Кароль абвёў вачыма паліцы: на ніжняй стаялі адны чорныя бутэлькі.

— А свянцонае няма?

— Сёння і без яе не вытрываць, варыць, што ў печы,— азвалася не прадаўшчыца, а некаторая з чаргі.

— Толькі віно.

— I на памін душы?

— Я ж кажу — толькі віно! — крыкнула цераз баб прадаўшчыца.

Ён падняў вочы — на верхняй паліцы, пад столлю, над ходзікамі з зялёнымі шышкамі-гірамі, стаялі кірзавыя боты. Падумаў, што на восень трэба было б купіць.

— А там каля бальніцы ў «орсаўскім» яе колькі хочаш, я нат узяў,— голас нападобе быў як Восіпаў. Кароль скалануўся, бытта за пазуху кінулі жабу.— Я ж толькі адтуль,— гаварыў ён, Восіп, але Кароль не абярнуўся, глядзеў на паліцу.— Выняў спраўку.

— I няўжо будзеш судзіцца? — Кароль глянуў цераз плячо. Восіп ужо быў перабінтаваны, верхняя губа раздулася, як укусіла аса, на кончыку вуха лушчылася запечаная кроў — добра не абмылі.

— Казалі, год-два мецьме.

Кароль пайшоў уздоўж прылаўка, усё цікуючы на паліцы, знарок, каб не глядзець на Восіпа.

— То можа падвязеш? — Восіпаў голас засціг яго на парозе.

— Я ж толькі з дому, — ужо знадворку змахляваў Кароль і так і не абярнуўся, выйшаў з магазіна.

Конь падбіраў сена, пад возам грабліся куры. Кароль зняў з частаколіны лейцы і выкіраваў каня на сярэдзіну вуліцы.

За магазінам кончыўся асфальт, пайшоў брук — воз ляскаў і калаціўся, у Караля аж казытала ў вушах.

Пахла смаловым карчом — курыўся, як куча свежага гною каля хлява ўвосень, ссыпаны горбаю асфальт. Залівалі ходнікі, уздоўж плота было насыпана бітае каменне. Цыган, без рубашкі, у рукавіцах, спечаны на сонцы, стаяў на каленях і рассоўваў дошкаю чорную горбу. Другі — без шапкі, русавы, з завушніцай у вуху — сядзеў у цяньку пад плотам, трымаў між каленяў збанок, бразгаў у ім лыжкаю — палуднаваў.

«Нябось, і іх цягне на сваё...» — падумаў Кароль пра цыганоў і ўспомніў, як вайною стаялі іхнія абедзве пустыя хаты — акурат дзе цяпер сталоўка. Нехта павысаджваў у вокнах рамы і разбіраў столь: адтуль вісела, зачапіўшыся рукавом за цвік на гарышчы, старая адзежа. Здалёк выдавала, як хто павесіўся. Цыганскія хаты прадаваліся, і нат сходна, і нехта, мусіць, купіў, а ён, Кароль, рабіў сваю, хоць з маладнічыны — яшчэ стаяў гектар пасажнага жончынага лесу. Цягаў на плячах — конь быў потым: немцы кінулі каля вёскі кульгавую бельгійскую кабылу. Тады яшчэ быў дужы, хоць якое там было дзерава — жэрдкі. Але буду зляпіў, абы выбрацца з мястэчка. Немцы выганялі з казённых дамоў.

Ззаду затрубіў аўтобус, Кароль з’ехаў убок і забыўся, пра што думаў.

Аўтобус дыхнуў скразняком і, асядаючы на запырсканы зад, скіраваў на прыпынак. Там зафыркаў, стрэліў сінім дымком і сціх. Прывёз адных баб. Адкуль яны толькі браліся — сыпаліся праз двое дзвярэй, і канца не было.

