Такім чынам, гэтая частка загадкі была разгадана. Забойца ўцёк праз акно, якое было застаўлена ложкам. Калі ён вылез, рама апусцілася сама па сабе (альбо яе зачынілі спецыяльна) і замкнулася спружынай, паліцэйскія ж падумалі, што акно забіта цвіком і палічылі далейшае расследаванне немэтазгодным.

Наступнае пытанне — як злачынца спусціўся ўніз. Тут мяне задаволіла наша прагулка вакол будынка. Прыкладна за паўтара метра ад згаданага акна — громаадвод. Дацягнуцца праз такую адлегласць да акна, а тым болей залезці праз яго — немагчыма. Аднак я заўважыў, што аканіцы на пятым паверсе былі асаблівыя — парыжскія цесляры называюць іх ferrades, — яны даўно выйшлі з моды, але іх часта яшчэ можна ўбачыць на старадаўніх асабняках дзе-небудзь у Ліёне альбо ў Бардо. Яны па форме нагадваюць дзверы (звычайныя, аднастворкавыя), з адной толькі розніцай, што ў ніжняй частцы рашотка, і таму за яе зручна брацца рукамі. У доме мадам Л'Эспанэ шырыня аканіц — крыху больш за метр. Калі мы бачылі іх са двара, яны былі напалову адчыненыя — гэта значыць былі перпендыкулярна сцяне. Відавочна, паліцэйскія, як і я, аглядалі дом са двара, але, гледзячы на гэтыя ferrades у папярочным разрэзе (а я ўпэўнены, што так і было), яны не ўсвядомілі, наколькі тыя былі шырокія ці, ва ўсякім разе, не надалі гэтаму належнай увагі. Карацей кажучы, упэўніўшыся, што злачынцы не маглі вылезці праз акно, яны, вядома, абмежаваліся вельмі павярхоўным аглядам. Я ж зразумеў, што калі аканіцу акна, застаўленага ложкам, расчыніць да самай сцяны, дык адлегласць паміж ёю і громаадводам будзе крыху больш за паўметра. Было таксама відавочна, што дзякуючы выключнай смеласці і спрыту можна было пералезці з громаадвода ў акно. Выцягнуўшы руку на восемдзесят сантыметраў, пры ўмове, што аканіца была адчынена насцеж, рабаўнік, відаць, ухапіўся за рашотку. Адпусціўшы потым громаадвод і ўпёршыся нагамі ў сцяну, ён мог адпіхнуцца і зачыніць аканіцу, а калі акно ў той час было адчынена, то і апынуцца ў пакоі.

Заўваж, што я гаварыў пра выключны спрыт, як абавязковую ўмову поспеху ў такім рызыкоўным і цяжкім учынку. Я маю намер даказаць, што, па-першае, здзейсніць такое было магчыма, а па-другое, — і гэта самае галоўнае, — хачу, каб ты ўявіў сабе, якую надзвычайную, амаль звышнатуральную спрытнасць трэба мець, каб зрабіць такі скачок.

Ты, вядома, скажаш, карыстаючыся юрыдычным лексіконам, што, каб «забяспечыць пераканаўчыя доказы, я павінен хутчэй утойваць, чым прызнаваць у поўнай меры спрытнасць, неабходную ў дадзеным выпадку». Такая практыка, можа, прыдатная да юрыспрудэнцыі, але толькі не да аналітычных разважанняў. Мая канчатковая мэта — ісціна. Бліжэйшая задача — даць табе магчымасць супаставіць надзвычайную спрытнасць, пра якую я толькі што гаварыў, з вельмі своеасаблівым пранізлівым (альбо рэзкім) голасам і невыразнай гаворкай чалавека, аб нацыянальнасці якога не знайшлося нават двух аднолькавых меркаванняў і які гаварыў так, што нельга было разабраць ніводнага складу.

Пры гэтых словах у маёй галаве мільганула нейкая яшчэ зусім цьмяная здагадка наконт таго, пра што гаварыў Дзюпэн. Здавалася, вось-вось, і я ўсё зразумею. Так часам чалавеку здаецца, што ён зараз нешта ўспомніць, але ўрэшце ўсе намаганні застаюцца марнымі. Між тым мой прыяцель працягваў:

