючы па рысунку, хватка моцная і ўчэпістая. У ахвяру ўпіліся ўсімі пальцамі і не адпускалі шыю, пакуль нябожчыца не сканала. Паспрабуй зараз адначасова пакласці пальцы на ўсе адпаведныя адбіткі. Паглядзім, як табе гэта ўдасца.

Я паспрабаваў зрабіць так, як сказаў Дзюпэн, але ў мяне нічога не атрымалася.

— Можа, мы робім гэта не так, як трэба, — сказаў Дзюпэн. — Папера ляжыць на роўнай паверхні, чалавечая ж шыя — круглая. Вось палена, прыкладна такога ж радыуса, што і шыя. Абгарні яго паперай з рысункам і паспрабуй правесці эксперымент яшчэ раз.

Я ўсё зрабіў, як ён сказаў, але зрабіць гэта было яшчэ больш цяжка, чым раней.

— Гэта, — сказаў я нарэшце, — адбітак не чалавечай рукі.

— А зараз, — прапанаваў Дзюпэн, — прачытай вось гэты ўрывак з Кюўе[17].

Гэта былі падрабязныя анатамічнае і агульнае апісанні бурага арангутанга, які водзіцца на Ост-Індскіх астравах. Велізарная жывёла, яе неймаверныя моц і спрыт, неўтаймавальная злосць і надзвычайныя здольнасці да пераймання — агульнавядомыя. Я адразу ж зразумеў увесь жах забойства.

— Апісанне пальцаў, — сказаў я, закончыўшы чытанне, — дакладна супадае з рысункам. Цяпер я разумею, што ніякая другая жывёла, акрамя арангутанга, не магла пакінуць такіх адбіткаў, якія ты тут намаляваў. Жмуток рудой поўсці таксама адпавядае апісанню, дадзенаму Кюўе. Але я ніяк не магу зразумець акалічнасцей гэтай жахлівай таямніцы. Да таго ж людзі чулі, як сварыліся два чалавекі, і адзін голас бясспрэчна належаў французу.

— Сапраўды так; і табе запомніўся выраз, які ледзь не ўсе прыпісваюць гэтаму голасу, — «Mon Dieu!». Гэтыя словы, улічваючы абставіны, як справядліва ахарактарызаваў адзін сведка (Мантані, уладальнік крамы), выказвалі пратэст і папрок. Таму менавіта з дапамогай гэтых двух слоў я і спадзяваўся знайсці разгадку да таямніцы. Нейкі француз быў сведкам забойства. Магчыма, і нават больш чым верагодна, ён не вінаваты ў крывавым забойстве. Арангутанг мог ад яго ўцячы. Француз жа, відаць, адшукаў яго ў тым самым пакоі, але ў сумятні, што там узнікла, не здолеў яго злавіць. Малпа па-ранейшаму на волі. Я не хацеў бы падрабязна гаварыць аб сваіх здагадках, бо пакуль не маю права называць іх інакш, таму што хісткія меркаванні, на якіх яны заснаваны, далёка не такія глыбокія, каб я мог канчаткова ўпэўніцца ў іх грунтоўнасці, а таксама таму, што не магу сцвярджаць, што яны будуць пераканаўчымі для іншых. Таму будзем па-ранейшаму называць іх здагадкамі і ставіцца да іх адпаведна. Калі той самы француз, як я спадзяюся, на самай справе не вінаваты ў жорсткім забойстве, дык вось гэта аб'ява, што я занёс учора вечарам па дарозе дадому ў рэдакцыю газеты «Монд», папулярнай сярод маракоў, прывядзе яго да нас.

Дзюпэн даў мне газету, і я прачытаў наступнае:

«Злоўлены — у Булонскім лесе, на досвітку — адпаведнага дня (якраз тады, калі адбылося забойства) вельмі вялікіх памераў буры арангутанг, з тых, што водзяцца на востраве Барнеа, будзе вернуты ўладальніку (згодна са звесткамі матросу мальтыйскага судна) пры ўмове дастатковых доказаў прыналежнасці яму жывёлы і кампенсацыі выдаткаў, звязаных з яе лоўляй і ўтрыманнем. Звяртацца па адрасе: дом No… па вуліцы… у Сен-Жэрменскім прадмесці, спытаць на трэцім паверсе».

— Як гэта, — спытаў я, — ты даведаўся, што гэты чалавек — матрос, ды яшчэ з мальтыйскага судна?

— Я гэтага не ведаю, — адказаў Дзюпэн. — І не ўпэўнены ў гэтым. Але вось кавалачак стужкі, якім, калі меркаваць па знешнім выглядзе і зашмальцаванасці, відавочна завязвалі валасы, queues[18], якія так падабаюцца матросам.