Кароль пазнаў толькі адну, у чорным сачыку, у сіняй суконнай спадніцы з белым шляком — тарціярку[2] што некалі таварышкавала з жонкаю. Яшчэ вот жыве, а яго даўно зямлю парыць. Памерла недзе ў Польшчы, аж каля Лягніцы, летась, у такую пару — перад жнівом. Дачка дала «ціліграму», але ён так і не сабраўся: усё думалася — пакуль вырабіш той дакумент на выезд, пакуль даедзеш. Але адзін бог рассудзіць. Дурны быў — на зямлю пагнаўся, браў старэйшую за сябе на дванаццаць год. А яна і тыцкала гэтай зямлёю. А потым, як прыйшлі нашы, усё баялася калгасаў. Ездзіла ў Гродна, вазіла нямецкую рудую паперку, што складвалася надвое і дзе была яе картачка і адціснуты ўмазаны ў чарніла палец.    Гаварыла, што яна палячка. Хоць напісала на гэтай паперцы сама.

А тады, як ехалі людзі ў Польшчу, ён завёз яе сюды на вакзал, а сам з канём вярнуўся дадому.

А куды ехаць — ад свайго не ўцячэш. Кажуць, добра там, дзе нас няма.

— Ну, кудэю ж ты едзеш?

Кароль падняў галаву: конь ішоў каля самага плота, знайшоў мякчэйшае сам — не наравіў брук.

Чалавек з новаю касою, абкручанаю анучаю, сышоў з ходніка на сярэдзіну вуліцы. Кароль тузануў левую лейчыну, конь спатыкнуўся і збіўся з хады. Воз затросся на бруку. У Караля нешта павярнулася ў грудзях, парнула, што швайкаю, і не адпусціла. «Трэба паказацца дохтару»,— Кароль сагнуўся, прыціснуў рукамі грудзі і падкурчыў ногі. Трохі адлягло.

За пераездам кончыўся брук: па драбінках сек шротам сыры пясок. Воз перастала трасці — Каралю палепшала. Пах жвір з пустое вуліцы і аднекуль дым, моцны і горкі. Мусіць, недзе на вакзале тлеў вугаль. I гудзеў матавоз, як вецер у пустую бутэльку,— ціха, аж не чуваць, бо далекавата.

Кароль быў ужо ў канцы мястэчка.

Хаты стаялі на адзін бок вуліцы, і ў некага на надворку зелянеў загон позняга жыта — выплываў толькі колас. Нехта сеяў ярыцу.

Вуліца звузела, як хто яе чым перавязаў. Мястэчка кончылася, толькі слупы пабеглі далей, сценкаю між аўсом і нізкім жоўтым лубінам.

Сценка ішла на груд. Было відаць хату — саламяны лоб страхі, як крылі даўней і не рабілі шчыта. Там недзе яхкаў сабака. Пачыналіся Ятранскія хутары — да вёскі была яшчэ добрая вярста. Крычала ўжо кнігаўка, падала ў адное месца над лубінам — за хатаю было балотца. Рыпелі гужы на аглоблях, як сухастоіна ў лесе, шоргала рэхва на задняй восі аб калодку, мякка ступаў конь, але Кароль не чуў — яму зноў спамянуўся Восіп. Тае пары, як ён, Кароль, стаў конюхам, а Восіп — брыгадзірам.

Кароль тады быў адзін на дзесяцёра коней і даглядаў не горш як цяперашнія ўдвох — конюх з памочнікам. Тады ў Ятры і канюшні не было — коні стаялі ў Каралёвым гумне.

Зіма ў той год лягла на пакровы. Пасля каляд мароз стаяў, як звер, не адпускала нешта да самага благавешчання. Коні пасля ночы стаялі ссівераўшы, што ссыпаныя снегам. Адзін і зайшоўся, маладзенькі: кашляў і чах даўно. Кароль нат гарнікам[3] яго паіў. Казаў і Восіпу, каб выпатрабаваў з раёна ветэрынара — мо паглядзеў бы. Але Восіп усё мок у гарэлцы.

А тады прывёў старшыню з участковым і кажа: «Тарасавіч, не карміў, глядзеў толькі свайго». А гэты Тарасавіч быў старшынёю (цяпер недзе ў раён пераехаў), аднекуль з-пад Гомеля ці што, і ўсё маўчаў, як гэта не да яго. Хоць папраўдзе Кароль «свайму» даваў больш: жарабок ад тае бельгійскае кабылы быў як гара, хіба ж яму дасі менш. Але тады злыдзень пад’юшчыў: як трымаў Кароль вобруць у руках, так і сперазаў Восіпу па галаве — на брыве ў таго нахапіўся гуз велічынёю з арэх.