— Як бачыш, я раблю цяпер націск не на пытанні аб тым, як забойца ўцёк з дому, а як ён там апынуўся. Мне хацелася, каб ты ўсвядоміў, што і тое і другое было здзейснена адным і тым жа шляхам і ў адным і тым жа месцы. А зараз вернемся ў пакой. Што мы там убачылі? Як паведамлялася ў газетах, шуфляды камоды былі перарыты, хоць многія рэчы засталіся на сваіх месцах. Такое заключэнне з'яўляецца абсурдным. Яно не больш чым меркаванне, ды і то — не вельмі разумнае. Адкуль мы можам ведаць, што там было раней, можа, у шуфлядах і не было нічога, акрамя знойдзеных рэчаў? Мадам Л'Эспанэ і яе дачка жылі вельмі адасоблена, нікога не прымалі і рэдка выходзілі на людзі — у іх не было патрэбы часта мяняць уборы. Убранні, якія знайшлі, ва ўсякім разе, не самыя горшыя, што маглі мець гэтыя пані. Калі злодзей паквапіўся на адзенне, дык чаму ён не ўзяў самых лепшых рэчаў — чаму не захапіў з сабой усяго. Да таго ж, калі ён спакусіўся жаночай бялізнай, чаму ён адмовіўся ад чатырох тысяч франкаў золатам? Бо золата ж засталося ў пакоі. Суму, згаданую месье Міньё, банкірам, амаль некранутай знайшлі ў мяшэчках, што ляжалі на падлозе. Таму я хачу, каб ты выкінуў з галавы памылковае меркаванне аб матывах забойства, якія ўзніклі ў паліцэйскіх галовах на падставе той часткі сведчанняў, у якой ішла размова пра дастаўленыя на дом грошы. Супадзенні, у дзесяць разоў больш здзіўляючыя, чым дастаўка грошай, а потым забойства праз тры дні пасля атрымання іх кліентам, здараюцца кожную гадзіну на працягу ўсяго нашага жыцця, мы іх нават не заўважаем. Супадзенні — гэта наогул вялікая перашкода на шляху тых філосафаў, адукацыя якіх не прадугледжвала знаёмства з тэорыяй верагоднасці — той самай тэорыі, якой найбольш слаўныя аб'екты чалавечых даследаванняў абавязаны сваёй не менш слаўнам ілюстрацыяй. Вядома, калі б у дадзеным выпадку золата знікла, да таго факта, што яго прынеслі за тры дні да забойства, ставіліся б як да чагосьці больш значнага, чым простае супадзенне. Гэты факт пацвердзіў бы менавіта такую версію матыву забойства. Але калі з улікам рэальных акалічнасцей справы мы будзем лічыць золата матывам гэтага гвалтоўнага злачынства, то павінны пагадзіцца з тым, што злачынца быў настолькі нерашучы і настолькі дурны, што забыўся і пра золата, і пра тое, дзеля чаго ён усё гэта зрабіў.

Цвёрда памятаючы пра тыя акалічнасці, на якія я звярнуў тваю ўвагу: своеасаблівы голас, надзвычайную спрытнасць і незразумелую адсутнасць матыву ў такім неверагодна жорсткім забойстве, — зноў звернемся да жудаснай карціны злачынства. Вось ахвяра, якую задушылі голымі рукамі і запхнулі ў дымаход уніз галавой. Звычайныя злачынцы так не забіваюць. І ва ўсякім разе не хаваюць трупаў забітых. Пагадзіся, у тым, што труп заціснулі ў дымаход, ёсць нешта больш чым ненатуральнае — гэта ніякім чынам не адпавядае нашым уяўленням пра чалавечыя ўчынкі, калі нават і ўявіць, што дзейнічалі канчаткова дэградыраваныя тыпы. Уяві сабе, якую трэба мець сілу, каб запхнуць труп у дымаход — знізу ўверх, што некалькі мужчын агульнымі намаганнямі ледзь выцягнулі яго адтуль — зверху ўніз.

Звярні ўвагу і на іншыя праявы гэтай неверагоднай сілы. На каміне знайшлі тоўстыя пасмы — вельмі тоўстыя — сівых чалавечых валасоў. Іх павыдзіралі з каранямі. Ты ўяўляеш, колькі трэба сілы, каб вырваць вось так з галавы адразу дваццаць або трыццаць валасоў! Ты ж, як і я, бачыў тыя пасмы. На каранях — жудаснае відовішча! — запякліся кавалкі скуры, паздзіранай з галавы — доказ той неймавернай сілы, з якой адным махам вырвалі з каранямі, відаць, паўмільёна валасоў. Горла старой не проста перарэзалі — адсеклі галаву, а ў руках забойцы была звычайная брытва. Звярні таксама ўвагу на звярыную жорсткасць злачынства. Я не гавару ўжо пра сінякі на целе мадам Л'Эспанэ. Месье Дзюма і яго шаноўны калега месье Эцьен лічаць іх вынікам удараў нейкай тупой зброяй, і трэба сказаць, панове маюць рацыю. Тупой зброяй, цяпер гэта ўжо відавочна, быў брук, на якім аказалася мадам Л'Эспанэ, калі вывалілася з акна, застаўленага ложкам. Аднак гэта ідэя, якая, хоць і здаецца цяпер вельмі простай, не прыйшла ў галаву паліцэйскім, яны не звярнулі ўвагі на шырыню аканіц — і гэта таму, што праз тыя самыя цвікі канчаткова атрафіраваліся ўсе іх здольнасці думаць і такім чынам пагадзіцца з магчымасцю таго, што вокны ўсё ж маглі адчыняцца.

Калі цяпер яшчэ і ўважліва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальні, застаецца толькі супаставіць неймаверны спрыт, нечалавечую сілу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неверагодную жахлівасць зусім не ўласцівых чалавеку паводзін і незразумеласць інтанацыі голасу людзям самых розных нацыянальнасцей, якія не змаглі разабраць не тое што ніводнага слова, але нават складу. Што ж вынікае з усяго гэтага? Які вобраз я стварыў у тваім уяўленні?