Можа, судзілі б, ды ўважылі па гадах — знялі толькі з конюха. А жарабка прадалі сюды, да Красоцкага. Восіп не папусціўся. Дома стала не ўседзець. Балазе Красоцкаму трэба быў яшчэ адзін анучнік — падраіў і замовіў слова Бортнік. А на конюха Восіп прывёў свайго швагра з Літаварцаў. А цяпер б’ецца з ім — нешта не падзялілі. Яшчэ і ў турму аддасць — на руках мае спраўку.

У Караля зноў пацяжэла ў грудзях, у роце сушыла, млявіла ўсяго, як ад гарачыні. Сонца стаяла жоўтае, у смузе. Падпарвала — яшчэ раз на дождж. Сценка ішла картоплямі: у глыбокіх разорах гуслі, што кісель, лужыны.

Паказалася вёска — першыя на грудках хаты і цёмныя напроці сонца дрэвы. Было знаць жыта, белае перад вёскаю — падгарэла. У гародах, нагнуўшыся, стаялі бабы: палолі зелле, кожная ў сваім, але Кароль іх ужо недабачваў.

Сценка спусцілася з груда, і было відаць балотца: гнуліся ў адзін бок і густа блішчалі сівізною вербы. Вецер хіліў асаку, як хто вялікі па ёй качаўся.

Над сценкаю снавалі ластаўкі, кідаліся над Каралём угору і, здаецца, сціналіся ў камяк ад вострага піску.

Конь слізгаўся па кіслай гразі, гразь пухкала і цягнулася за капытамі, як выхаджанае цеста. Пачалася лагчынка.

Пад жыта было сушэй, ад пяску, што нанясло ўвесну; па ім займалася рэдкая, без соку, што ў картаплянай яме, трава. Пры жыце за калючым дротам нехта выйшаў пракос, прэла нерастрэсенае сена. У жыце яшчэ трымалася раса, зіхацела зеленаватай чырванню на падпаленых асцюках і сухаватым пер’і.

За атосы чапляліся каласы, сцябло пэнкала, аж звінела — каласы падляталі ўгору і падалі на каня. Конь туліў вушы і касіў галавою назад. Жыта стаяла лаваю — высокае, тоўстае ў сцябле, што троснік, хоць барану стаўляй. Дзе-нідзе палягло.

Кароль выцягнуў руку, злавіў саломіну, у кулаку астаўся колас — сашмаргнуўся. Колас пах блышчыцаю — мусіць, сядзела на ім. Кароль вылушчыў зерне, укінуў у рот і доўга лавіў на зуб. Зерне было мяккае і саладжавае — з малаком.

«Яшчэ не налілося, а тыдні два будзе спець. Яшчэ не скора жаць»,— падумаў Кароль, узіраючыся на жыта, далей ад балотца ўжо нізкае і рэдкае, зблізку жоўтае ад румянку. Вецер хадзіў перагонамі, жыта шумела — паднімалася і аціхала. Варушыліся толькі каласы. Жыта было як вада ў рэчцы: не слухаеш — не чуваць. I каля жыта рабілася свежа на душы, як каля вады.

На паўмежку ў рудым цвёрдым быльніку ляжаў камень. Ціха, як злодзей, з яго паплыў каршун, лена махнуў крыллямі. Згледзеўшы яго, недзе закрычала ўгары і завілася варона. Камень здаваўся такі самы стары, як і многа год назад; і стаяла на паўмежку пераспелая мятліца і пруткае сцябло быльніку — каля каменя адны чаранкі: нехта ламаў быльнік на венікі. А далей за каменем на паўмежку цвіла шыпшына — лінялі і асыпаліся кветкі. Гэтак як і тады, калі Кароль меў тут на мяжы бежанку. I тады стаяла тут рэдкае, жоўтае ад румянку жыта, і вецер хадзіў перагонамі — жыта шастала, і яго было не чуваць, калі звыкнешся і не слухаеш. На шыпшыне ліняў і асыпаўся цвет — самая цёплая пара лета.

Недзе пад Варонежам тым годам стаяла суш: бежанцы ехалі ўсё сюды, за імі было не прабіцца. Кароль і сам не помніць, чаго быў тады на вакзале. Стаяў на пероне. Тады да Караля і падышла яна, босая, высакаватая, трымаючы на голай руцэ сачык, у другой — цыратовую сумку, на якой лушчылася фарба. Адзежа на ёй была чыстая, як не ў бежанкі. Толькі па гутарцы Кароль пазнаў, што яна не тутэйшая, а прыгледзеўшыся ўбачыў, што і тварам не гэтакая — круглейшая, і рот малы. I трохі жаўтлявая: у вачах чэз бляск. Казала, тры дні нічога не ела. Кароль завёў яе тады да Бортніка, накарміў, у вёску яны прыйшлі — хілілася на вечар. Але нанач яна не асталася.

— А можа жыцьмем разам? — ён тады яе панаравіў, як не панаравіў нікога.

— Ніж ты не знойдзеш? — яна нават стала жартаваць і чапаць яго сама.

I Каралю зноў спамянулася ўсё брыдкае і маладое. I той надвячорак, і мяжа з цвёрдым быльнікам, і шэпт жыта, і змораная здаровая яснасць, бытта абнавіўся свет пасля гэтага.

А шарай гадзінай ён запрог каня, скінуў на воз мех жытняе мукі, торбу ячнае шатраванкі і паехаў з ёю ў мястэчка — павёз на станцыю.

Тае ночы не спаў: перад вачыма стаяла мяжа з быльнікам і шастала высокае, як троснік, жыта. У хляве грукаў конь, і Кароль уставаў і ішоў глядзець, ці не падвярнуўся. Слухаў, як нізка шумеў, аціхаючы за мястэчкам, цягнік, думаў, што недзе там едзе яна, і варочаўся ў хату.

А потым нешта з год кожная маладзіца падавалася бежанкаю — Кароль аж стаў баяцца. З часам страх ачах і выветрыўся, як попел. А бежанка ўсё помнілася, помнілася жыта і мяжа ў цвёрдым быльніку. Перад вачыма варушыліся каласы, во гэтаксама — не ад ветру, а ад ценжару, і шапацелі, як шапацяць мурашкі, калі зачэпіш іхняе гняздо.

Кароль прыслухаўся: у жыце круціўся віхор, угары вілася салома і чорная, ці не ад вароны, перына. Шастала і трашчала сцяблом жыта. Было чуваць, як ступаў па чорствым, прышэрхлым пяску конь, як церла аб ляску задняе кола, як скрыгатала дзе аб камень шына.